Партыя БНФ » БНФ абскарджвае ў судзе неўключэньне ў тэрытарыяльныя камісіі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ абскарджвае ў судзе неўключэньне ў тэрытарыяльныя камісіі

Дададзена 22.05.2020 11:15:56 | 692 праглядаў

Мінскія гарадскія структуры Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” падалі скаргі ў Мінскі гарадзкі суд з мэтай аспрэчыць рашэньні аб неўключэньні прадстаўнікоў партыі ў склад тэрытарыяльных выбарчых у сталіцы.

Менскі гарадзкі судАгулам ад БНФ у тэрытарыяльныя камісіі ў Мінску былі вылучаныя тры чалавекі: Зьміцер Касьпяровіч і Юрый Чавусаў ў Мінскую гарадзкую камісію і Андрэй Церашкоў у Цэнтральную раённую камісію. Аднак, 19 траўня сумесным рашэньнем прэзыдыюму Мінгарсавета і Мінгарвыканкама прадстаўнікам БНФ было адмоўлена ва ўключэньні ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій. Увогуле, ніводнага прадстаўніка апазыцыі ў тэрытарыяльных камісіях не будзе (апроч БНФ вылучаліся яшчэ і прадстаўнікі БСДП “Грамада”, якім таксама адмовілі).

Разгляд скаргі Партыі БНФ на фармаваньне тэрытарыяльных камісій прызначаны ў Мінскім гарадскім судзе 22 траўня, на 16.00 (вул. Дуніна-Марцінкевіча 1/3, заля №8). Інтарэсы партыі ў судзе будзе прадстаўляць сябра Сойму Юрый Чавусаў.

Партыя БНФ сьцьвярджае, што неўключэньнем у склад камісіяў прадстаўнікоў партыі ўлады парушылі правы Партыі БНФ на ўдзел у выбарах, гарантаваныя часткай 1 арт. 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях”.  Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса, суды павінныя разгледзець скаргі на фармаваньне выбарчых камісіяў цягам трох дзён.

Як паведамляе намесьнік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін, па ўсёй краіне ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі было вылучана больш за дзесятак сябраў БНФ, аднак толькі аднаго прадстаўніка партыі ўключылі ў Віцебскую абласную выбарчую камісію:

“Сябры БНФ вылучаліся рознымі шляхамі – ад мясцовых структур партыі БНФ, ад структур Грамадзкага аб’яднаньня БНФ, альбо зборам подпісам – там дзе няма зарэгістраваных аддзяленьняў. Агулам было вылучана больш за дзесятак чалавек, але паўсль мы сутыкнуліся з адмовамі – не толькі ў Мінску, але i ў Слоніме, і ў Гародні, у Бярозе, у іншых гарадах. Уключылі ў камісію толькі кіраўніка Віцебскай арганізацыі Кастуся Смолікава, у Віцебскую абласную камісію. У адрозьненьне ад БНФ, вылучэнцы ад лаяльных уладам арганізацыяў уключаныя ў камісіі амаль на сто адсоткаў. Такім чынам выбары адбудуцца ў беспрэцыдэнтна закрытым ад грамадзкасьці рэжыме. Пры такіх абставінах мы ня можам давяраць працы камісіяў, якія сфармаваныя ў складзе, цалкам падкантрольным выканаўчай уладзе”.

Агулам па ўсёй краіне ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі патрапілі толькі два прадстаўніка апазыцыі – па адным ад БНФ і БСДП “Грамада”.

Як адзначае намесьнік старшыні БНФ Зьміцер Салошкін, татальная зачыстка тэрытарыяльных камісій ад апазыцыі зьвязаная з памкненьнем недапусьціць зьнешняга кантролю за працэсам праверкі подпісаў, сабраных за вылучэньне кандыдатаў:

“Відавочна, што цікаўнасьці выбаршчыкаў да гэтых выбараў няма, а ва ўмовах пандэміі COVID19 людзи папросту будуць пазьбягаць залішних сацыяльных кантактаў, у тым ліку дыстанцыявацца ад зборшчыкаў подпісаў. БНФ перакананы, што пры такіх умовах паўнавартаснае вылучэньне кандыдатаў немагчымае” – сказаў Зьміцер Салошкін.

Screenshot_2020-05-22 stat3 pdf

 

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.