Партыя БНФ » Заява старшыні БНФ з нагоды абмежаванняў для працы назіральнікаў на участках
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява старшыні БНФ з нагоды абмежаванняў для працы назіральнікаў на участках

Дададзена 22.07.2020 11:47:24 | 471 праглядаў

Злачынцам не патрэбныя сведкі

Палітычная заява старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў сувязі з абмежаваннем правоў назіральнікаў на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

шулеры22 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах прыняла пастанову, згодна з якой уводзіцца абмежаванне на колькасць назіральнікаў, якія могуць быць дапушчаныя да прысутнасці на выбарчых участках падчас галасавання і падліку галасоў.

З гэтай нагоды старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з палітычнай заявай:

Пастанова ЦВК пра абмежаванне колькасці назіральнікаў на выбарчых участках з’яўляецца яшчэ адным абуральным парушэннем выбарчага заканадаўства. Гэтае рашэнне ведамства Ярмошынай наўпрост супярэчыць артыкулу 13 Выбарчага кодэкса, які вызначае прынцыпы галоснасці выбарчага працэсу.

Пасля забароны незалежнай сацыялогіі, пасля зачысткі выбарчых камісій ад прадстаўнікоў апазыцыі, пасля здзеклівага для выбаршчыкаў абмежавання пляцовак для агітацыі – гэтым крокам улады змагаюцца з апошнімі легальнымі сродкамі выяўленьня злачынстваў, якія робяцца на выбарчых участках падчас падліку галасоў.

Мы бачым, што як для Лукашэнкі робіцца цеснай нават цяперашняя Канстытуцыя, напісаная пад яго асабіста, так і для Ярмошынай робіцца нязручнай нават цяперашні недасканалы Выбарчы кодэкс.

Гэтую пастанову я расцэньваю як спробу прыхаваць ад грамадскасці незаконныя маніпуляцыі, якія чыняцца кантраляванымі адміністрацыяй выбарчымі камісіямі. Гаспадары “каранавыбараў” намагаюцца не проста зрабіць фальсіфікацыі, але і зрабіць гэтыя фальсіфікацыі таемна, нябачна для людзей.

Злачынствы робяцца ў таямніцы. Злодзеям не патрэбныя сведкі іх злачынных дзеянняў. Арганізатарам “каранавыбараў” не патрэбныя сведчанні іх махлярства.

Фактычна назіраць дазволяць толькі пра-лукашэнкаўскім псэўда-грамадскім структурам, якія цалкам падпарадкаваныя адміністрацыі. Асабліва цынічным выглядае спроба апраўдаць гэтую відавочна незаконную пастанову эпідэміяй COVID-19. Гэта здзек не толькі над жывымі людзьмі – гэта здзек над памяццю тых соцень беларусаў, якія пайшлі з жыцця ў выніку злачыннага бяздзеяння цяперашніх уладаў падчас пандэміі.

Ад імя Партыі БНФ я сёння буду мець кансультацыі з іншымі партыямі, якія ўдзельнічаюць у кампаніі назірання “Права выбару 2020”. Я ўпэўнены, што у нас будзе выпрацаваны супольны падыход датычна далейшых дзеянняў ва ўмовах фактычнай забароны незалежнага назірання.

Гэтым крокам улады канчаткова скінулі маскі – яны не клапоцяцца ані пра легітымнасць выбараў, ані пра давер да вынікаў выбараў з боку хоць нейкай часткі грамадства.

Выбары ўжо цяпер не могуць лічыцца сумленнымі. Вынікі выбараў, якія будуць абвешчаныя 10 жніўня, ужо цяпер не з’яўляюцца легітымнымі. Сёняшняя пастанова ЦВК сведчыць, што і сама Цэнтральная камісія ўсвадамляе гэтую нелегітымнасць.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.