Партыя БНФ » Сябра БНФ Аляксандр Ільінец распавёў пра ўмовы адбыцьця адміністрацыйнага арышту ў Віцебску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра БНФ Аляксандр Ільінец распавёў пра ўмовы адбыцьця адміністрацыйнага арышту ў Віцебску

Дададзена 18.05.2020 12:03:13 | 592 праглядаў

Дзяржава цягам двух тыдняў напярэдадні выбараў затрымала больш за сто чалавек. Нядаўна арыштаваныя падзяліліся з «Белсатам» уражаннямі – пра ўмовы адбыцьця адміністратыўнага арышту распавядае актывіст БНФ з Віцебску

Аляксандр ІльінецАляксандр Ільінец родам з Віцебску. Ад 2006 года мужчына — сябра партыі БНФ. Ён перыядычна ўдзельнічае ў віцебскіх акцыях, атрымоўваў некалькі штрафаў ці папярэджанняў. Але адміністрацыйны арышт для яго стаўся першым.

Мужчыну затрымалі ў пятніцу 8 траўня: міліцыя патэлефанавала яму і папрасіла прыйсці на размову. Ён прыгадвае, што праз навіны аб затрыманнях па ўсёй краіне, рыхтаваўся да горшага.

«Я ў іх адразу запытаў, ці браць мне з сабою рэчы. Сказалі, каб узяў на ўсялякі выпадак. Я меў з сабою стандартны набор на содні: мыла, зубную шчотку, цёплыя рэчы».

Пасля допыту і складання пратаколу ў РАУС, дзе вялося пра адказнасць за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім, мужчыну адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на ўсе выходныя. Гэта яго абурыла больш за рэшту.

«Мне маглі сказаць, каб я прыйшоў пад распіску, адпусціць і даць тыя ж содні ў панядзелак! Але навошта на ўсе выходныя пакідаць», – злуецца мужчына.

Не далі паведаміць сваякам

Умовы ў ізалятары, кажа, былі жудасныя: першыя тры дні Аляксандр у прамым сэнсе дыхаў мачой, бруднымі шкарпэткамі і папяросамі. Туалет у ізалятары знаходзіцца адразу ў камеры, ён нічым не агароджаны і не адрозніваецца чысцінёю. З-за стрэсу першы час ён не еў і не піў. Увечары пасля 9 траўня Аляксандра перавялі ў адзіночную камеру.

«Я спачатку ўсцешыўся, падумаў, што зараз адпачну. Але міліцыянты ўначы пачалі кожную гадзіну прыводзіць да мяне ў камеру затрыманых п’яных людзей. Не было як спаць…» – распавядае ён.

Затрыманаму не далі магчымасці паведаміць блізкім, дзе ён знаходзіцца. Ён атрымаў толькі адну перадачу – ад знаёмага Алега Баразны, які зараз чакае на ўласны прысуд.

«Ужо 21 стагоддзе, а такія ўмовы! Трэба да людзей значна больш гуманна ставіцца. Ну няхай перапіў крыху чалавек, але чаго ў такія ўмовы заганяць? Не магу зразумець», – абураецца актывіст.

На волю ён выйшаў 13 траўня. Прызнаецца, што яшчэ не можа надыхацца свежым паветрам. Кажа, што пасля вяртання з содняў, змянілася стаўленне людзей.

«Раней у мяне было шмат знаёмых. Пыталі, як я сябе пачуваюся, часта сустракаліся. А пасля содняў – нават не тэлефануюць, не пытаюць, як я. Баяцца, што і на іх падумаюць, што яны актывісты. Уявіце, што будуць думаць іншыя!».

Паводле тэлеканалу Белсат

Ліпень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.