Партыя БНФ » БНФ узнагароджвае Паўла Севярынца знакам Івашкевіча і патрабуе вызваліць вязьня
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ узнагароджвае Паўла Севярынца знакам Івашкевіча і патрабуе вызваліць вязьня

Дададзена 27.07.2020 5:48:07 | 603 праглядаў

Рашэньнем ліпеньскага Сойма Партыі БНФ памятным знакам імя Віктара Івашкевіча будзе ўганараваны беларускі палітык Павал Севярынец, які цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні. Гэтым знакам Партыя БНФ традыцыйна адзначае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцыяў.

Ліпеньскі Сойм Партыі БНФ вырашыў уганараваць Паўла Севярынца гэтай узнагародай ў знак прызнаньня ягонай вызначальнай ролі як арганізатара і натхняльніка серыі масавых акцыяў пратэсту, што адбыліся ў Беларусі напрыканцы 2019 года і былі скіраваныя супраць пагрозаў “паглыбленай інтэграцыі” і страты беларускага дзяржаўнага сувэрэнітэту.

Гэты знак быў заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца Віктара Івашкевіча, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода ўручаецца ў сёмы раз.

севярынецЦяпер Павел Севярынец знаходзіцца ў зьняволеньні ў ізалятары на Акрэсьціна – рэжым кінуў палітыка за краты па хлусьлівых абвінавачаньнях у адміністрацыйных правапарушэньнях, штораз падаўжаючы яму тэрмін зьняволеньня на новыя і новыя “15 сутак адміністрацыйнага арышту за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў” (агульная працягласьць арышту можа перавышаць сто сутак). Умовы ўтрыманьня зьняволеных на Акрэсіцна ёсьць нялюдскія і расцэньваюцца праваабаронцамі як форма катаваньняў. Праваабарончы рух Беларусі супольнай заявай абвесьціў Паўла Севярынца палітычным зьняволеным.

Сойм Партыі БНФ патрабуе неадкладнага вызваленьня Паўла Севярынца і ўсіх палітычных вязьняў,  пратэстоўцаў, сябраў ініцыятыўных групаў кандыдатаў, што былі зьняволеныя за ўдзел у мірных акцыях. Сойм лічыць недапушчальным злоўжываньне адміністрацыйным і крымінальным перасьледам палітычных апанентаў як сродкам ўтрыманьня адзінаасобнай аўтарытарнай улады і задушэньня справядлівага народнага пратэсту.

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча будзе ўручаны Паўлу Севярынцу пасьля яго вызваленьня.

Знак імя Віктара івашкевіча

Штогадовым памятным знакам імя Віктара Івашкевіча уганароўваюцца выбітныя асобы альбо арганізацыі, якія былі ініцыятарамі найбольш значных масавых акцыяў, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацыяў, пікетаваньняў, шэсьцяў, аўта ці велапрабегаў. Крытэрамі для ўручэньня знаку з’яўляюцца: актуальнасьць тэмы акцыі і яе адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ,  актуальнасьць узьнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасьць і творчы падыход пры плянаваньні і правядзеньні акцыі, грамадзкі розгалас і масавасьць акцыі, яе ўплыў на грамадзтва ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі.

Уладальнік памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча вызначаецца галасаваньнем сябраў Сойму БНФ і абвяшчаецца 27 ліпеня, у дзень абвяшчэньня дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі.

У мінулым годзе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча быў уганараваны намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. Такім чынам была адзначаная ягоная роля ў справе арганізацыі мітынгу з нагоды 101-й гадавіны  абвяшчэньня Трэцяй Устаўной граматы БНР, які стаўся найболш маштабнай імпрэзай у мінулагоднім адзначэньні гадавіны беларускай незалежнасьці і стварыў прэцэдэнт, калі галоўная пляцоўка найвялікшага патрыятычнага сьвята месьціцца па-за Менскам.

У ранейшыя годы знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся лідэру грамадзкай арганізацыі “Альтэрнатыва” Алегу Корбану, кінарэжысэрцы і грамадзкай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідэру “Маладога Фронта” Зьмітру Дашкевічу, вэтэрану нацыянальна-адраджэнскага руху  Ніне Багінскай, сябры БНФ і ўладальніку крамы symbal.by Паўлу Белавусу.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.