Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў – пра адсутнасьць рэформаў у сельскай гаспадарцы: “Ад такіх прыпісак нават папера не магла вытрываць — пачынала чырванець”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў – пра адсутнасьць рэформаў у сельскай гаспадарцы: “Ад такіх прыпісак нават папера не магла вытрываць — пачынала чырванець”

Дададзена 31.07.2020 12:50:14 | 235 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у сваім блогавым допісе на сайце “Беларускія навіны” піша пра прыпіскі і маніпуляцыі статыстыкай, якія замяняюць рэформы ў сельскай гаспадарцы Беларусі.

Рыгор Кастусёў ГоркіВыніковыя лічбы развіцця розных галін эканомікі Беларусі ўсё часцей і часцей сталі залежыць не ад дасягненняў прадпрыемстваў, а ад жаданняў і ўказілавак кіраўніка краіны.

Так і на гэты раз, 27 ліпеня, у час працоўнай паездкі ў Нясвіжскі раён Аляксандр Лукашэнка агучыў чарговую ўстаноўку для чынавенства на ураджай зернявых культур.

Згодна яго ўстановак, мінімум, які належыць узяць хлебаробам краіны ў бягучым годзе, павінен скласці 9,5 млн тон. З іх — 8 млн тон зерня і 1,5 млн тон кукурузы.

Нават тэму выбарчай кампаніі Лукашэнка адсунуў на другі план. «Выборы выборами, а кушать все хотят. Поэтому главное должно быть сосредоточено здесь. Выборы — это уже вторично», — акцэнтаваў ён увагу чынавенства.

І тут жа міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко ад імя ўсіх прысутных па прынцыпу «что нам стоит дом построить, нарисуем — будем жить» запэўніў, што сёлетняя ўраджайнасць у 37,6 ц/га дазволіць сабраць нават 8,1 млн тон зерня, а прыбаўка бягучага года ў параўнанні да мінулага складзе 1,5 млн тон.

Прынцып «намалюем — будзем жыць» у сельскай гаспадарцы працуе ўжо колькі год.

Жыць будзем абавязкова, толькі як? Бо ад таго, які збор ураджаю хлеба намалююць чыноўнікі на паперы, узровень і якасць жыцця грамадзян краіны не палепшыцца.

У 2016 годзе ад устаноўкі на збор зернявых і зернебабовых культур па краіне ў памеры 9 млн тон бункернай вагой пасля перапрацоўкі і сушкі засталося рэальна толькі 7,5 млн тон.

У жніўні 2017 года ў час падобнай паездкі ў Брэсцкую вобласць ад кіраўніка краіны паступіла ўстаноўка на збор 10 млн тон бункернай вагой. І як у нас бывае, патрэбна 10 мільёнаў— зрабілі 10 мільёнаў.

Была спроба замахнуцца і на 12 мільёнаў. Яшчэ згодна “Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла на 2011—2015 гады” аграпрамысловы комплекс краіны павінен быў да 2015 года дасягнуць вытворчасці зернявых і зернебабовых культур у памеры 12 млн тон.

Ад такіх прыпісак нават папера не магла вытрываць — пачынала чырванець. Таму на самым высокім узроўні былі праведзены карэктыроўкі.

І ўжо згодна дзяржаўнай праграмы на 2016—2020 гады былі закладзены больш нізкія паказчыкі і арыенціры ў памеры 10 млн тон.

Закласці то заклалі, але ж нічога путнага для гэтага ў сельскагаспадарчай галіне так і не зрабілі.

Таму і прыходзіцца Лукашэнку штогод даваць устаноўкі чыноўнікам па ўраджайнасці і валаваму збору хлеба, выязджаючы са сваёй світай на прыроду ў розныя рэгіёны краіны, растрачваючы бюджэтныя сродкі, тоны паліва, так неабходнага на той жа уборачнай кампаніі.

Але ж прыпіскамі людзей не накорміш, узровень жыцця не падымеш.

Ад неабходных рэформаў на сяле кіраўніцтва краіны адмаўляецца, што прыводзіць да далейшага пагаршэння стану сельгаспрадпрыемстваў, да збяднення сялян.

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.