Партыя БНФ » Выбары 2020: паварот на зялёнае пад фуру
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Выбары 2020: паварот на зялёнае пад фуру

Дададзена 11.07.2020 10:37:06 | 598 праглядаў

Пра некаторыя асаблівасьці ўспрыняцьця чарговых прэзыдэнцкіх выбараў піша Віталь Станішэўскі на сайце Беларускага Радыё Рацыя.

Чалавечая ўвага – абмежаваная. Мы можам ўтрымліваць свядомую канцэнтрацыю на малым ліку рэчаў. З аднаго боку гэта дазваляе нам расстаўляць прыярытэты, з іншага боку – часам з нашай нешта выпадае. У стрэсавых і экстрэмальных выпадках мы можам зрабіць памылкі, засяродзіўшыся на адным і забыўшы пра іншае.

Цяперашнія прэзідэнцкія выбары – не выключэнне. За 26 гадоў кіравання Лукашэнкі, якога хочацца замяніць некім лепшым, мы траўмаваны заўсёднымі паразамі і марым пра спосаб дамагчыся трыумфальнай перамогі. Мы жадаем усеагульнага ўздыму, залучэння мас, здольных пазмагацца нават фізічна, палітыка, які здолее ўсіх аб’яднаць, праграмы, на якую ўсе пагодзяцца. Гэтага нам не ставала. Здавалася б, цяпер нашы мары спраўджваюцца?

Але ўзгадаем пра ўвагу. Можна ўсвядоміць недахоп у нечым і імкнуцца яго кампенсаваць, думаючы толькі пра яго. Бедны чалавек можа заглыбіцца ў зараблянне грошай, маўляў, яны вырашаць усе праблемы. У крайніх выпадках ён можа стаць працаголікам, які дрыжыць над кожным кантрактам і забыў пра зносіны з сябрамі, пра будаванне адносін. Ён багаты, ён пры ўсім, але нешта «выпала» з яго ўвагі.

Затыканне дзірак у палітыцы

А памятаеце, штó мы лічылі раней галоўным для кандыдата? Нас непакоіла, што ўлада знявольвае, выціскае за мяжу і нават забівае моцных палітыкаў. Мы думалі, што панацэя – моцны палітык, які не баіцца сесці. Мы знайшлі Статкевіча, які адседзеў. Потым з’явіўся Аўтуховіч, які адседзеў і быў гатовы змагацца. Але ні Статкевіч, ні Аўтуховіч не змянілі ўладу, усё адно нечага не хапала. А справа была ўсяго толькі ў нашай увазе – гатовасць адседзець стала ключавым фактарам, бо гэта мы засяродзілі на ёй асноўную ўвагу.

І вось мы маем кандыдата па прозвішчы Бабарыка. Перадвыбарчая кампанія яго імя – верх чаканняў. Паліттэхналогіі, агітацыя, рыторыка яго штаба – гэта проста Bellissimo! (паказваю жэст ОК, як кухар). Усё ідзе да таго, каб пад эгідай і атрыбутыкай Бабарыкі скінуць з гары Лукашэнку. Чаго яшчэ жадаць?

Гэтае пытанне – не рытарычная формула. Прымаючы важныя рашэнні датычна свайго жыцця, варта ўсведамляць, чаго жадаеш. Мець чэк-ліст ці райдар. І асобны чэк-ліст для непрымальных момантаў. Выбраць новую кватэру, пабрацца шлюбам – такія рашэнні робяцца па-даросламу ўзважана, бо гэта надоўга. Вы ж не аддаеце грошы першаму сустрэчнаму кааператыву долевага будаўніцтва, які вам скажа, што час „звальваць” з вашай прагнілай хрушчоўкі. Вы ж спачатку вывучыце яго прапанову?

Я сам марыў, што мы некалі зможам зладзіць такую ж эфектыўную палітычную кампанію. Разумею тых, хто яе падтрымлівае, хто загарэўся. Я разважаў так: наш палітык мусіць паразумецца з іншымі групамі грамадства, пераканаць іх, штосьці змаўчаць, пра штось сказаць іншымі словамі, знайсці кампраміс; наш палітык мусіць аб’яднаць і павесці масы; за нашага палітыка павінны агітаваць СМІ, чым больш, тым лепш – так пераможам!

Погляд спажыўца і погляд майстра

У гэтым апісанні рэцэпту поспеху дзве плоскасці. Першая – паводзіны электарату. Неўсвядомленыя, неадрэфлексаваныя. Іх дзеянні – рэакцыя на стымул. Правільная рэакцыя – сведчанне правільнай кампаніі. Другая плоскасць – погляд прафесіяналаў зверху з аналізам гэтых самых стымулаў і рэакцый, з разборам па палічках, з адстароненым абстрагаваннем. І вось тут я раптам назіраю, што ў нас кудысьці прапалі прафесіяналы з мета-мысленнем і з разборам па палічках. То-бок колішнія «прафесіяналы» рэагуюць па першым тыпе, як банальны электарат.

Раней у нас былі палітыкі, грамадскія дзеячы, журналісты, эксперты, якія дапамагалі шырокім масам разабрацца ў тым, добры ці дрэнны нейкі чалавек ці палітычная сіла для пэўнага палітычнага лагера, прыхільнікаў пэўных каштоўнасцей. Яны аналізавалі праграмы гэтых людзей ці сіл, разбіралі іх учынкі, выяўлялі іх сувязі і – падумаць толькі! – задавалі вострыя пытанні. Яны клапаціліся пра свой палітычны лагер і засцерагалі яго ад падману, бо былі адвакатамі і дэтэктывамі для людзей свайго лагеру. І раптам мы бачым, што яны перасталі адрознівацца ад шырокіх мас, перасталі задаваць вострыя пытанні і цікавіцца сувязямі.

Усіх гэтых прафесіяналаў кампанія кандыдата заспела знянацку і паставіла перад фактам. Аднекуль да іх прыйшлі звароты аб падтрымцы, прафесіяналы ўбачылі і адчулі, што кампанія шырокая і скаардынаваная і прасоўваецца паспяхова, падключыліся да яе і зрабілі яшчэ больш паспяховай. Кажу «аднекуль», бо ініцыятыва прыйшла не ад тых, хто вёў спробы палітычнага змагання раней, а ад новых людзей. Нібыта з гары паляцеў снежны ком, утвараючы лавіну, і ўсё гэта пераконвала ўсё больш і больш у паспяховасці пачынання і ў блізкім спраўджанні мар.

Фокус увагі і фокусы з увагай

У гэты момант здарылася цікавая рэч. З увагі прафесіяналаў нешта выпала. Гэтаму няцяжка было здарыцца, бо нечаканыя дабрадзеі, якія матэрыялізаваліся вакол іх, стварылі для іх уражанне, што вялікая частка працы ўжо зроблена, і застаецца толькі працягваць. Калі ёсць 10 тысяч (дзесяць у чацвёртай ступені) ініцыятыўных груп, то колькі ж тады мусіць быць простых выбаршчыкаў! І прафесіяналы «праглынулі», паверылі ў тое, што гэту працу зрабілі яны самі, таму адступаць няма куды. Па-першае, гэта прыемна – адчуваць сябе тым, хто прыўнёс нешта для перамогі. «Інфлюэнсарамі». Па-другое, не было часу на роздум, што гэта зрабілі не яны. І панеслася!

106453745_720093981890243_3194289733309835569_n

Ці галасавалі б вы за камуніста Новікава ў 1994 годзе, калі б адчулі, што ў Кебіча 3%, а ў Новікава 97%? Ці галасавалі б вы за Гайдукевіча ў 2001 годзе, за Фралова ў 2006 годзе, за Улаховіча ў 2015 годзе, калі б навокал узнікла шырокая (эфектыўная!) кампанія, якая б сведчыла пра іх перамогу? Ну, чыста тэарэтычна? Думаю, для нацыянальна свядомых адказ – «Не». Бо які сэнс у тым, што ўсе навокал падтрымліваюць кандыдата і што ён здольны зрынуць дыктатара, калі гэты кандыдат не вызнае тваіх каштоўнасцей і нават варожы да іх!

Некалькімі абзацамі вышэй я нездарма пісаў «мы» і «наш». МЫ. Вылучаем НАШАГА палітыка. Ён абараняе НАШЫ інтарэсы. Ён раздзяляе НАШЫ каштоўнасці. Ведаеце, што забаўна? Калі такі палітык вельмі эфектыўны, ён робіцца сваім для людзей з іншымі каштоўнасцямі. У гэтым і ёсць вялікае майстэрства і палітыкі, і пікапу, і сеткавага маркетынгу, і рэлігійнага місіянерства.

А цяпер зважайма, важны момант! Калі палітык з іншага лагеру з іншымі каштоўнасцямі і з іншымі сувязямі вельмі прафесійны, то ён гэтаксама можа стаць сваім для вас. І калі раптоўна навокал вас імгненна ўтвараецца кола і поле людзей, сярод якіх вы адчулі сябе сваім, успомніце –вы аб’ядналі гэта кола або апынуліся ў ім (яно зацягнула вас)?

Хто крыніца, хто ініцыятар, якія першапачатковыя каштоўнасці? Гэтыя пытанні задаюць дасведчаныя ў палітыцы людзі, калі бачаць новую палітычную сілу або персону. Не задаюць іх дылетанты, электарат, мэтавая аўдыторыя рэкламных кампаній. Выглядае, што сваю палітычную эліту і сваіх экспертаў мы губляем. Яны ўжо не аналізуюць. Іх зацягвае вір, і яны пачынаюць верыць, што гэта яны гэты вір і стварылі.

Усвядомленасць у палітыцы і ў нацыянальным вызваленні

Якім пытаннем мусілі б задацца ўсвядомленыя (mindful) прафесіяналы, калі ў інфаполі з’яўляецца кандыдат? Яны мусяць праверыць яго сувязі, яго палітычны багаж, ранейшы ўдзел у палітыцы, яго палітычную праграму і яго каштоўнасці. Яшчэ прафесіяналы, якія служаць ахоўнікамі і адвакатамі свайго палітычнага (ці каштоўнаснага) лагеру мусяць праверыць палітыка на прадмет пагрозы сваім каштоўнасцям, прапаганды супраць каштоўнасцяў, сувязяў з ворагамі каштоўнасцяў.

Выбіраць прэзідэнта – вельмі адказна. Яшчэ адказней – бараніць незалежнасць краіны. Гэта законы ваеннага часу. Прафесіяналы, калі яны ўсведамляюць, што роднай краіне пагражае небяспека акупацыі, аншлюсу, каланізацыі, інтэрвенцыі, анексіі і г.д. – мусяць праверыць рызыкі і сувязі з меркаваным ворагам. Інакш нашто прафесіяналы пішуць артыкулы пра імперыялізм суседняй краіны і пра яе вылазкі супраць суседзяў? Проста таму што гэта такі трылер у рэальным часе, які казыча нервы?

Мы губляем прафесіяналаў, якія ацэньвалі палітыкаў і арганізацыі з гледзішча нацыянальных інтарэсаў. Няўжо нацыянальная свядомасць стала для іх пячорным перажыткам, як для некаторых ліберальных краёў? Шукаць сувязі з іншымі краінамі і арганізацыі для іх – «канспіралогія». Н

екалі КДБ выкрыла агентаў, якім замежная разведка сказала завербавацца ў БНФ і «Славянскі сабор». Гэта была разведка Турцыі! Беларусь – у зоне ўплыву некалькіх геапалітычных полюсаў, але для колішніх «светачаў» гэта тэорыі змовы. А звярнуць увагу на празрыстую сувязь кандыдата з краінай, перад носам якой Лукашэнка круціў незалежнасцю як ласункам, ім перашкаджае нейкая загадкавая прычына.

Я смуткую. Выглядае, мы згубілі шмат прафесіяналаў, здольных спакойна думаць і задаваць сабе гэтыя пытанні, а не бегчы, як спажыўцы, за рэкламай іншых прафесіяналаў.

Што выпала з палітычнай увагі

У спешцы можна лічыць нешта самым важным і ўпусціць іншае. Можна зрабіць усё, каб не спазніцца на самалёт, паставіць будзільнік, легчы раней, спакаваць чамадан – але прыехаць у аэрапорт без пашпарта. Можна імкнуцца сарвацца на зялёнае святло, бо ззаду сігналяць – счапленне, першая, газ, счапленне, другая, газ, руль налева – і забыць прапусціць сустрэчную фуру.

Але даволі метафар. Ну, так, вы ведаеце, супраць каго гэты кандыдат, і вы ведаеце, што ў яго файная кампанія, прафесійны штаб, дыхтоўная агітацыя ў СМІ (калі вы са СМІ і калі працуеце добраахвотна, то ўвогуле гэта ваша заслуга, а не яго – так, заўвага на палях). Але вы забылі праверыць, хто ён сам, з кім ён звязаны, да чаго ён вядзе. Вам здаецца, што гэтыя непрагавораныя моманты – само сабой зразумелыя? Факты кажуць «Не». Чым больш кандыдату задавалі пытанняў, тым больш ён дэманстраваў сваю недатычнасць, сваю пабочнасць адносна нас. Або яго вучаць адказваць расплывіста і ўхіляцца. Або яго штаб штораз выступае з карэкціроўкай яго адказаў, чарговым «вы не так зразумелі».

Спадар з банка не ўдзельнічаў у палітыцы, ён не распрацоўваў ідэалогіі, ён не пісаў праграмных тэкстаў. За ўвесь час змагання людзей – ці то ў шэрагах партый, ці то самастойна – ён не праяўляў ні каліва ўвагі да іх і цікавасці да іх. Яго ўзлёт тлумачыцца добрай арганізацыяй кампаніі, скаардынаванасцю, прафесіяналізмам і фінансаваннем. Усім, акрамя ідэі, каштоўнасці, здольнасці да пераканання і жывога кола прыхільнікаў (так, ён не гуртаваў вакол сябе аднадумцаў, вы не бачылі яго з паплечнікамі, з масамі кантактуюць спецыяльна навучаныя людзі). За яго гаворыць штаб, групоўка прабіўных япі. Яны ж пішуць яму загатоўкі для адказаў, цудоўныя лозунгі і ідэалагемы. Гэта цудоўна ў якасці маркетынгу, але выбачайце, хто будзе кіраваць, ён ці нехта іншы?

Мы не ведаем яго сапраўдных каштоўнасцяў, не ведаем яго ідэалагічнай платформы, не ведаем яго палітычнага багажу – і пры гэтым мусім даць яму кіраваць краінай? Відавочна, што спадар з банка выступае ў гэтай кампаніі толькі брэндам. Ён адыгрывае ролю. Скажыце мне, няўжо вам не важна, пад чыімі рашэннямі ён будзе распісвацца? Я нават сумняваюся, што гэта будуць тыя маладзёны са штаба. Калі маладзёны пасля кароткага візіту да зняволенага кандыдата выдаюць вялізныя праграмы ад яго імя, то дазвольце мне не паверыць у тое, што ён выклаў яе канспектыўна падчас гутаркі. Зрэшты, гаварыць ад яго імя яны навучыліся і без візітаў.

Ці ўзяць той жа ход з рэферэндумам пра мадыфікацыю Канстытуцыі 1994 (хаця яна і так мадыфікаваная, але штаб растлумачыў, што не збіраецца вяртаць яе саму, то-бок, нам прапануюць проста іншую мадыфікацыю). Апеляваць да Канстытуцыі ў залежнасці ад таго, пасадзяць цябе ці не – адсутнасць хоць чагось святога. Або пазіцыя флюгера. («Калі памру, лічыце мяне камуністам».) Або ты шануеш яе, або не. Але калі ты згадваеш яе на „чорны дзень”, як план Б, то чым з’яўляецца твая кампанія, калі не гульнёй на пачуццях, маніпуляцыяй? Зрэшты, гэта пацвердзілася, калі ён назваў апазіцыю маргіналамі. То-бок, нават тых, хто некалі сядзеў у галадоўцы, каб прадухіліць скасаванне Канстытуцыі-94. І нават вас, якія змагаліся супраць дыктатуры да яго цудоўнага прышэсця.

Дарагі прадукт без гарантыйнага сэрвісу

Можна сказаць, што маркетынг цудоўны, паліттэхналогіі выдатныя, жаданне перамагчы і адзінства мас – на вышыні. Чаго яшчэ жадаць, хіба гэтым не вызначаецца прафесіяналізм палітыка? Аднак з гледзішча бізнесу ёсць нюанс. Уся арганізацыйная сістэма гэтай кампаніі створана, каб вы здабылі сабе паслугу/прадукт, але ў ёй не прадугледжана абслугоўванне ці адмова. Хіба, збіраючыся купляць машыну, вы не думаеце наперад пра яе тэхабслугоўванне, пра СТА, пра даступнасць запчастак?

Некалі ў Расіі арганізаваныя групоўкі вазілі пенсіянерак на аўтобусах галасаваць за свайго боса, нават грашыма дапамагалі. Як лічыце, ці дапамагалі яны пенсіянеркам адклікаць свайго кандыдата? Так і тут. Гэта не вы сабраліся самастойна для змагання за кандыдата, а вас сабралі. Калі справа будзе зроблена, менеджары кампаніі не будуць прымаць прэтэнзіі за рэалізаваны прадукт, гэтаксама як прадаўцы SIM-картак не аказваюць тэхнічную падтрымку абанентаў. Гэтак можна танна групай паехаць у егіпецкі All-inclusive і шукаць спосабаў вярнуцца дахаты, калі фірма збанкрутуе – а пра што вы думалі, купляючы падазрона танную пуцёўку?

106750073_286579419365081_5053639947146113016_n

Вы не зможаце нават сабрацца нанова, каб пераабраць кандыдата, які вас расчаруе, як расчароўвае ўкраінцаў Зяленскі, бо вас аб’ядноўвала агульная нянавісць да Лукашэнкі, але вы забылі вызначыць, да чаго ў вас агульная любоў. Цяпер у вас не будзе Лукашэнкі, а сабрацца нанова дзеля нечага (а не насуперак нечаму)вы не зможаце. Збіраючыся галасаваць за Бабарыку, вы не ведаеце, за што вы будзеце галасаваць.

Знайдзіце спакойную часінку і падумайце. Гэта сапраўды ваш кандыдат з вашымі каштоўнасцямі, вам сапраўды абыякавая яго відавочная сувязь з падазронымі сіламі? Або вы проста не жадаеце адмаўляцца ад свайго выбару і ад пройдзенай паловы шляху? Паверце, грунтоўна падумаць і,зразумеўшы паспешлівасць пачатковых крокаў, адмяніць ненадзейную справу – не ганьба. Гэта самастойнасць і даросласць.

Спелыя розумам мяняюць горшае на лепшае, а небяспечнае – на надзейнае, на пэўнае. Вы можаце лёгка выселіцца з прагнілай хрушчоўкі на ўмовах іпатэкі і згадзіцца на хуткі і танны варыянт разам з таварыствам іншых дольнікаў. Але калі вы зробіце гэта без праверкі, на эмоцыях ад страху і жаху, то можаце выселіцца ў чыстае поле. Ці на будаўнічую пляцоўку з голым бетонным каркасам.

Фіктыўныя опцыі і ўзаемазамяняльныя тавары

Яшчэ цікава, калі акцэнтуюць прафесію кандыдата. Маўляў, топ-клерк банка – значыць менеджар, значыць здольны кіраваць. Доля логікі ёсць. Да кіравання дзяржавай лепш дапускаць дасведчанага ў кіраванні чалавека. Аднак гэта ж не адзіны крытэрый. Падумайце, такі ж аргумент можна прымяніць і да Цапкалы, і да таго ж Лукашэнкі. 26 гадоў кіравання дзяржавай – моцны пункт у рэзюмэ! Вы ж разумееце, што так можна выставіць кандыдатам дырэктараў МАЗа і МТС. Мусіць жа быць нешта яшчэ, акрамя кіроўных здольнасцяў.

Хаця мо я застрогі з нашымі прафесіяналамі? Яны ўсё ж правяраюць кандыдатаў! Калі нехта агітуе за Цапкалу, бо ён суперменеджар, прафесіяналы пачынаюць пярэчыць, маўляў, ён жа чалавек Лукашэнкі. Яны таксама кажуць, што Цапкала не праяўляўся ў палітыцы, а цяпер чамусь вылез, маўляў, не верым. То-бок, здольнасці правяраць палітычны багаж і прасочваць сувязі ў прафесіяналаў ёсць, але выбіральныя.

Нехта абурыцца аргументам пра добры стаж менеджара-Лукашэнкі. Маўляў, важная якасць. Разумею! Таму і хачу, каб знайшоўся нехта лепшы, а не проста іншы. Толькі, па-першае, за свае 20 гадоў банкавання кандыдат не зрабіў даручаны яму банк хоць у нечым ключавым для Беларусі. Банк застаўся адным са многіх. І за час усёй кампаніі банкаўскага кандыдата ў СМІ паралельна ішлі навіны з розных банкаў – пра паслугі, пра прома-акцыі, пра плацежныя сістэмы – але банка, якім кіраваў герой артыкула, сярод іх не было.

Паглядзіце графікі за апошнія гады і ўпэўніцеся, што наш герой не зрабіў з даручаным яму банкам ніякіх цудаў.

https://myfin.by/banki/rating

https://infobank.by/oficialjnyj-rejting-bankov81/

Па-другое, вы сапраўды лічыце, што аднаго менеджарства дастаткова, каб кіраваць дзяржавай добра, і што «добры прэзідэнт» – гэта прафесія? Ва ўсіх краінах у палітычным жыцці заўжды ўсё мяняецца, заўжды адны задаволеныя, іншыя не. Розныя прафесійныя, сацыяльныя, ідэалагічныя, нацыянальныя, палітычныя, моўныя групы спаборнічаюць за свае ўплывы і свае інтарэсы. Гэты кандыдат таксама не мае ноу-хау, як спыніць гэтыя супярэчнасці. Яны былі ў Беларусі да яго, і не скончацца пры ім. Калі вы лічыце, што гэты цудоўны кандыдат з чароўнай кнопкай і святым Граалем – значыць, вы пад моцным уплывам палітычных казачнікаў і рэкламшчыкаў.

У беларускай палітыцы ўжо былі і ёсць палітыкі, якія хацелі гэта вам унушыць. Гэта Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч з «Гавары праўду». Заўжды на пазітыве, мірныя і ветлівыя, гавораць прыгожыя рэчы, правільныя лозунгі, за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. А дэвіз які – «За мірныя перамены»! Сама дабрыня. І жэсты як у амерыканскіх палітыкаў, і ў Амерыцы беларускую палітыку прадстаўлялі. І рознае менеджарскае навучанне праходзілі. Адзін нюансік не дае вам выбраць Дзмітрыева. Пры ўсёй яго пазітыўнасці, неканфліктнасці, кампраміснасці, менеджарстве і пры тым, што гэта чалавек з Беларусі і нават некалі з апазіцыі – за ім ёсць шлейф чутак пра сувязі з афіцыйнымі ўладамі. Разумею ваша сумненне, але не разумею, чаму фактар падазроных сувязей крытычны і для Цапкалы, і для Дзмітрыева, – але не для Бабарыкі.

Здавалася б, пры чым тут незалежнасць

Для многіх з вас пагроза паглынання Беларусі Расеяй была сур’ёзнай праблемай. Цэлыя 26 гадоў жыцця пра Лукашэнку мы жывём з гэтым страхам, і ў апошнія гады яна ўзмацнілася і стаіць на самым парозе. Я скажу банальнасць, але ў гэтым «танцы» не адзін Лукашэнка, а двое – беларуская дыктатура ў асобе Лукашэнкі і расейская дыктатура ў асобе Пуціна.

Скажуць, няважна каго выбраць, калі скінем Лукашэнку. То мяркуйце: для нас Лукашэнка – кашмар, які нас атачае ўнутры купала беларускай краіны. А для Расеі – элемент Беларусі, які яна назірае звонку купала. Пагроза аншлюсу – гэта пагроза для ўсёй Беларусі. Метады аншлюсу могуць быць розныя, уключаючы захоп палітычнай улады. Расія прыносіла «работніцка-сялянскія ўрады» у краіны Балтыі, спрабавала тое ж у Фінляндыі.

Вось вам невялічкі тэст. Я напішу вам відавочную заканамернасць, а вы падумайце, якія высновы яна нясе і якіх дзеянняў ад вас патрабуе:

Калі Расея захопіць Беларусь, Лукашэнка не будзе дыктатарам

Вы ж верыце і ведаеце, што Расея хоча далучыць Беларусь. Вы разумееце, што знешні катаклізм (аншлюс) можа вырашыць нашу ўнутраную праблем (дыктатуру Лукашэнкі).

Надта рэзкі і невідавочны пераход? А калі дэталізаваць?

Калі Расея захопіць Беларусь з дапамогай стаўленіка, Лукашэнка не будзе дыктатарам

Я зараз не буду даказваць, што канкрэтны кандыдат – стаўленік. Прызнайцеся сабе, што гэта вам непрыемна чапляць гэту тэму, гэта вам страшна правяраць сувязі і губляць мрою на палове шляху. Гэта не рэклама Лукашэнкі праз яго супрацьпастаўленне Расіі, бо ў 1994 г. фраза была б такой:

Калі Расія захопіць Беларусь, Кебіч не будзе кіраваць Беларуссю

Магчыма, многія не адчуваюць розніцы між Беларуссю і Расеяй. 26 гадоў – вялікі час, каб прывыкнуць да намінальнай незалежнасці і перастаць разумець, у чым жа сутнасць расейскай пагрозы. Магчыма, каштоўнасць незалежнасці для іх рацыянальна-тэарэтычная, кніжная. Далібог, гэта ж не polski Duda і не deutsche Merkel, а проста знаёмы ўсім Путин, які ў тэлевізары «мочит в сортире». Не адчувалі моўнага бар’ера раней, глядзелі адно кіно і адны кліпы – дык і цяпер розніцы не заўважым, праўда ж?

Падумайце і над такой фразай:

Калі Расея захопіць Беларусь, дыктатарам будзе Пуцін

Гэтак было ў Крыме, які Бабарыка «аддаў» Грэцыі. Фармальна Крым застаўся аўтаномнай рэспублікай нават у складзе Расеі. І хоць там кіруе «аўтаномны» Аксёнаў, гэта не замінае сябру Пуціна, Мядзведзеву прыязджаць і казаць: «Денег нет, но вы держитесь!». І вы лічыце, калі экс-кіраўнік газпромаўскага філіяла прарочыць, што беларусы будуць крычаць «Ура!» пры далучэнні да Расеі, а ён сам не зможа ўратаваць эканоміку Беларусі, – то ў Беларусі будзе неяк іначай?

Заключныя сакраментальныя штрыхі

Самае ўражальнае, што я чытаў апошнім часам у сувязі з кампаніяй – «Не трэба саромецца падманваць», «Трэба ўмець падманваць». Так кажуць тыя, хто падтрымлівае Бабарыку не наіўна, а цынічна-рацыянальна. Маўляў, з ваўкамі жыць… Яны ў яго сапраўды не вераць, ён для іх сродак. Але яны пераконваюць у яго якасцях іншых. Гэта ўсё нагадвае сеткавы маркетынг, Гербалайф, калі прадукт – не для таго, каб спажываць, а для таго каб яго прадаваць, заахвочваць прадаваць іншых і г.д. Ці думалі яны, што ў схемах, заснаваных на падмане, выйграюць тыя, хто зверху?

«Хадзем у клуб падманшчыкаў! – А калі нас падмануць? – А нас за што?»

83073851_3260688803992552_2771395324108319679_n

І вось яшчэ што забыў. Буйны менеджар – гэта прынада не для вас, простых выбаршчыкаў, «рознічнага» электарату. Менеджар-бонза – гэта VIP-аферта для беларускай вертыкалі. Беларускай вертыкалі трэба чалавек, якога яна можа слухаць і да якога не трэба моцна прыцірацца. Уся начынка беларускай улады пры кандыдату-банкіру застанецца старой, як пры Лукашэнку. Вертыкаль Лукашэнкі – пераробка кебічаўскага апарату. Ведаеце Мясніковіча? Гэты магутны дзед наглядаў за гаспадаркай з часоў Кебіча, а Кебіч сам – у «палатцы». Наш спадар банкір – не Саакашвілі. Вы атрымаеце тую ж вертыкаль.

Віталь Станішэўскі, Беларускае Радыё Рацыя

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.