Партыя БНФ » Намесьнік старшыні БНФ: “Адзінства сёньня больш важнае, чым стратэгія”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намесьнік старшыні БНФ: “Адзінства сёньня больш важнае, чым стратэгія”

Дададзена 27.07.2020 12:11:13 | 627 праглядаў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ, гарадзенец Вадзім Саранчукоў у інтэрвію Радыё Свабода расказаў, якія ролі сёлета ў «старой» і «новай» апазыцыі, як не расчаравацца ў выніках выбараў і ці мае сэнс Плошча.

8ECE806D-A0FE-497D-866F-CAA682FB4EE4_w1023_r0_sВадзім Саранчукоў — намесьнік старшыні Партыі БНФ. У палітыцы з 1997 году. Каардынатар кампаніі #ByCovid-19 у Горадзенскай вобласьці. Неаднаразовы кандыдат у дэпутаты. Адзін з арганізатараў #БНР101 у Горадні. Сёлета актыўна сочыць за кампаніяй, займаецца палітычнай аналітыкай, валянтэрствам. Не ўваходзіць у каманду ніводнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта. Называе сябе «маладым пэрспэктыўным палітыкам». 40 гадоў, жанаты, трое дзяцей.

Сьцісла

  • Няма старой і новай апазыцыі. Гэта адзін ланцужок.
  • Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі не адбылося нічога новага.
  • У любой сытуацыі зьяўляюцца вокны магчымасьцяў, якія варта выкарыстоўваць.
  • Брэнд гэтай кампаніі — ланцугі, ейная «фішка» — дэцэнтралізацыя.
  • Партыя БНФ сёлета сканцэнтруецца на назіраньні за выбарамі.
  • Каб не расчаравацца, варта разглядаць 9 жніўня не як канчатковую кропку, а як крок да мэты.
  • Адзінства сёньня нашмат больш важнае, чым любая стратэгія.
  • Плошча як інструмэнт уплыву мае сэнс, калі яна — адзін з элемэнтаў агульнага супраціву.

«Няма „яны“, „мы“ і „хтосьці ў будучым“»

— Ёсьць меркаваньне, што тры жанчыны (Марыя Калесьнікава, Вераніка Цапкала і Сьвятлана Ціханоўская) за 15 хвілін зрабілі тое, чаго не магла зрабіць апазыцыя за 20 гадоў. Ці вам, як «старой апазыцыі», ня крыўдна?

— Я не лічу сябе «старой апазыцыяй». Хто ня ведае гісторыі, таму наканавана яе паўтараць. У гісторыі беларускай палітыкі былі аб’яднаньні. Нічога новага, што адбываецца цяпер, не адбылося. Так, не было кандыдата-жанчыны. Але былі прэцэдэнты, калі і старая апазыцыя аб’ядноўвалася.

Паняцьце «старая апазыцыя» мне вельмі не падабаецца. Няма старой, няма новай апазыцыі. У любой кампаніі зьяўляюцца новыя людзі ў розных сфэрах: новыя кандыдаты, новыя сябры камандаў, новыя тэхналёгіі. Яны бываюць пасьпяховыя і непасьпяховыя, але ўсё гэта адзін ланцуг.

Ня можа быць так, што тыя людзі, якія робяць кампанію цяпер, з бухты-барахты зьявіліся і на голым, выпаленым полі пачалі штосьці будаваць. Тое, што адбываецца сёньня, — лягічнае наступства таго, што адбывалася ў папярэднія 26 гадоў. На жаль, камусьці вельмі выгодна казаць, што былі «яны», у якіх нічога не атрымалася, а зараз прыйшлі хтосьці, у каго ўсё атрымаецца. Няма «яны», «мы» і «хтосьці ў будучым». Гэта адзін ланцужок, у якім стаяць людзі.

0148726A-104F-4B43-B1BF-CAB384B878D1_w1023_r0_s

Саранчукоў у палітыцы 23 гады. Падчас пікету 23 ліпеня

— Вы кажаце, што такія выпадкі ўжо былі. Ці адрозьніваецца нечым кардынальна сёлетняя кампанія?

— Няма абсалютна ідэнтычных кампаній. Ёсьць моманты, якія вельмі нагадваюць папярэднія. Любая кампанія ўнікальная. Кожная кампанія выкарыстоўвае тэхналёгіі, у кожнай кампаніі адкрываюцца вокны магчымасьцяў. Брэнд гэтай кампаніі — ланцугі. Трэба думаць, як гэта выкарыстоўваць. У мяне была прапанова за 15 дзён да выбараў, калі камісіі абавязаныя прадаставіць сьпісы выбаршчыкаў для азнаямленьня, заклікаць людзей прыходзіць у камісіі і шукаць сябе ў гэтых сьпісах. Гэта пакажа масавасьць людзей, якія б хацелі ўдзельнічаць у зьменах.

— Вы будзеце заклікаць ад каманды нейкага кандыдата ці ад БНФ?

— Я не ўваходжу ў ніводзін штаб, хоць знаёмы з прадстаўнікамі ўсіх штабоў. Партыя БНФ засяродзілася на назіраньні. Асноўнае — паспрабаваць пракантраляваць працэс, вылучыць максымальную колькасьць назіральнікаў. Зараз адбываюцца трэнінгі для гэтых людзей. Мы актыўна ўдзельнічаем у кампаніі «Права выбару», кантактуем зь іншымі ініцыятывамі, якія ладзяць назіраньне. Я думаю, колькасьць людзей будзе вельмі вялікая.

Нашая задума — зрабіць назіраньне такім чынам, каб можна было дакладна дэкляраваць, што на пэўнай тэрыторыі адбылася нейкая падзея.

 79F43824-E782-4F93-9B55-37C812E69B80_w1023_r0_s

«Вынікі назіраньня — адзін з мэханізмаў ціску на ўладу»

Гэтая кампанія адрозьніваецца тым, што ў нас ня будзе назіральніцкай камісіі АБСЭ. Гэта будзе ўплываць на тое, як міжнародная супольнасьць будзе ацэньваць гэтую кампанію. Прыкладам, падчас мінулай парлямэнцкай кампаніі на наступны дзень пасьля выбараў мы сабралі 10-сантымэтровы стос скаргаў з участкаў. У мяне была сустрэча зь місіяй АБСЭ, якая працавала ў Горадні, я перадаў копіі скаргаў ім. На наступны дзень зьявілася папярэдняя справаздача АБСЭ аб непрызнаньні выбараў свабоднымі і дэмакратычнымі.

Я таксама люблю прыводзіць у прыклад рэфэрэндум 2004 году, дзе я працаваў назіральнікам. Я адседзеў на ўчастку, ні разу не выходзячы. Тады я атрымаў пратакол, дзе за пытаньне, якое выносіў Аляксандар Лукашэнка, прагаласавала 37%. Гэта былі рэальныя лічбы ў раёне, дзе жывуць пэнсіянэры-адстаўнікі. Гэта вынік назіраньня. У любой сытуацыі час ад часу зьяўляюцца вокны магчымасьцяў.

— Сёлета абмежавалі колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках. Як вы ў гэтай сытуацыі плянуеце зладзіць назіраньне?

— Каардынатар кампаніі «Права выбару» Сяргей Верамеенка кажа, што ў іх ёсьць плян, як дамагчыся, каб гэтыя людзі патрапілі на ўчасткі, ці прынамсі зафіксаваць, што іх не дапускаюць, і адпаведна гэта таксама фіксаваць як парушэньне.

— Дапусьцім, назіральнікі адпрацуюць, міжнародная супольнасьць не прызнае выбары, але ўлада застаецца. Прынамсі, так было раней…

— Калі ацэньваць выключна з пазыцыі ўлады, то так. Але непрызнаньне выбараў уплывае на сытуацыю на міжнароднай арэне, на супрацу міжнародных структураў з рэжымам у Беларусі, на колькасьць сустрэчаў, дамоваў. З аднаго боку, мы бачым, што Аляксандар Лукашэнка знайшоў агульную мову са Злучанымі Штатамі, пасол вяртаецца. Але пры гэтым пытаньне для Аляксандра Лукашэнкі палягае перш за ўсё ў плашчыні фінансаў, атрыманьня крэдытаў, датацый. Гэта мэханізм, якім можна ціснуць на рэжым, каб вокнаў магчымасьцяў рабілася ўсё больш.

«Зьмены не адбываюцца па шчаўчку і ў адзін дзень»

— Агульная атмасфэра сёлета — людзі актыўна ставяць значкі на свае аватаркі ў сацыяльных сетках, выходзяць на вуліцы, ствараюць чэргі. У вас ёсьць такое адчуваньне, як у некаторых прадстаўнікоў традыцыйнай апазыцыі, што гэта ня мае сэнсу і вы ведаеце, як будзе?

— Ніхто ня ведае, як будзе. Я магу канстатаваць вельмі высокі градус пратэставых настрояў. Людзі сапраўды хочуць зьменаў. Людзі сапраўды спрабуюць нешта рабіць. Людзі сапраўды знаходзяць новыя магчымасьці: Telegram-каналы, тое, што раней выкарыстоўвалася менш. Я абсалютна перакананы, што Беларусі наканавана лёсам зьмяніцца. Я таксама перакананы, што зьмены не адбываюцца па шчаўчку і ў адзін дзень. Нават калі гэта пратэсты, то ня ў ноч з 9 на 10 жніўня, а гэта доўгатэрміновы працэс.

Людзі, якія ставяць значкі і кажуць: «Хто заўгодна, абы не Лукашэнка», — гэта вельмі шкодна. О’кей, калі гэта будзе Кадыраў, гэта будзе лепш для Беларусі ці горш? Нам трэба разумець, што чалавек, які прыйдзе пасьля Лукашэнкі, будзе ў вельмі складанай сытуацыі, ён павінен карыстацца вельмі вялікім даверам. Калі ён ці яна абяцае правесьці новыя выбары, то павінен разумець, што прэзыдэнцкія выбары маюць адбыцца пасьля выбараў у парлямэнт, павінна прайсьці рэальнае разьдзяленьне ўладаў, павінен зьявіцца орган, які можа кантраляваць прэзыдэнта, і справядлівая судовая сыстэма.

E0A317D9-60D8-4BC9-A39A-FD734382A1C8_w1023_r0_s

«Заўсёды адкрываюцца вокны магчымасьцяў»

— Твар гэтай кампаніі — тры жанчыны. Ёсьць меркаваньне, што кандыдата-жанчыну не падтрымаюць мужчыны — як помста жанчыне, якая здолела.

— Беларусь — гэта жанчына. Для мяне асабіста няма ні крыўды, ні перашкоды, што кандыдат — жанчына. Мне падаецца, што ў дадзенай сытуацыі можа быць пазытыўна, калі мужчыны пачнуць бараніць жанчын. Сытуацыя, калі дапамогі просіць жанчына, гэта дакладна ня будзе нэгатыўна. А тое, што жанчыне-Беларусі сёньня патрэбная дапамога ўсіх, гэта дакладна. Давайце дапамагаць Беларусі, а свае крыўды пакінем пры сабе.

— Ці зьменіцца ўлада 9 жніўня?

— Беларусь мяняецца кожны дзень. Кожны дзень прыходзяць новыя актывісты ў штабы, удзельнікі ў назіраньне. Кожны дзень людзі знаходзяць новую інфармацыю і далучаюцца да пратэставых настрояў. Безумоўна, 9 жніўня Беларусь будзе іншай. Наколькі яна будзе з новым прэзыдэнтам, гэта будзе залежаць толькі ад нас.

— Ёсьць частка насельніцтва, якія вераць, што 9 жніўня пераможа не Лукашэнка. Але калі ўлада ня зьменіцца, то празь якія далейшыя крокі зьмена стане магчымай?

— Калі 10 жніўня ў нас ня будзе новага прэзыдэнта, будзе вельмі шмат расчараваных людзей. Трэба гэта мець на ўвазе і ўсе сілы накіроўваць на тое, каб яны ня зьехалі ў эміграцыю. Безумоўна, будзе вельмі шмат людзей, якія будуць адчуваць сябе пакрыўджанымі. Гэтым людзям варта прапаноўваць актыўнасьць: пачынаючы ад «італьянскіх забастовак», калі людзі ходзяць на працу, але выконваюць свае абавязкі вельмі марудна, да адкрытага непадпарадкаваньня, здыманьня грошай з банкаўскіх рахункаў, нявыплаты падаткаў.

Людзей, якія б хацелі зьменаў у Беларусі, вельмі шмат. Не заўсёды яны добра арганізаваныя і структураваныя. Але, магчыма, у гэтым і сіла, бо разагнаць працэс, які не кантралюецца з аднаго цэнтру, вельмі складана. Дэцэнтралізацыя — таксама фішка гэтай кампаніі.

 9D71B3D9-5AD1-403E-AE87-3E9246FAD61F_w1023_r0_s

«Абраная стратэгія менш важная за адзінства»

Самае галоўнае — не расчаравацца, не апусьціць рукі, ня зьехаць у эміграцыю і памятаць, што ёсьць мэта, да якой мы павінны дайсьці.

— Вы самі раней перажывалі такое вялікае расчараваньне?

— У кожнай выбарчай кампаніі ёсьць запал, у які чалавек упадае паступова. У гэтую кампанію я зразумеў, што ў любым працэсе варта ўдзельнічаць з халоднай галавой, разумеючы наступствы.

Былі кампаніі, калі я ўваходзіў у кураж, пасьля іх я расчароўваўся. Я люблю казаць, што я стрэсаўстойлівы. Майго ўнутранага запалу хапае, каб вярнуцца да актыўнай дзейнасьці. Ня варта настройвацца на тое, што абавязкова будзе расчараваньне. Варта ўлічваць такую магчымасьць. Варта верыць у канчатковую мэту, глядзець на 9 жніўня не як на пункт Х, а як на крок да той Беларусі, якая павінна быць.

«Абсалютна няважна, што будзе напісана ў бюлетэні, ці выбаршчык адарве палавінку, ці сфоткаецца зь бюлетэнем»

— Вернемся да апазыцыі, якая была актыўнай у 90-х гадах, і той, якая зьявілася сёлета. Ці розныя ў іх ролі?

— Гэты падзел на старых і новых быў інсьпіраваны, каб унесьці раздрай. Ня ведаю кім. Сёньня як ніколі патрэбнае адзінства ўсіх. Відавочна, што кампанія, якая адбываецца сёньня, стала магчымай, бо Дзіма Дашкевіч сядзеў у турме.

Толькі Бог ведае, што адбудзецца. Мы можам плянаваць актыўнасьць, праводзіць дзейнасьць, прагназаваць вынікі. На сёньня асноўнае — адзінства паміж тымі, хто ішоў раней, і тымі, хто ідзе зараз. Вельмі шмат людзей, якія ўдзельнічалі ў папярэдніх кампаніях, удзельнічаюць і цяпер. Яны маюць досьвед, якога ня маюць маладыя людзі, для якіх гэтая кампанія першая.

— Вы кажаце, што варта аб’ядноўвацца. Але сёньня людзі падзеленыя прынамсі на дзьве групы: байкот або «ўсе на выбары 9 жніўня». Лідэрская пазыцыя і, адпаведна, апошняе слова, здаецца, сёньня за «тройцай». Хто мусіць саступіць?

— Абодва бакі. На сёньняшні дзень няма ніякай розьніцы: байкот, ці «прыйшоў-прагаласаваў», ці нешта іншае. Кампанію, якая ідзе цяпер, не кантралюе грамадзтва. Большасьць нашых вылучэнцаў не ўключылі ў выбарчыя камісіі. Гэта сьведчыць пра тое, што ўстаноўка Цэнтравыбаркаму для гэтых камісій: падлічваць так, як яны рабілі ў папярэднія кампаніі, не зважаючы на рэальныя лічбы, пісаць у пратакол тое, што прыйдзе з гарвыканкаму ці райвыканкаму.

У гэтай сытуацыі абсалютна няважна, што будзе напісана ў бюлетэні, ці выбаршчык адарве палавінку, ці сфоткаецца зь бюлетэнем. Важна, наколькі людзі гатовыя адстойваць свае галасы. Калі людзі праглынаюць, тады сытуацыя ня зьменіцца. Тады гэта доўгі шлях, пакуль грамадзтва ня зьменіцца. Адзінства на сёньняшні дзень нашмат больш важнае, чым любая стратэгія. Ня мае значэньня, што людзі будуць рабіць да моманту падліку і агучваньня галасоў. Важна тое, ці будуць яны разам пасьля агучваньня вынікаў.

— Пра неабходнасьць аб’яднаньня гаварылі здаўна. Як гэта практычна вырашыць?

— Гэта адзін з момантаў высьпяваньня грамадзтва. Людзі самі для сябе прымаюць рашэньне. Паступіцца павінны і тры асобы, якія зьяўляюцца тварам кампаніі, і лідэры тытульнай апазыцыі, якім падаецца, што яны самыя разумныя і ўсё ведаюць.

— Дык, на вашую думку, якая стратэгія больш дзейная: байкот ці «ўсе на выбары»?

— Праводзіць выбары ў час пандэміі, на маю думку, падвойнае злачынства. Я абсалютна перакананы, што нават да піку [каранавірусу] мы яшчэ не дайшлі, і сытуацыя вельмі кепская. Шмат памылак, якія здараюцца цяпер, зьвязаныя з эўфарыяй, якая ахоплівае людзей. З аднаго боку, 10 тысяч на мітынгу ў Менску. З другога боку, 95% людзей, якія стаяць плячо ў плячо, прыйшлі бяз масак, без дыстанцыі, яны ня думаюць пра тое, што будзе зь імі праз два тыдні.

— Наколькі Плошча эфэктыўны інструмэнт уплыву на сытуацыю?

— Мае сэнс, калі Плошча — гэта толькі элемэнт агульнага супраціву. У кожнага чалавека ёсьць дапушчальны парог пратэсту. Нехта вырашыць, што паставіць крыжык за апазыцыйнага кандыдата — гэта максымальны пратэст, на які ён гатовы пайсьці. Можна выйсьці на плошчу і стаяць з намётам. Хтосьці гатовы пазваніць свайму сябру, які працуе ў камісіі, і папрасіць сумленна палічыць гэтыя бюлетэні. Я разглядаю Плошчу як адзін з мэханізмаў ціску. Гэтых мэханізмаў мае быць вельмі шмат.

Адна з задач, што стаяць цяпер перад кандыдатамі, — прапанаваць гэтыя варыянты. Іх шмат. Можна падняць кніжку Джына Шарпа пра негвалтоўны супраціў. Наколькі кандыдаты гатовыя зараз заклікаць да абароны галасоў? Пасыл ад кандыдатаў да людзей павінен быць недвухсэнсоўны, дакладны, ясны. Інакш у нас будзе стыхійны пратэст зь невядомай пэрспэктывай.

Калі кандыдаты гатовыя ўзяць на сябе арганізацыю пратэставых акцыяў пасьля, яны павінны разумець, што на акцыі прыйдзе шмат людзей, ім трэба будзе кудысьці хадзіць у прыбіральню. Людзі павінны нешта рабіць, а ня толькі абдымацца і танцаваць. Нехта павінен да іх прамаўляць, нехта павінен даваць навіны. Гэта цяпер пытаньне да тых стратэгіяў, якія штабы маюць на дзень выбараў і на дзень пасьля выбараў.

325EA33D-EBBE-4A2A-8EC3-4F6587D931B7_w1023_r0_s

«Улада не мяняецца ў адзін дзень»

Паводле Радыё Свабода

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.