Партыя БНФ » Заява Управы БНФ: “Склад выбарчых камісій не дазваляе правесьці сумленныя выбары”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Управы БНФ: “Склад выбарчых камісій не дазваляе правесьці сумленныя выбары”

Дададзена 24.06.2020 3:37:47 | 776 праглядаў
Заява Управы Партыі БНФ
Менск, 24 чэрвеня 2020

бнф logo

Фармаваньне ўчастковых камісіяў па выбарах прэзыдэнта прайшло антыдэмакратычна і несумленна. Улады безпадстаўна адхілі кандыдатуры ад дэмакратычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці, сфармаваўшы камісіі ў цалкам падкантрольным складзе. Адмоўлена ва ўключэньні ў склад камісіяў сотням вылучэнцаў Партыі БНФ, аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”, іншых партыяў і рухаў, а таксама шматлікім прадстаўнікам мясцовых супольнасьцяў, што былі вылучаныя самімі выбаршчыкамі праз збор подпісаў.

Ад непадкантрольных адміністрацыі людзей татальна зачышчаныя ўчастковыя камісіі ў Менску. У тым ліку без абмеркаваньня ці з хлусьлівымі тлумачэньнямі былі адхіленыя кандыдатуры старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, намесьніка старшыні партыі Аляксея Янукевіча, кіраўніка сталічнай арганізацыі БНФ Зьміцера Касьпяровіча, які мае досьвед выкрыцьця фальсіфікацыяў падчас працы ў выбарчай камісіі на мінулых выбарах прэзыдэнта.

Улада робіць усё, каб цалкам выключыць беларускі народ з працэсу арганізацыі і правядзеньня выбараў. Сыстэма фальсіфікацыяў працуе па ранейшых схемах, грунтуючыся на непразрыстасьці ўсіх этапаў выбараў і адсутнасьці сумленнага падліку галасоў, што забясьпечваецца фармаваньнем камісій з паслухмяных выканаўцаў незаконных загадаў.

Відавочна, уладная вертыкаль падрыхтавала сьпісы выбарчых камісіяў загадзя. Мы бачылі не працэс фармаваньня камісіяў, але кепскі спэктакль для грамадзтва, падчас якога імітуецца разгляд вылучаных у камісіі кандыдатураў. У сьпісах камсііяў – толькі лаяльныя дзеючай уладзе людзі, у пераважнай большасьці падсправаздачныя кіраўнікам камісіяў па месцы працы, якія “вылучаныя” у склад камісіяў праўладнымі псэўдаграмадзкімі арганізацыямі. Рэальным прадстаўнікам грамадзтва адмаўляюць ва ўключэньні ў камісіі, гэта значыць у магчымасьці сумленна і адказна лічыць галасы.

Даверу гэтаму складу камісіяў няма. Таксама не можа быць даверу з боку грамадзтва у дачыненьні да тых вынікаў, якія гэтыя камісіі будуць агучваць.

Стэрыльныя выбаркамы створаныя з відавочнай мэтай — забясьпечыць вынікі выбараў, якія патрэбныя для цяперашняй уладнай групоўкі. Такое фармаваньне камісіяў, асабліва ва ўмовах грамадзкага абуджэньня ды пільнай увагі беларусаў да палітычных працэсаў у краіне, ёсьць дэманстратыўным грэбаваньнем уладай сумленнасьцю ды законнасьцю.

Гвалт, хлусьня і маніпуляцыі — вось падмурак цяперашняй улады. Яна зусім не ставіць задачу атрымаць на гэтых выбарах падтрымку народу. Наадварот, яны цудоўна ведаюць пра адсутнасць такой падтрымкі з боку беларусаў – і таму фармуюць камісіі такім чынам. .

БНФ асуджае недэмакратычнае і несумленнае фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў, масавыя адмовы ва ўключэньні ў камісіі прадстаўнікам Партыі БНФ і ГА”БНФ”Адраджэньне””, іншых дэмакратычных партыяў ды рухаў, прадстаўнікам беларускага народу, вылучаным подпісамі грамадзянаў.

БНФ патрабуе правядзеньня сапраўды свабодных, сумленных і дэмакратычных выбараў дзеля забесьпячэньня бясьпекі і дабрабыту беларускага народу і абароны ды ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці краіны.

Воля народу, выяўленая на выбарах, ёсьць гарантыяй і падмуркам беларускай дзяржаўнасьці! А свавольства і антыдэмакратычны рэжым адзінаасобнай аўтарытарнай улады – пагроза для яе.

Дзеля фіксацыі парушэньняў пры фармаваньні ўчастковых выбарчых камсіяў Управа БНФ падрыхтуе і падасьць скаргі на фармаваньне камсій ў дзевяць судоў па ўзсіх дзевяці раёнах сталіцы. Арганізацыйным структурам БНФ на месцах прапанавана падрыхтаваць адпаведныя скаргі ў раённыя і гарадскія суды, дзеля чаго ім будзе дадзеная арганізацыйная і метадычная падтрымка.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.