Партыя БНФ » Cумленныя выбары не могуць адбыцца ў атмасфэры рэпрэсіяў і запалохваньня
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Cумленныя выбары не могуць адбыцца ў атмасфэры рэпрэсіяў і запалохваньня

Дададзена 12.06.2020 11:31:20 | 2,052 праглядаў

Свабодныя і сумленныя выбары не могуць адбыцца ў атмасфэры рэпрэсіяў і запалохваньня

Палітычная заява Партыі БНФ

12 чэрвеня 2020 году

бнф logo

Бягучыя палітычныя падзеі ў Беларусі выклікаюць вялікую заклапочанасьць і трывогу. Разам з ігнараваньнем небясьпекаў для беларускага народу, якія нясе правядзеньне выбараў падчас пашырэння каранавіруснай інфэкцыі, улады ігнаруюць нават мінімальныя нормы права, маралі і прыстойнасьці, ужываючы гвалт у дачыненьні да апанентаў ад самага старту выбарчай кампаніі.

Ужо некалькі тыдняў мы бачым масавыя адвольныя затрыманьні сябраў ініцыятыўных групаў, удзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў і нават саміх асобаў, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Сотні чалавек, у тым ліку актывістаў БНФ, былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ўжо на старце выбарчай кампаніі. Дзяржаўныя СМІ, а таксама фінансаваныя з дзяржаўнага бюджэту псэўдаграмадзкія арганізацыі займаюцца непрыхаванай агітацыяй за дзеючага кіраўніка дзяржавы, распаўсюджваюць паклёпніцкія і дыскрэдытуючыя публікацыі пра апанэнтаў улады. Гэтыя дзеяньні мы расцэньваем як скіраваныя на распальваньне нянавісьці ды варожасьці ў грамадзтве, а таксама на запалохваньне выбаршчыкаў і застрашэньне грамадзянскай супольнасьці ды ўсіх, хто выступае супраць цяперашняга аўтарытарнага рэжыму.

Аляксандар Лукашэнка ня толькі шматкроць зьняважліва выказаўся пра іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі, але й недвухсэнсоўна заявіў пра дапушчальнасьць масавых забойстваў удзельнікаў пратэстаў і гатоўнасьць абараняць уласную ўладу фактычна любымі сродкамі. Гэта зьяўляецца ня толькі недапушчальным з пункту гледжаньня Канстытуцыі ды хрысьціянскай маралі, але й утрымлівае прыкметы парушэньня цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Такім чынам дзеючы кіраўнік краіны адкрыта супрацьпаставіў сябе беларускаму народу.

Супраць апанэнтаў ўлады выкарыстоўваюцца рэпрэсіі, пры гэтым ўлады не грэбуюць грубымі правакацыямі і злоўжываньнем крымінальным заканадаўствам.  Удзельнікам  ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, у тым ліку яе мужу і кіраўніку ініцыятыўнай групы блёгеру Сяргею Ціханоўскаму, выстаўленыя абсурдныя абвінавачваньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, хоць шматлікія відэа з цалкам законнага мерапрыемства па зборы подпісаў дазваляюць дэталёва бачыць усю хаду падзеяў і сьведчаць пра грубую правакацыю. Адбываецца ціск уладаў на многіх сябраў гэтай  ініцыятыўнай групы па ўсёй краіне. Прайшлі ператрусы ў банку, якім раней кіраваў Віктар Бабарыка, што цяпер вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты, а таксама ў арганізацыях зьвязаных з гэтай асобай. Азначаныя крымінальныя справы маюць прыкметы выкарыстаньня органаў крэмінальнага перасьледу дзеля рэпрэсіяў супраць палітычных апанэнтаў цяперашняга прэзыдэнта.

Фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій, якое адбылося з ігнараваньнем прадстаўнікоў апазыцыйных партый і рухаў, сьведчыць пра стварэньне ўмоваў для працягу практыкі незаконных маніпуляцый падчас падрыхтоўкі галасаваньня і фальсіцікацыяў пры падвядзеньні вынікаў выбараў.

Сойм Партыі БНФ заклікае Генэральную пракуратуру і Следчы камітэт неадкладна прыняць захады дзеля забесьпячэньня законнасьці падчас правядзеньня выбарчай кампаніі, вызваліць затрыманых удзельнікаў выбарчай кампаніі ды спыніць іх крымінальны перасьлед, а таксама даць належную прававую  ацэнку зьняважлівых ды пагрозьлівых выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі.

Сойм Партыі БНФ заклікае мясцовыя органы ўлады дзеля забесьпячэньня сумленных, свабодных ды справядлівых выбараў пры фармаваньні ўчастковых выбарчых камісіяў забясьпячыць удзел у іх прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і прадстаўнікоў усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.

У цяперашняй сітуацыі Сойм Партыі БНФ падцьвярджае сваё папярэдняе рашэньне адносна гэтай выбарчай кампаніі і заяўляе, што парушэньні дзяржаўнымі службоўцамі выбарчага, адміністрацыйнага ды крымінальнага заканадаўства падчас правядзеньня выбараў, а таксама самое правядзеньне кампаніі ва ўмовах пандэміі каранавірусу, зьяўляюцца падвойным злачынствам, за якое ўсім датычным давядзецца панесьці адказнасьць перад народам Беларусі.

Заява прынятая Соймам Партыі БНФ шляхам абмеркаваньня анлайн

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Красавік 2023
M T W T F S S
« Mar    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.