Партыя БНФ » Чарговы прысуд у Віцебску: 10 сутак арышту актывісту БНФ Уладзіміру Кійко
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Чарговы прысуд у Віцебску: 10 сутак арышту актывісту БНФ Уладзіміру Кійко

Дададзена 08.07.2020 10:06:24 | 408 праглядаў

Віцебскага сябра БНФ Уладзіміра Кійко абвінавацілі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце 19-га чэрвеня.

КійкоПаводле міліцэйскага пратаколу, у той дзень каля віцебскага гандлёвага цэнтра „Марка-сіці” прайшлі два мерапрыемствы: пікет па зборы подпісаў, рэгламентаваны выбарчым заканадаўствам, і несанкцыянаваны “ланцуг салідарнасці” з затрыманымі прэтэндэнтамі на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыкам. Уладзімір Кійко быў пакараны арыштам за тое, што “стаяў у ланцугу, пляскаў у ладкі”.

За падзеі амаль двухтыднёвай даўніны ён быў затрыманы ўчора ў райаддзеле міліцыі, распавёў карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя брат актывіста Яраслаў Кійко:

– Яго ўчора выклікалі на размову, не патлумачыўшы нават, з якой нагоды. А другой гадзіне ён туды зайшоў і больш ужо не выйшаў. Мы чакалі яго гадзіны тры-чатыры, а потым патэлефанавалі нашай маці і сказалі, што ён затрыманы да суда. Сказалі, што суд будзе сёння раніцай. Мы прыйшлі раніцай у суд, зноўку чакалі, а працэс распачаўся толькі а трэцяй дня.

Як паведамляе “Віцебская Вясна”, судовы працэс над актывістам адбываўся ў анлайн-рэжыме (праз Skype-відэасувязь).  Суддзя — Уладзімір Царыкаў. Ён палічыў Кійко вінаватым у ч.3 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна цягам года) — за ўдзел у Ланцугу салідарнасці 19 чэрвеня. Пратакол склаў участковы, старэйшы лейтэнант Віталь Праліч.

Уладзімір Кійко сваёй віны не прызнаў. Ён заявіў на судзе, што браў удзел у цалкам легальным пікетаванні для збору подпісаў.

Пасля абвяшчэння рашэння суда Уладзіміра Кійко змясцілі адбываць арышт у віцебскі ІЧУ, дзе ён павінен быў знаходзіцца да 16 ліпеня. Але  актывіст паспеў там прабыць зусім нядоўга:

“Недзе праз гадзіну пасля суду па скайпе да мяне ў ІЧУ прыехаў міліцыянт Віталь Праліч, які складаў на мяне пратакол, і сказаў, што я вольны, — расказаў Уладзімір Кійко “Віцебскай Вясне”. — Я здзівіўся. А ён кажа: «Пасадзім цябе потым»”.

Зараз Уладзімір Кійко на волі, але 9 сутак арышту застаюцца неадбытымі — з улікам таго, што адны суткі ён правёў у ІЧУ ў чаканні суда пасля таго, як яго затрымалі шостага ліпеня.

У Віцебску гісторыя з нявыкананым да канца пакараннем і нечаканым вызваленнем з ізалятару паўтараецца ўжо трэці раз. Раней з ІЧУ без тлумачэння прычын вызвалялі актывіста «Народнай Грамады» Аляксандра Якушкова, якога пакаралі на 12 сутак арышту, а выпусцілі з ІЧУ, калі заставалася  адседзець восем з іх. Такімі «адкладзенымі пакараннямі» міліцыянты карысталіся таксама ў Воршы і Наваполацку, паведамляе “Віцебская Вясна”.

Уладзімір Кійко ўпэўнены, што робіцца гэта толькі дзеля таго, каб «закрыць» актыўных людзей напярэдадні галасавання 9 жніўня.

У студзені гэтага года актывіст быў пакараны за ўдзел у віцебскай акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй: яму прысудзілі максімальна магчымы штраф памерам 1350 рублёў (50 базавых велічынь).

Судовы працэс праходзіў пад міліцэйскім наглядам, заўважае праваабаронца Ірына Траццякова:

– У судовай залі знаходзіліся чацвёра супрацоўнікаў і за дзвярыма – яшчэ двое супрацоўнікаў РАУС Кастрычніцкага раёна. Яны нібыта кантралявалі парадак падчас судовага пасяджэння. Што яны рабілі ў межах адміністрацыйнага працэсу, не зразумела. І суд пастанавіў накласці на Кійко адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышта на 10 сутак

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.