Партыя БНФ » “Мае 10 сутак”: пра адміністрацыйны арышт у Вілейскім ізалятары часовага ўтрыманьня прыгадвае сябра Сойму БНФ Аляксей Сюдак
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Мае 10 сутак”: пра адміністрацыйны арышт у Вілейскім ізалятары часовага ўтрыманьня прыгадвае сябра Сойму БНФ Аляксей Сюдак

Дададзена 09.08.2020 12:01:33 | 383 праглядаў

Я, Аляксей Сюдак, жыхар Вілейкі, сябра партыі БНФ, былы настаўнік гісторыі, асістэнт рэжысёра ў кіно, атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышта за тое, што карміў галубоў на Цэнтральнай плошчы ў Вілейцы. Хачу распавесці, як праходзілі гэтыя суткі, гісторыі маіх сукамернікаў, і чым займаюцца адміністрацыйна затрыманыя.

18 траўня 2020 года мяне Вілейскі суд пакараў дзесяццю суткамі адміністрацыйнага арышта за тое, што я, як і іншыя жыхары горада Вілейкі, карміў галубоў і гуляў па плошчы.

Суд скончыўся толькі каля 19 гадзін, хаця звычайна суддзі працуюць да 18.00. Але ім вельмі патрэбна было пакараць мяне менавіта ў гэты дзень. Супрацоўнік міліцыі завёў мяне ў ізалятар часовага ўтрымання. Я здаў рэмень, крыжык з ланцужком, шнуркі і іншыя рэчы, якія нельга браць у камеру. Мне выдалі матрац, падушку, коўдру, прасціну, навалачку і ручнік.

Супрацоўнікі міліцыі пастараліся выбраць рэчы больш навейшыя. Я ведаў, што мяне могуць пасадзіць на суткі, таму ўжо на суд прыйшоў з пакункам, у якім былі кнігі “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае” і Біблія, а таксама паста, мыла, зубная шчотка, ручкі, сшытак для запісаў і асадкі.

1

На судзе з сябрамі 18 траўня 2020

Дзень першы
18 траўня 2020 года
Зайшоў у камеру: у ёй тры чалавекі, аднаго з іх ведаю.Гэта Валера С. Яму 47 гадоў. Жыве ў Вілейцы, але сталага жытла не мае. Зарабляе выпадковымі заробкамі, часта ездзіць дзеля гэтага ў Менск. Ён перыядычна выпівае, і часам шмат. Але сочыць за сабой – ходзіць у чыстай вопратцы і заўсёды паголены. Яго часта прысуджаюць да адміністрацыйнага арышта. Да гэтага быў асуджаны і да зняволення. Гэтым разам яму прысудзілі 5 сутак, сядзіць ужо 4. Заўтра павінен выйсці. Прычына, па якой ён зараз тут, простая – працаваў у чалавека за 20 рублёў у дзень. Выпіўшым прыйшоў за разлікам. Гаспадар вырашыў п’янаму грошы не аддаваць. Валера пачаў скандаліць, гаспадар выклікаў міліцыю. Валера вельмі гаваркі. =)Другі сябра па няшчасцю – Коля. Яму больш за 60 год. Ён з адной з вёсак Вілейскага раёна. Патрапіў у міліцыю і на суткі першы раз у жыцці і вось па якой прычыне. Ён хоць і на пенсіі, але яшчэ працуе ў прыватніка. Разам з жонкай яны капілі грошы. Накопленых было каля 6000 даляраў. У нядзелю ён выпіў і ці то палез паглядзець тыя схаваныя грошы, ці пабачыў сына на новай машыне, якая каштуе больш 20000 даляраў, але ён зразумеў, што жонка, не папярэдзіўшы яго, не параіўшыся з ім, дала сыну гэтыя грошы. І Колю ня столькі тых грошаў было шкада, а стала крыўдна, што да яго з такой непавагай паставіліся. Ён распачаў скандал. Калі сын пачаў яго супакойваць ці сварыцца з ім, то Коля ці то ўзяў нож са стала, ці сказаў, што возьме зараз нож, які ляжыць на стале.

У выніку яго чакае суд за скандал з жонкай – гэта ці штраф, ці суткі. А сын напісаў заяву, што яму бацька паграджаў нажом. Следчы ці то ўзбудзіў крымінальную справу, ці праводзіць праверку, але Колю таксама за гэта паградае некалькі месяцаў арышту ці іншае пакаранне. Бачна, што для Колі гэта вялікі стрэс. Ён перажывае з-за гэтай сітуацыі, за знаходжанне ў камеры, з-за таго, што сын на яго напісаў заяву. Коля ўвесь час ці сядзіць, ці ляжыць на нарах, амаль не ходзіць па камеры і амаль не размаўляе. У адрозненні ад Валеры і трэццяга насельніка камеры Лёшы П.

Лёша П. Яму далі 10 сутак арышту. Ён будзе сядзець яшчэ 4 сутак. Лёша тут “пастаянны кліент”. Ён раней судзімы. Яму за 40 гадоў. Бацькі яго памерлі. Леша сядзіць зараз за тое, што хацеў скрасці з “Еўраопту” дзве чакушкі каньяку. Яго злавілі. За такія правапарушэнні Лёшу затрымліваюць пастаянна. Бывае, паміж затрыманнямі праходзіць 1-2 сутак. Бывае больш. Як ён сказаў, і Новы год, і Вялікдзень, і Дзень Перамогі ён правёў тут, у камеры.

Ніякіх перадачаў ім не прыносяць. Я не ведаю, як іх тут кормяць, але ў іх тут нічога няма. Нават калі ахоўнікі прапанавалі ім кіпень, яны яго п’юць пустым. Заваркі ў іх няма. Цыгарэт няма. Шкадую, што не ўзяў з сабой хоць якой ежы. І цыгарэт ў мяне толькі некалькі штук. Частую іх цыгарэтамі. Яны смачна кураць. Валера з Лёшам размаўляюць гучна, гуляюць у покер з кубікамі, злепленымі з хлеба. Яны вельмі ўзрадаваліся, што я даў ім ручку, бо папера ў іх ёсць, а пісаць няма чым.

Паспрабаваў чытаць кнігу “Беларуская дзяржава ВКЛ”, але кніга складаная – многа датаў, вытрымак з летапісаў, імёнаў… Мае суседзі не даюць засяродзіцца. Таму я хаджу па камеры. Камера памерам прыкладна тры на шэсць метраў. У ёй тры двухпавярховыя нары на шэсць чалавек, невялікі столік і скамейка, прыкручаныя да падлогі, палічка з жалеза, прымацаваная да сцяны, у куце за невялікай сценкай – прыбіральня.

На паліцы акрамя пластыкавых шклянак ад каш хуткага прыгатавання, якія вязні выкарыстоўваюць замест шклянак, ляжаць кнігі. Невялікая колькасць. Многія парваныя. Знаходжу кнігу, якую чытаў у дзяцінстве – Артур Конан Дойль “Затерянный мир”. Легкае чытво, за якім я адпачну.

Распавёў сукамернікам, што я палітычны арыштант, за што сюды патрапіў. Але коратка, без нюансаў.
Залез на сваю нару і да ночы чытаю Дойля.

Дзень другі
19 траўня 2020 года. Аўторак
Прачнуліся каля 7.00. Хто хацеў памыўся. Я і Валера зрабілі зарадку.Пасля 7.30 прынеслі сняданак. У жалезнай місцы грэчка з катлетай з сталовай «Вяснянка» і кавалак хлеба. Нармальная на смак ежа. Для мяне порцыя дастатковая, але маім сукамернікам яўна не хапае.
Мне прынеслі перадачу ад матулі – вопратка і сродкі гігіены. Да вялікага расчаравання маіх сукамернікаў там няма ні цыгарэт, ні гарбаты.У 10.00 скончыўся арышт Валеры. Ён яшчэ ўчора пагаліўся, памыў і за ноч высушыў вопратку. Ён свежы выходзіць на волю з дакладнай задачай ехаць у Менск на працу, бо ў яго ёсць некалькі варыянтаў. Я папрасіў яго схадзіць да маіх сяброў і перадаць інфармацыю.

Застаемся ўтрох. Коля ўсё сумуе і чакае, калі яго павядуць на суд па адміністрацыйнай справе.
У гэты час мне прыходзіць перадача ад некага, відаць з маіх «бывалых» сяброў. Гэта самая радасная перадача для маіх сукамернікаў. Пакет, у якім больш за дзесяць пачак цыгарэт і пакунак гарбаты.
Весялее нават Коля, калі я з пакета дастаю гэтыя пачкі цыгарэт і кладу на стол гарбату. Яны прагна кураць.

Прыходзіць міліцыянер і забірае Колю на суд. Ён хутка вяртаецца, бо з- за каронавіруса суд праходзіць па відэаканферэнцыі – суддзя знаходзіцца ў судзе, а той, каго судзяць — у пакоі ізалятара часовага ўтрымання.

За сямейны скандал суддзя прысудзіў Колю штраф — 4 базавыя. Яго адпусцяць дадому, а крымінальная справа будзе працягвацца… Пасля 12.30 прыносяць абед — боршч, макароны, салат з капусты, невялікі кавалак рыбы мінтай і кавалак хлеба. З’ядаю боршч, трошкі пакавыраў макароны і салат. Голаду яшчэ няма. Коля і Лёша з’ядаюць усё без астатку. Колю адпускаюць дадому. У яго вельмі змяніўся настрой.

Застаемся з Лёшам. Лёша просіць у міліцыянераў кіпень. Пытаецца ў мяне, ці моцную гарбату заварваць, ці п’ю я моцную. Я яму кажу, каб заварваў такой моцы, як яму падабаецца, і каб гарбаты не шкадаваў. Ён на вялікі кубак засыпае каля 1,5 карабкі і доўга заварвае. Мы з Лёшам п’ем такі напалову «чыфірок». Лёшына жыццё наладзілася. Ён задаволены і нашай «чайнай цэрымоніяй», і наяўнасцю вялікай колькасці цыгарэт, бо да гэтага яны курылі акуркі ці зусім нічога.

Ён настроены на філасофскі лад і разважае пра сваё жыццё. Як ён у свае 42 гады дакаціўся да такого жыцця, як з яго выбрацца, чаму ён не можа знайсці ў сабе сілаў нешта змяніць. Потым ён прапануе мне згуляць у покер. Я кажу, што не гуляў з 2006 года, калі сядзеў 15 сутак за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аляксей кажа, што хутка мяне навучыць. Ну як яму адмовіш? У яго добры настрой, хай будзе яшчэ лепшым.

Шкадую, што ў камеры не адзін, бо хацеў бы гэтыя 10 сутак пісаць, думаць, чытаць, прысядаць і адціскацца, нават не курыць, але дзе тут з такімі сукамернікамі.Каля дзвюх гадзін гуляем у покер.
У гэты час у камеру заходзіць з матрацам і бялізнай Вова. Вову 60 гадоў. 13 гадоў ён правёў у турме.
Першае пытанне:
— Есть курить? Есть варить?

«Варыць» — гэта пра моцную гарбату. Кажу, што ёсць. Частую цыгарэтамі. Лёша просіць у міліцыянераў кіпень. Яны абяцаюць прынесці. Мы курым. Вова распавядае, што яго змясцілі ў камеру да суда за парушэнне надзору пасля адсідкі ў лагеры, які яму прызначаны судом. Думае, колькі сутак яму за парушэнне дасць суд:10 ці 15?

Распавядае, што жыве ў інтэрнаце ЖКГ, туды яго засяліла міліцыя, бо жыць яму не было дзе. Ён павінен працаваць, не парушаць рэжым, але ў яго ніяк не атрымоўваецца. У камеру заходзіць Дзіма. Дзіма — сусед Вовы па пакоі ў інтэрнаце. Таксама судзімы за крадзёж. Вызваліўся з калоніі 8 траўня. Прычына, чаму ён тут — таксама парушэнне надзору. Пытаецца ў мяне, за што я тут. Коратка распавядаю.

Яны распавядаюць пра сваё жыцце. Вова збірае і здае металалом, летам — ягады і грыбы. Распавядае, як пасля апошняга вызвалення з турмы спаў у пад’ездах, бо не было куды ісці, а калі баяўся, што яго за гэта затрымаюць міліцыянеры, ішоў у лес. Холодам распальваў два вогнішчы, потым адно тушыў, на яго клаў лапнік, на якім спаў, а ад другога вогнішча грэўся. Кажа: «Я і ў пустыні выжыву. Я люблю прыроду.»

З гэтага размова пераходзіць на прыроду, грыбы, лясы, рыбалку і Вілію. Вова распавядае пра рыбалку ў нашым краі. Ну і я тут таксама пачаў распавядаць. Я распавёў ім пра кнігу вілейчаніна Міхаіла Міхалевіча «Пра Вілію, рыбу і рыбалку». Потым распавядаю пра падарожжа графа Тышкевіча па Вяллі ў 1857 годзе. Абяцаю Вову, што папрашу маю матулю, каб перадала гэтую кнігу нам у камеру, і калі Вова атрымае суткі, то зможа яе пачытаць.

Дзіма. Дзіма павінен быў пасля вызвалення з аршанскай калоніі
10.05.2020 г. з’явіцца ў Вілейскі РАУС. Але ёз заехаў у Менск да сястры, зайшоў да бацькі і прыехаў у Вілейку толькі 15.05.2020 г., за што і будзе прыцягнуты да адказнасці за парушэнне рэжыму. Маці ў Дзімы загінула ў 2003 годзе, яе збіў аўтамабіль. Бацька яго не хоча прызнаваць і не дапамагае, бо лічыць, што, зрабіўшы злачынства, Дзіма яго апазорыў. Хоць Дзіма і з Менскага раёна, яго накіравалі пад надзор у Вілейку, бо ён прапісаны ў вёсцы Людвінова. Гэта таму, што яго маці, калі развялася з бацькам, паехала
на працу ў калгас у Людвінова, і іх там прапісалі. Там цяпер жывуць іншыя людзі, і Дзіма там жыць не можа. Бацька Дзіму прапісаць у сябе не жадае. Дзіму дапамагае толькі старэйшая сястра. Але сказала, што калі ён будзе выпіваць ці яго асудзяць яшчэ раз, то больш дапамагаць не будзе. Дзіма сумна сядзіць на маім ложку, бо яго — на другім ярусе. Кажыць, што хоча змяніць жыцце, але перашкаджае гарэлка і кампанія. Шкадуе, што вось і ў Вілейцы ўжо атрымаў парушэнне. Запісвае мне свой нумар тэлефона, каб я, калі буду ведаць, што ёсць нейкая праца, патэлефанаваў яму. Дарэчы, пашпарт яго яшчэ не прыслалі з калоніі з Воршы.
Каб разагнаць іх ужо сумны настрой, распавядаю, як здымаецца кіно, пра розных актораў, з якімі працаваў, пра цікавыя моманты на здымках.

Нам прынеслі кіпень. П’ем моцную гарбату. Лёша і Вова садзяцца гуляць у покер. Дзіма сумуе. За гэтую гадзіну-паўтары, пакуль яны гуляюць, я паспяваю дачытаць кнігу. Пасля 23.00 яны кладуцца спаць. Я чытаю і пішу гэтыя радкі.

Дзень трэці
20 траўня 2020 года. Серада
Прачнуўся рана, каля пяці гадзін. Астатнія падняліся каля 7.00. Сёння на сняданак катлета, дзве лыжкі бульбяной кашы і кавалак хлеба.На ранішняй праверцы зноў усім праверылі тэмпературу і агледзелі камеру на наяўнасць забароненых прадметаў. Мы зрабілі прыборку ў камеры, гулялі ў покер.Дзіму і Вову вадзілі на суд. Дзіму прысудзілі штраф 4 базавыя велічыні. Вову – 5 сутак арышту, бо ў яго два парушэнні надзору. Да абеда Дзіма сыйшоў. Я праз яго перадаў дзве запіскі – адну сябрам, другую матулі. На абед далі гарохавы суп, рыс, салату з бурака і маленькі кавалак рыбы. Ад Вовы даведаўся, што хлопцу, які знаходзіўся ў суседняй камеры, суд за абразу міліцыянераў, непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане прысудзіў штраф 24 базавыя велічыні. Атрымліваецца, што быць п’яным і “пасылаць ментоў” танней, чым карміць галубоў.

Каля 15-16 гадзін прынеслі перадачу ад матулі. Ежу, якой узрадаваліся хлопцы больш, чым я, капэрты і кнігі, якім узрадаваўся я. Але Лёха і Вова таксама пагарталі Пелевіна і Гарсіа Маркеса. Лёха сказаў, што шкада, што не пачытае Маркеса, бо заўтра выходзіць, а Вова пашкадаваў, што няма акуляраў.

Зараз яны гуляюць у покер, а я чытаю Пелевіна. Вячэра – 200 грамаў салодкай гарбаты і луста хлеба. Дзякуючы матулі, ў нас ёсць дадатак: сала, чоснік, булка і “Ралтон”.
Перад сном, хоць яму заўтра і выходзіць, Аляксей узяўся чытаць Маркеса.

Дзень чацвёрты
21 траўня 2020 года. Чацвер
Прачнуліся. Нам прынеслі кіпень. Папілі моцнай гарбаты, да якой за гады ў лагерах і арыштах вельмі прывыклі мае сукамернікі. Паколькі ў камеры збіраецца шмат пылу, прапанаваў прыбрацца –
падмялі падлогу, потым яе памылі, працерлі сталы, скамейку і дзверы. Я зноў абмыўся халоднай вадой да поясу, зрабіў зарадку, пахадзіў па камеры.Прынеслі сняданак: рысавая каша, катлета і луста хлеба. Чакаем ранішнюю праверку. Я ляжу на нарах і чытаю Пелевіна. Цэлую раніцу мае сукамернікі напэўна тысячны раз у сваім жыцці плануюць перастаць піць і ўладкавацца на працу. Задаюць мне пытанні, што ім рабіць, куды схадзіць….Лёша збіраецца ісці да свайго ўчастковага Р., каб той уладкаваў яго на працу на звалку ў ЖКГ. Ён просіць мяне, каб я пакінуў яму свой нумар тэлефона. Даю. Канешне, калі ён патэлефануе і будзе прасіць грошы, то я не дам. Але калі я буду ведаць пра якую падпрацоўку, то паведамлю яму. У Лёшы і Вовы тэлефонаў няма даўно, ёсць толькі ў Дзімы.

Як і кожную раніцу, вывелі ўсіх у калідор, адбываецца ранішняя праверка. Абшукалі камеру і кожнага з арыштаваных праверылі металашукальнікам. Таксама, як і кожную раніцу, безкантактным тэрмометрам кожнаму з вязняў памерылі тэмпературу. Мне начальнік ізалятара сказаў, што ў мяне, як і ўчора, павышаная тэмпература, а гэта значыць, што мяне трэба перавесці ў асобную камеру.

Ці сапраўды ў мяне павышаная тэмпература цела, я не ведаю. Магчыма, і так, я паказанняў тэрмометра не бачыў. Магчыма, я разагрэўся ад таго, што раніцай абціраўся халоднай вадой, а потым некалькі соцен разоў прысеў і адціснуўся.

Можа, гэта з-за таго, каб я не кантактаваў з іншымі арыштаванымі. Карацей, збіраю рэчы і “выязджаю ў іншую хату”.

Камера №5. Разлічана на 4 чалавекі. У ёй вакно выходзіць не на ўнутраны двор міліцыі, як у камеры №8, а на старыя вілейскія могілкі. З вакна далёка-далёка бачна месца, дзе пахаваны мой сябра Малярчук Уладзімір Архіпавіч. Зразумела, што магілу з такой адлегласці можна пабачыць толькі ў бінокль, але мне ўсё роўна прыемна, што Архіпавіч зараз побач.

Уладзімір Архіпавіч быў вілейскім праваабаронцам, і яго таксама рэпрэсіўная машына, якую пабудаваў Лукашэнка, шмат разоў судзіла і штрафавала, і арыштоўвала, і ён атрымаў свае суткі ў гэтым жа ізалятары.

Толькі што мяне міліцыянеры звадзілі ў пакой для медагляду, куды яны выклікалі для мяне хуткую дапамогу. Прыехалі доктар і фельдшар з Вілейскай ЦРБ. Яны ў супрацьчумных касцюмах, рэспіратарах і пластыкавых масках. Памерылі мне тэмпературу, ціск, колькасць кісларода ў крыві, праслухалі лёгкія. Тэмпература, узровень кісларода ў крыві і легкія нармальныя. А вось ціск падвышаны. Магчыма, гэта ад таго, што шмат прысядаў і адціскаўся. Сказалі сёння больш не нагружаць арганізм і далі таблетку.

Вярнуўся ў камеру. Гэта камера значна халаднейшая, тая была скіраваная на ўсход, і сонейка пачынала свяціць у вакенца і праграваць сцены зрання. У той камеры мерзлі толькі мае сукамернікі, а ў гэтай холадна і мне.

П’ю гарбату і разважаю: у якой камеры знаходзіцца лепш, у былой №8 ці ў цяперашняй №5? З аднаго боку, там было цяплей і свяціла сонца, але тут лепшы від з вакна.

Што лепш – там, з кампаніяй арыштантаў, ці аднаму тут? Там былі розныя людзі. Сёння ў 15.00 павінен быў выйсці на волю Лёха. Я б з ім перадаў прывітанне сваім сябрам і сказаў бы, што мне трэба прынесці. А замест яго прыйшоў бы новы цікавы “экзэмпляр”. Ён бы распавёў сваю тыповую ці не тыповую гісторыю. Я б яе запісаў, і для вас гэты аповяд пра мае 10 сутак быў бы больш цікавым. Хоць у той камеры мне было складаней чытаць, думаць і пісаць, бо адцягвалі ўвагу, але былі і плюсы. Назіраць за гэтымі людзьмі, якія ўпалі ці амаль упалі на сацыяльнае дно, слухаць іх расповяды. Слухаць пра іх не намаганні, а толькі мары змяніць сваё жыццё ў 42 гады, як Лёха, ці ў 60 гадоў, як Вова. Цікава слухаць і некаторыя гістрыі. Хоць большасць з іх аднатыпныя: “украў – выпіў – у турму”. Джэнтэльмены ўдачы…

Не скажу, што з імі вельмі цікава, але было прыкольна гуляць у покер, піць моцную гарбату кшталту чыфіра. Нават камеру, як сёння, было прыбіраць цікава, бо калі я браўся за венік ці проста казаў : “Ну давайце прыбяром у хаце”, то абавязкова нехта з іх браў анучу, якая ляжала пад дзвярыма замест коўрыка, набіраў у бачок ад унітаза вады, намочваў анучу і чакаў, пакуль я падмяту падлогу, каб яе памыць.Цікава ім было распавядаць пра маю працу ў кіно ці пра гісторыю
Вялікага Княства Літоўскага, напрыклад. Нібыта я зноў настаўнік перад пяцікласнікамі, якія з цікавасцю цябе слухаюць і задаюць пытанні.

Я вельмі хутка сыходжуся з рознымі людзьмі ў незалежнасці ад іх сацыяльнага статуса і хутка сышоўся і з гэтымі бедакамі. Мне нават шкада, што я пераехаў ад іх. Яны зноў будуць сядзець без цыгарэт. Ды і невялікая колькасць прадуктаў, якія мне перадала матуля, для іх было добрым дадаткам да беднай вячэры. Я ім, канешне, пакінуў цыгарэт, гарбаты, “Ралтона”, пакінуў рэшткі сала і чосніка.

Прыгэтым гарбату, “Ралтон” і здобу я сказаў падзяліць ім. Маўляў, хлопцы, пакуль я рэчы складаю, падзяліце. Яны сумленна падзялілі пароўну па пакетах: 50% мне, 50% сабе. Ведаючы, што мне сядзець яшчэ восем сутак, а Вову чацвера: прычым мне сябры і матуля яшчэ перададуць перадачы, а ім ніхто не перадасць. На адыход Аляксей мне сказаў: “Ну, табе аднаму без нас лепш будзе.
Не будзем перашкаджаць табе чытаць…”.
Гэта камера, дзе я зараз, значна чысцейшая. Я зразумеў чаму па надпісах на дзвярах – гэта была жаночая камера, тут адбывалі арышт “Карлочка из Минска”, “Надя и Рыжая”, Насця і г.д.

Плюсы таго, што я буду сядзець адзін, таксама вялікія. Я магу без перашкод думаць, разважаць, пісаць…

Пасля абеда зноў выводзяць у пакой для медагляду. Начальнік
ізалятара часовага ўтрымання дае мне зноў тэрмометр. Цяпер ужо не электронны, а шкляны, ртутны. Мераю тэмпературу. Паказвае 37 градусаў. Начальнік ізалятара сыходзіць раіцца, што са мной рабіць. Я вяртаюся ў камеру. Праз дваццаць хвілін зноў выводзяць у пакой для медагляду. Там той жа доктар і фельдшар, што былі і раніцай. Зноў мераюць тэмпературу і ўзровень кісларода ў крыві нармальныя.

Ціск зноў павышаны. Доктар кажа, што ў іх інструкцыя – калі чалавеку два разы выклікаюць хуткую дапамогу, то чалавека трэба забіраць у прыёмны пакой. Медыкі пытаюцца, ці міліцыянеры адправяць мяне з канвоем, ці без яго. Міліцыянеры адказваюць, што паколькі я не пад следставам, а пад арыштам, то канвой не патрэбны.

Збіраю ў камеры рэчы. Прадукты пакідаю і прашу міліцыянераў, калі мяне пакладуць у бальніцу, каб перадалі іх арыштаваным у маю былую камеру №8.

Едзем у прыёмны пакой у Вілейскую бальніцу. Праязджаючы міма
суда, бачу Паўла Хаванскага і Андрэя Кастэнку. Яны выйшлі на перапынак з судовага паседжання па Кудзіку і Кастэнку, якое пасля перапынку на некалькі дзён працягваецца. Памахаў ім рукой з вакна хуткай дапамогі. Яны пабачылі. Значыць, зараз пойдуць да прыёмнага пакою.

Прыязджаем у бальніцу. Мне дактары яшчэ раз робяць замер тэмпературы цела – нармальная. Робяць кардыяграму – нармальная. Ціск зноў падвышаны. Медыкі з хуткай дапамогі афармляюць дакументы і з’яджаюць. Выходжу на ганак пакурыць. Гляджу на дарогу, адкуль павінны ісці мае сябры ад суда. Выходзіць медсястра і кліча, кажа, што доктар прыйшоў ужо. Доктар слухае лёгкія, гаворыць, што лёгкія чыстыя, без хрыпаў. І раз тэмпература ў норме, лёгкія без хрыпаў, то класці ў бальніцу ня мае сэнсу. Яна гаворыць, што я ім больш не патрэбны, а калі міліцыі патрэбныя дакументы, што я быў у бальніцы – хай самі прыязджаюць.

Выходжу з пакетамі рэчаў на вуліцу. Куру. Тэлефон я пакінуў дома, таму нікому патэлефанаваць не магу. У мяне ў кішэні запіска для матулі, якую думаў перадаць праз дактароў. Бо дактары ведаюць, што я сяджу за “палітыку” і што я адзін з тых, хто збіраў дапамогу вілейскім медыкам для барацьбы з каронавірусам.

Але паколькі выйшаў на волю, то вырашаю зайсці па дарозе ў міліцыю да сваіх сяброў. Ад іх патэлефанаваць Пашу Хаванскаму і перадаць запіску матулі.
Заходжу. Мяне частуюць кавай. Збіраюць бутэрброды і рвуць з градаў цыбулю. Патэлефанаваў сябрам і сказаў, што з бальніцы я выйшаў і дзе я.

Прыходзяць сябры. Ідзем у міліцыю. Заходжу ў дзяжурную частку. Кажу, што мяне не гаспіталізуюць, што гатовы “даседзець” свае 7 сутак.

Пасля доўгага “кансіліуму”, пакуль я куру на вуліцы, мне дзяжурны міліцыянер кажа, што прынятае рашэнне, каб мяне не пакідаць больш на арышт. Асобнай камеры мне няма, ды і наогул…
Карацей, выгналі мяне і з міліцыі. Іду на офіс. Там павінныя быць сябры. Яны здзіўленыя, што я вярнуўся.

П’ем каньяк. Святкуем сустрэчу. Мяне цалуе мой сабака.

7 сутак мне міліцыянеры пакінулі на будучыню. І я ўпэўнены, што яны выкарыстаюць гэта ў самы нязручны для мяне момант…

Крыніца

 

Верасень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.