Партыя БНФ » Віцебская абласная выбарчая камісія сфармаваная: Смолікаў – увайшоў, Левінаў – не
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Віцебская абласная выбарчая камісія сфармаваная: Смолікаў – увайшоў, Левінаў – не

Дададзена 19.05.2020 7:41:31 | 306 праглядаў

У аўторак 19 траўня на сумесным паседжаньні Віцебскага аблвыканкаму і абласнога Савету дэпутатаў была ўтвораная Віцебская абласная выбарчая камісія па выбарах прэзыдэнта краіны. У складзе камісіі – 7 прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, 4 чалавекі ад партый, 2 – вылучаныя грамадзянамі.

Паводле рашэньня ўладаў, у камісіі з 16 прэтэндэнтаў былі прызначаныя 13 чалавек. Гэта максымальная колькасьць, дазволеная дзейным заканадаўствам. У склад камісіі ўвайшлі сябры палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў і груп выбарцаў.

Адметная асаблівасьць ўтворанай камісіі: у ёй ня будуць прадстаўленыя працоўныя калектывы, якія, па інфармацыі старшыні Віцебскага аблсавету Уладзімера Цярэнцьева, адмовіліся выстаўляць сваіх кандыдатаў з прычыны складанай эпідэміялягічнай сытуацыі ў рэгіёне.

Ня ўсе прадстаўнікі палітычных партый, якія вылучалі сваіх кандыдатаў у сябры віцебскай абласной выбарчай камісіі, будуць працаваць у ёй.

За бортам, у прыватнасьці, апынуўся прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алег Філеня. Улады палічылі, што палітык не гатовы працаваць у камісіі, бо зрабіў памылкі ў падатковай дэклярацыі пры спробе стаць кандыдатам у дэпутаты парлямэнту ў 2019 годзе.

Іншыя апазыцыйныя партыі, якія традыцыйна змагаюцца за сяброўства ў камісіі, а менавіта Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» і Абʼяднаная грамадзянская партыя, гэтым разам не вылучалі сваіх кандыдатаў у абласную выбарчую камісію.

Улады станоўча ацанілі колішнія заслугі ў падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў такіх абласных партыйных структур, як Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці.

У склад уключылі кіраўніка абласной арганізацыі БНФ

Было нечаканасьцю, што ў лік сябраў Віцебскай абласной выбарчай камісіі ўвайшоў абласны кіраўнік апазыцыйнай да дзейнага палітычнаму рэжыму Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў.3

Але цалкам чакана было і тое, што ў склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі не ўключылі прадстаўніка Рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Паўла Левінава. Яшчэ падчас ягонай працы ў камісіі на нядаўніх выбарах дэпутатаў парлямэнту з боку кіраўніцтва акруговых камісій і віцебскай абласной камісіі ў дачыненьні Левінава выказваліся не заўсёды абгрунтаваныя прэтэнзіі, зьвязаныя зь яго эксцэнтрычнымі паводзінамі. Пры гэтым усе прызнавалі, што Павал Левінаў дасканала ведае выбарчае заканадаўства і ня можа мірыцца зь любымі парушэньнямі нормаў закону і права.

У склад Віцебскай абласной выбарчай камісіі увайшлі прадстаўнікі сямі грамадзкіх абʼяднаньняў, якія ня маюць ускосных дачыненьняў да палітыкі, але па волі чыноўнікаў з аблвыканкаму і аблсавету атрымалі максымальнае прадстаўніцтва ў камісіях. Гэта прадстаўнікі РГА «Белая Русь», БРСМ, Беларускага саюзу жанчын, Фонду Міру, прафэсійных саюзаў і арганізацый вэтэранаў.

У цэлым фармаваньне Віцебскай абласной выбарчай камісіі прайшло ў адпаведнасьці з патрабаваньнем дзейнага выбарчага кодэксу. Тым ня менш, прытрымліваньне фармальных патрабаваньняў закону дазволіла ўладам сфармаваць камісію з тых людзей, якія праз тры месяцы мусяць даць жаданы для іх электаральны вынік.

Першае паседжаньне выбарчай камісіі заплянаванае на 21 траўня.

Леанід Сьвецік, рэгіянальны сайт “Віцебская вясна”

Чэрвень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.