Партыя БНФ » Зварот экс-дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зварот экс-дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня

Дададзена 26.07.2020 12:03:09 | 398 праглядаў

Былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня, якія ўваходзілі ў Апазыцыю БНФ, агучылі супольны зварот з нагоды маючых адбыцца неўзабаве выбараў прэзыдэнта.

9 жніўня – толькі этап у змаганні беларусаў за абарону незалежнасці і дэмакратыю

Заява групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання ад Апазіцыі Беларускага Народнага Фронту

bnf бнфЗа дваццаць шэсць гадоў знаходжання ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка не толькі не стварыў умоў для фарміравання ў краіне палітычнай інфраструктуры, якая б забяспечвала канкурэнтную, прававую, мірную змену ўлады на аснове дэмакратычных выбараў, але і змарнаваў шанцы краіны на ўстойлівае развіццё эканомікі, культуры, дабрабыту, бяспекі. Гэта ўжо бачыць большасць нашых грамадзянаў. Таму намаганні Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму скіраваныя на ўмацаванне сілавых структур, галоўная мэта якіх – захаванне любым коштам яго ўлады і няспынны пераслед іншадумцаў. Рэжым стварыў машыну беспрэцэдэнтнай і нахабнай фальсіфікацыі выбараў і рэферэндумаў, ужывання гвалту. Грамадскую думку рыхтуюць да прыняцця новай канстытуцыі, якая гарантуе вечную ўладу сістэмы, падобнай да сённяшняй.

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра “клопат аб незалежнасці”. Але пад рэальную пагрозу незалежнасць Беларусі паставіла яго ўласная палітыка – адсутнасць рэформаў, эканамічны крызіс, аднабаковая вайскова-палітычная арыентацыя на Расію, канфлікт з дэмакратычным светам.

Суверэнітэт дзяржавы, відавочна, не можа абапірацца на непрадказальнага дыктатара, на сілавыя структуры, выхаваныя ім у непавазе да ўсяго беларускага. Гарант і абаронца суверэнітэту – свядомы і свабодны народ. Для шматлікіх грамадзян Беларусі пытанне нашай гістарычнай памяці, нацыянальнай мовы, нацыянальнай сімволікі не можа быць дыскусійным. Аднак іх свабодную волю паслядоўна душыць антыдэмакратычная ўлада.

Падчас пандэміі і выбарчай кампаніі 2020 года дзеянні ўладаў дасягнулі вяршыні цынізму і беззаконня; афіцыйная хлусня і знявага людзей перапоўніла чашу цярплівасці народа, які выйшаў на мірныя акцыі пратэсту. У адказ супраць мірных пратэстоўцаў пачаўся жорсткі тэрор, у т. л. з удзелам невядомых людзей без уніформы і знакаў адрознення, што, па сутнасці, з’яўляецца тэрарызмам і разбоем.

Мы выказваем салідарнасць з усімі змагарамі за права беларускага народа ўдзельнічаць у дэмакратычных выбарах. Заклікаем неадкладна спыніць усе судовыя разборы ў дачыненні да прэтэндэнтаў у кандыдаты ды іншых удзельнікаў выбарчага працэсу як палітычна матываваныя і патрабуем іх неадкладнага вызвалення. Мы памятаем, што значыць адсутнасць грамадзянскай салідарнасці. Падчас галадоўкі ў красавіку 1995 года грамадскасць нас належным чынам не пачула: мы былі збітыя і выкінутыя з будынку Вярхоўнага Савета невядомымі людзьмі ў масках і чорнай уніформе. Расследаванне гэтага палітычнага злачынства было спынена загадам дзейнай улады. Антыканстытуцыйны рэфэрэндум 14 траўня 1995 года паклаў пачатак разбурэнню парламентарызму, паскорыў працэс страты нацыянальнай ідэнтычнасці і ўсталявання дыктатуры.

У гэтай сітуацыі, усведамляючы адказнасць за будучыню нашай краіны, мы лічым сваім абавязкам заявіць:

1. Нам добра вядома, што ў рэальных апазіцыйных палітычных структурах і ў грамадстве ў цэлым няма сілаў, якія жадаюць гвалтоўнага развіцця падзей і ўжывання гвалту ў якой бы ні было форме. Любыя правакацыі гвалтоўнага характару будуць зыходзіць не ад апазіцыі. Усе дзейныя палітычныя структуры і штабы павінны пра гэта публічна заявіць і заклікаць людзей быць пільнымі.

2. Пасля нерэгістрацыі часткі прэтэндэнтаў у якасці кандыдатаў мы лічым, што ўсім іншым кандыдатам, якія ўсведамляюць адказнасць за будучыню краіны, варта зняць свае кандыдатуры. Пачатак кампаніі, якую ўлады назвалі “выбарчай”, яскрава прадэманстраваў, што выбараў у нас у краіне па-ранейшаму няма. Іх не будзе і 9-га жніўня г.г.! Сама канцэпцыя “моцнага прэ-зідэнта” ў Беларусі абсалютна здыскрэдытавала сябе, і ў перспектыве мы бачым неабходным вяртанне Беларусі да парламенцкай рэспублікі. Падчас свабодных выбараў мы падтрымаем кандыдата, які будзе ініцыяваць такое паэтапнае вяртанне.

3. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і заканадаўствам краіны, мы патрабуем прызначэння новых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з поўнай празрыстасцю ўсяго працэсу, уключаючы ўдзел у выбарчых камісіях, дэмакратычнасць агітацыйнага перыяду і поўнае выключэнне нікім не кантраляванага датэрміновага галасавання. Дзеля гэтага не патрабуюцца змены ў заканадаўстве – дастаткова грамадскай згоды.

Мы прапануем прадстаўнікам нашай грамадскасці розных палітычных поглядаў арганізаваць і правесці круглы стол з мэтай кансалідацыі беларускага грамадства і выпрацоўкі агульных шляхоў выхаду з палітычнага крызісу ды стратэгіі палітычных дзеянняў пасля “выбараў”.

Мы падкрэсліваем, што любыя міжнародныя дамовы (саюзы, інтэграцыйныя “дарожныя карты” і да т. п.), звяртанне па сілавую падтрымку да іншых дзяржаў і іх структур у перыяд нелегітымнасці ўлады, які ўжо фактычна распачаўся, не могуць ажыццяўляцца ад імя беларускага народа – адзінай крыніцы дзяржаўнай улады – і з’яўляюцца юрыдычна нікчэмнымі.

Зычым усім нашым суграмадзянам трываласці, мужнасці і разважлівасці. Дзень 9 жніўня 2020 г. – толькі адзін дзень, адзін эпізод у змаганні нашага народа за абарону незалежнасці нашай дзяржавы, за дэмакратыю і павагу да кожнай чалавечай асобы, незалежна ад яе паходжання, палітычных ды іншых поглядаў. Усебеларуская салідарнасць абавязкова пераможа!

Мінск, 20 ліпеня 2020 г.

Мікола Аксаміт,
Сяргей Антончык
Лявон Баршчэўскі,
Лявон Дзейка,
Уладзімір Заблоцкі,
Лявон Зданевіч,
Пётр Садоўскі,
Алег Трусаў

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.