Партыя БНФ » Праект Канцэпцыі Нацыянальнай бяспекі Беларусі, раcпрацаваны БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Праект Канцэпцыі Нацыянальнай бяспекі Беларусі, раcпрацаваны БНФ

Дададзена 19.08.2020 12:05:35 | 1,098 праглядаў

У сувязі са шматлікімі фэйкавымі паведамленьнямі, у якіх праграма Партыі БНФ прадстаўляецца ў якасці праграмы кандыдата ў Прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай ці ў якасці планаў створанай з яе ініцыятывы Каардынацыйнай Рады, Партыя БНФ публікуе праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.

бнф logoГэты дакумент распрацоўваецца на падставе Праграмы Партыі БНФ і ўтрымлівае ў сабе партыйнае бачаньне рэформаў, неабходных для забеспячэння ўстойлівасці беларускай дзяржавы.

Гэты праект не ўваходзіць і не ўваходзіў у праграму кандыдата Ціханоўскай, што была апублікаваная ў дзяржаўных газетах 4 жніўня 2020 года.

Заява старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва датычна безпадстаўнага прадстаўленьня нашай праграмы ў якасці праграмы Святланы Ціханоўскай і звязаных з ёй ўтварэнняў была агучаная 18 жніўня: “Сёняшнія заявы Лукашэнкі мы расцэньваем як скіраваныя на ўнясенне раздору ў шэрагі дэмакратычных сілаў і спробы адвесці ўвагу ад галоўнага пытання: праіграўшы на выбарах, узурпатар адмаўляецца саступаць уладу законным чынам, ён разгарнуў супраць беларускага народу беспрэцэдэнтную кампанію тэрору.  Такіх зьверстваў Беларусь не ведала з часоў нацысцкай акупацыі. У гісторыі Беларусі імя Лукашэнкі будзе намертва звязанае з масавымі катаваннямі, здзекам і забойствамі” – заявіў старшыня БНФ Рыгор Кастусёў.

праект 2.0

Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

Частка І: Нацыянальныя інтарэсы Беларусі і асноўныя выклікі.

Асноўнымі мэтамі для беларускай дзяржавы і беларускага грамадзтва ёсць абарона нацыянальных інтарэсаў Беларусі і інтарэсаў беларускага народу, інтарэсаў кожнага грамадзяніна.

Асноўнымі нацыянальнымі інтарэсамі з’яўляюцца: забеспячэнне дзяржаўнай незалежнасці ды сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці; захаванне і развіццё нацыянальнай культурнай спадчыны, беларускай мовы; устойлівы эканамічны рост; высокі ўзровень і якасць жыцця грамадзянаў; дэмакратычны лад кіравання.

Сёння сытуацыя як унутры краіны, так і вакол яе, складаецца вельмі неспрыяльным чынам для рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў Беларусі і інтарэсаў беларускага народу.

Асноўныя пагрозы для нацыянальнай бяспекі, для дзяржаўнага сувэрэнітэту і самога існавання Рэспублікі Беларусь паходзяць з боку кіраўніцтва і часткі элітаў усходняга суседа Беларусі — Расейскай Фэдэрацыі. У апошнія некалькі гадоў істотна абвастрыліся агрэсыўныя імперыялістычныя настроі як у шэрагах кіраўніцтва Расеі, так і ў шырокіх колах расейскага грамадзтва. Крэмль адкрыта заяўляе пазыцыі, скіраваныя на рэвізію дзяржаўных межаў і стану міжнародных адносінаў, што былі ўсталяваныя ва Усходняй Еўропе пасля спынення існавання камуністычнай імперыі. Дзеля рэалізацыі сваіх рэвізіяніскіх, імперскіх планаў Масква актыўна выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, сярод якіх вайсковая інтэрвэнцыя, эканамічны ды энэргетычны шантаж, інфармацыйны ціск, распаўсюд фэйкавых навінаў ды дэзынфармацыі, таксычнае ўздзеянне на эліты ды грамадзтвы іншых дзяржаваў, у першую чаргу — суседніх, фальсыфікацыя гісторыі з мэтай маніпуляцыі грамадзкай свядомасцю, штучнае правакаванне ды распальванне ўнутраных канфліктаў ды іншыя. Пры гэтым расейскае кіраўніцтва шырока выкарыстоўвае канцэпцыю “рускага міру” дзеля абазначэння і апраўдання тэрытарыяльных, каштоўнасных і культурных межаў уплыву або наўпроставага кантролю Масквы ва Усходняй Еўропе. Асновай для такога кшталту імпэрскіх амбіцыяў у дачыненні да суседніх краінаў часта выкарыстоўваецца расейская мова і расейская праваслаўная царква.

Разам з традыцыйнымі для Масквы сродкамі рэалізацыі сваіх агрэсыўных плянаў праз эканамічны і энэргетычны ціск і вайсковыя пагрозы, Крэмль надзвычай актыўна і даволі эфэктыўна выкарыстоўвае мэтады “мяккай сілы”. Істотныя сродкі ўкладаюцца ў стварэнне прарасейскіх НДА, фабрык думкі, СМІ. Вядзецца інтэнсыўная праца з блёгерамі, рэгіянальнымі суполкамі ў сацыяльных сетках, арганізоўваюцца абмены ды стажыроўкі ў Расеі для адмыслоўцаў у самых розных сфэрах: вайскоўцаў, выкладчыкаў, падлеткаў і моладзі, журналістаў, навукоўцаў і г.д. Па ўсёй краіне ствараецца ды фінансуецца з Расеі сетка арганізацыяў, якія ня толькі займаюцца агрэсіўнай антыбеларускай прапагандай, але і могуць зрабіцца крыніцамі нестабільнасьці ды гвалту ў дачыненьні да інтарэсаў беларускага народу ды беларускай дзяржавы.

Разам з прапагандыскім уздзеяннем буйных расейскіх тэлеканалаў шырока выкарыстоўваюцца дробныя рэгянальныя СМІ, а таксама разгалінаваная сетка “троляў” у сацыяльных сетках, якія перастаўляюць на сваіх старонках кантэнт расейскіх і прарасейскіх СМІ, а таксама размяшчаюць яго ў вялікай колькасці групаў.

Дзеля забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі, неабходная неадкладная мабілізацыі і кансалідацыя грамадзтва з мэтай абароны незалежнасці і сувэрэнітэту нашай Радзімы. Рэспубліка Беларусь ёсць формай існавання беларускай нацыі – і толькі як беларуская нацыянальная дзяржава яна мае ўнутраны сэнс і можа прэтэндаваць на устойлівасць. Дзяржаўныя інстытуты будуць сапраўды моцныя толькі тады, калі будуць абапірацца на беларускае грамадзтва, беларускі бізнэс, беларускае войска, беларускія СМІ, беларускую царкву, на пачуццё нашай агульнай ідэнтычнасці як беларусаў і пачуццё нашай супольнай адказнасці за лёс нашай краіны і будучых пакаленняў беларусаў.

 

Частка ІІ: Актуальныя унутраныя крыніцы пагрозаў для нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Беларусь ёсць асабліва ўражвальнай да пагрозаў з боку Крамля з цэлага шэрагу акалічнасцяў.

Перадусім, шмат гадоў у краіне адсутнічае дэмакратыя, няма свабоды слова, свабоды сходаў ды іншых базавых свабодаў. Незалежныя СМІ знаходзяцца пад жорсткім ціскам. Грамадзянская супольнасць і палітычная апазыцыя сутыкаюцца з жорсткімі абмежаваннямі сваёй дзейнасці і пераследам. У краіне больш за два дзесяцігоддзі няма свабодных і сумленных выбараў. З увагі на названыя фактары, беларускі народ фактычна пазбаўлены магчымасці сёння ясна выяўляць сваю волю і ўплываць на рашэнні уладаў. Гэта ня толькі пазбаўляе нацыю голасу па найбольш значных пытаннях існавання краіны, але і аслабляе пазыцыі Беларусі ў свеце, бо адсутнічае прызнаваны большасцю краінаў свету парлямент, і супрацоўніцтва з выканаўчай уладай у такіх умовах таксама мае абмежаваны характар.

Іншым сур’ёзным негатыўнам фактарам унутранага стану Беларусі перад абліччам пагрозаў з Крамля з’яўляецца адносна невысокі ўзровень нацыянальнай свядомасці і дамінаванне расейскай мовы практычна ва ўсіх сфэрах жыцця. Адказнасць за такую сытуацыю цалкам ляжыць на цяперашніх беларускіх уладах, якія больш за 25 гадоў мэтанакіравана ажыццяўляюць палітыку татальнай русіфікацыі на дзяржаўным узроўні.

Неабходна адзначыць таксама поўную няздольнасць дзяржаўнай ідэалагічнай вертыкалі і дзяржаўных СМІ канкураваць з прапагандай расейскіх медыяў. Расейскае тэлебачанне і радыё фактычна дамінуюць у інфармацыйным полі Беларусі. У дадатак, некаторыя беларускія тэлеканалы займаюцца  рэтрансляцыяй кантэнту расейскага паходжання, ня толькі навіновага або публіцыстычнага, але і забаўляльнага. Пры гэтым вялікая колькасць публіцыстычных і грамадзка-палітычных праграмаў расейскай вытворчасці ўтрымліваюць непрыхаваны мілітарыскі і шавіністычны кантэнт.

Цяперашні праблемны стан беларускай эканомікі — яшчэ адзін істотны фактар пагрозаў для нацыянальнай бяспекі. Прычына праблемаў у эканоміцы – у прывязцы беларускай гаспадаркі да Еўразійскага саюзу. Неапраўданая і рызыкоўная арыентацыя беларускай эканомікі на Расею, а таксама на Казахстан ды Кыргызстан перашкаджае беларускім прадпрыемствам рэфармавацца і знаходзіць новыя рынкі збыту ў Еўропе і Амерыцы. Авантурная палітыка Крамля і яго спадзяваньні на вечныя звышпрыбыткі ад нафты і газу прывялі эканоміку Расеі ў тэхналягічны тупік. Цяпер і беларуская эканоміка, штучна прывязаная да расейскіх энэрганосбітаў, сутыкаецца са значным зносам асноўных фондаў ды істотным тэхналагічным адставаннем не толькі ад сусветных лідэраў, але і ад суседзяў -краінаў ЕЗ.

 

Частка ІІІ Актуальныя знешнепалітычныя крыніцы пагрозаў для нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Сяброўства Беларусі ў інтэграцыйных наднацыянальных утварэннях, дзе дамінуе Расея — так званай “саюзнай дзяржаве”, АДКБ, ЕўрАзЭС, СНД — з’яўляецца значнай пагрозай для нацыянальнай бяспекі нашай краіны. “Саюзная дзяржава” ёсць мінай запаволенага дзеяння пад сувэрэнітэт і дзяржаўную незалежнасць Беларусі. У складзе АДКБ беларусам пагражае ўцягваньне ва ўзброеныя канфлікты ў Сярэдняй Азіі, а таксама па ўсім сьвеце, дзе цяперашні расейскі ўрад разьвязвае ўзброеныя канфлікты або ўвязваецца ў іх. Таксама ўвесь час, пакуль Беларусь знаходзіцца ў АДКБ, існуе пагроза выкарыстаньня азіяцкіх або расейскіх войскаў на нашай тэрыторыі, у тым ліку супраць грамадзянаў Беларусі. Прыналежнасьць да АДКБ таксама замінае мадэрнізацыі беларускага войска.

Агульная міжнародная абстаноўка і дынаміка яе развіцця толькі ўзмацняюць пагрозы для беларускай нацыянальнай бяспекі. Еўрапейскі Саюз і краіны ЕЗ сутыкаюцца з нечуванымі выклікамі ва ўнутранай палітыцы — найбольш значнымі з якіх ёсць тэрарызм, міграцыя і Брэкзыт — што непазбежна цягне за сабой змену прыярытэтаў і акцэнтаў і ў знешняй палітыцы. Многія краіны ЕЗ шукаюць кампрамісаў з цяперашняй крамлёўскай уладай дзеля вырашэння ўласных эканамічных складанасцяў. Многія ўрады краінаў ЕЗ таксама схільныя недаацэньваць або свядома перамяншаць пагрозы з боку Масквы для стабільнасці і бяспекі як Усходняй Еўропы, так і ўсёй існуючай сістэмы міжнародных стасункаў. Такія недальнабачныя і безадказныя дзеянні, а найчасцей — бяздейнасць, цягнуць за сабой ня толькі найвялікшыя пагрозы для суседніх з Расеяй краінаў, але й дазваляюць Крамлю замахвацца на дыстабілізацыю палітычных працэсаў у саміх краінах ЕЗ.

Бягучая пазыцыя ЗША, нягледзячы на прагрэс у развіцці двухбаковых стасункаў і дэклярацыі Вашынгтона аб цвёрдай прыхільнасці незалежнасці і сувэрэнітэту Беларусі, таксама не дае падставаў для спадзяванняў на гэтую краіну як рэальнага гаранта незалежнасці Беларусі ў выпадку наўпроставай агрэсіі Масквы або спробаў здзяйснення аншлюсу ў фармаце гібрыднай інтэграцыі.

 

Частка IV: Асноўныя пагрозы для нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь:

У палітычнай сфэры:

-      агрэсіўныя імпэрскія настроі ў Крамлі ды вялікай частцы элітаў Расеі, імкненне Масквы да тэрытарыяльнай, палітычнай, эканамічнай ды культурнай экспансіі;

-      адсутнасць у Беларусі асноўных грамадзянскіх свабодаў;

-      адсутнасць у Беларусі вольных выбараў;

-      нізкі ўзровень патрыятычнага выхавання ў дзяржаве, і ў сілавых структурах у прыватнасці; дамінаванне расейскага погляду на гісторыю і расейскага пантэону герояў у сістэме патрыятычнага выхавання;

-      сяброўства Беларусі ў так званай “саюзнай дзяржаве” з Расеяй, у АДКБ, у Еўразіўскім эканамічным саюзе;

-      фармаванне ў грамадзтвах і кіроўных элітах нашых суседзяў — Украіны, Польшчы і Літвы — вобразу Беларусі як блізкага саюзніка краіны-агрэсара і, адпаведна, як патэнцыйнай пагрозы для іх нацыянальнай бяспекі, што істотна перашкаджае адбудове важнага стратэгічнага рэгіянальнага супрацоўніцтва ў межах Балта-Чарнаморскай супольнасці.

 

У эканамічнай сфэры:

-      рост знешняй дзяржаўнай пазыкі;

-      высокая ступень залежнасці беларускай эканомікі ад паставак расейскіх энэргарэсурсаў;

-      нізкая дыверсіфікацыя беларускага экспарту і імпарту;

-      высокая доля энэргаёмістых і матэрыялаёмістых вытворчасцяў у беларускай эканоміцы;

-      нізкая ўдзельная вага высокатэхналагічнай навукаёмістай прадукцыі;

-      расейскі эканамічны пратэкцыанізм;

-      стварэнне транзытнай інфраструктуры паміж Расеяй і ЕЗ у абыход Беларусі ды іншых краінаў Усходняй Еўропы; будаўніцтва “Паўночнага патоку-2”;

-      перашкоды грузавому аўтамабільнаму транзыту праз Беларусь з боку Расеі.

 

У інфармацыйнай сфэры:

-      дамінаванне ў беларускай інфармацыйнай прасторы расейскіх тэлебачання, радыё, інтэрнэт СМІ;

-      неадпаведнасць кантэнту беларускіх дзяржаўных СМІ узроўню якасці мэдыяў у суседніх краінах;

-      неабароненасць беларускага грамадзтва перад дэзынфармацыяй, прапагандай і фэйкавымі навінамі;

У вайсковай сфэры:

-      нарошчванне расейскай вайсковай інфраструктуры і фармаванне расейскай вайсковай групоўкі побач з дзяржаўнай мяжой Рэспублікі Беларусь;

-      маральнае і фізычнае састараванне ўзбраення і вайсковай тэхнікі беларускага войска;

-      пагаршэнне стану вайсковай інфраструктуры Беларусі.

 

У экалягічнай сфэры:

-       недастатковая ступень абароненасці насельніцтва і навакольнага асяроддзя ад тэхнагенных уздзеянняў;

-       высокая канцэнтрацыя ў Беларусі экалагічна небяспечных аб’ектаў,  будаўніцтва новых шкодных вытворчасцяў, размяшчэнне такіх аб’ектаў побач з буйнымі гарадамі, жылымі зонамі і сістэмамі забеспячэння жыцця;

-       радыёактыўнае забруджванне навакольнага асяроддзя ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, замоўчванне ўладамі і нізкая адчувальнасць грамадзтва да сапраўдных вынікаў і актуальных пагрозаў наступстваў аварыі на ЧАЭС;

-       нізкая ступень пераапрацоўкі і другаснага выкарыстання адкідаў вытворчасці і спажывання;

-       нізкая ступень выкарыстання ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі.

 

У сацыяльнай сфэры:

-      дэградацыя сістэмы адукацыі ў Беларусі; значнае адставанне якасці адукацыі беларускіх ВНУ ад ВНУ краінаў ЕЗ, у тым ліку ад ВНУ суседніх краінаў;

-      адток высокакваліфікаваных спецыялістаў з краіны;

-      працэсы дэградацыі інстытуту сям’і ў Беларусі, высокая колькасць разводаў;

-      дэпапуляцыя;

-      пагаршэньне стану мэдыцыны.

 

У культурніцкай сфэры:

-      дзяржаўная палітыка русіфікацыі, татальнае дамінаванне расейскай мовы ў дзяржаўных установах, у сфэры адукацыі, у сілавых структурах, у дзяржаўных СМІ.

 

Частка V: Неабходныя захады дзеля прадухілення пагрозаў для нацыянальнай бяспекі Беларусі:

Першачарговыя захады (да 2021 году):

У палітычнай сфэры:

-      неадкладны выхад з так званай “саюзнай дзяржавы” з Расеяй, Еўразійскага саюзу, Мытнага саюзу ды іншых інтэграцыйных утварэньняў, дзе дамінуе Расея;

-      забарона зарэгістраваных у нашай краіне прарасейскіх арганізацыяў, дзейнасць якіх відавочна супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам, заканадаўчая забарона дзейнасці ў Беларусі расейскіх фондаў ды арганізацыяў, што фінансуюць такія структуры, перакрыццё іншых крыніцаў іх фінансавання.

-      ўвядзенне крымінальнай адказнасці за любыя публічныя выказванні, што аспрэчваюць або адмаўляюць існаванне асобнай беларускай нацыі і/або яе гістарычнага права на стварэнне ўласнай дзяржавы. Увядзенне крымінальнай адказнасці за публічныя абразы беларускай мовы;

-      маніторынг сіламі грамадзянскай супольнасці дзейнасці пракрамлёўскіх ініцыятываў у Беларусі і актыўнае інфармаванне грамадзтва, прыцягненне увагі да такой дзейнасці і змушэнне улады да рэакцыі на такога кшталту пагрозы для нацыянальнай бяспекі;

-      ажыццяўленне памежнага і мытнага кантролю на мяжы з Расеяй;

У эканамічнай сфэры:

-      забарона на продаж расейскім дзяржаўным або прыватным кампаніям любых аб’ектаў беларускай інфраструктуры;

У інфармацыйнай сфэры:

-      вызваленне незалежных СМІ ад ціску ды спробаў кантролю з боку дзяржавы, забеспячэнне свабоды СМІ і свабоды слова ў Беларусі;

-      забарона трансляцыі ў Беларусі публіцыстычных грамадзка-палітычных ды навіновых праграмаў, створаных расейскімі тэлеканаламі;

-      уключэнне ў стандартны тэлевізійны пакет абавязковых агульнадаступных тэлеканалаў мінімум аднаго тэлеканалу кожнай з суседніх краінаў — Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны;

-      аднаўленне сталай дзейнасці Грамадзкай каардынацыйнай Рады ў сфэры масавай інфармацыі;

У вайсковай сфэры:

-      неадкладны выхад з АДКБ, вяртанне поўнага кантролю Беларусі над уласнай сістэмай супрацьпаветранай абароны (СПА) і супрацьракетнай абароны (СРА);

-      вывад з тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў — вузла сувязі ў Вілейцы і радыёлакацыйнай станцыі пад Баранавічамі;

-      пашырэнне рэальнага патрыятычнага выхавання ў беларускім войску;

-      перавод выхаваўчай працы ў войску на беларускую мову ў якасці першага этапу да поўнага пераводу на беларускую мову ўсёй жыццядзейнасці беларускага войска;

-      развіццё памежнай інфраструктуры на межах з краінамі ЕС, падвышэнне прапускной здольнасці памежных пераходаў;

У экалягічнай сфэры:

-      забарона ўводу ў эаплуатацыю ды закрыццё новых шкодных вытворчасцяў у Брэсце, Магілеве, Светлагорску;

-      апублічванне вычарпальнай праўдзівай інфармацыі адносна будаўніцтва, бяспекі ды экспуатацыі Астравецкай АЭС;

-      правядзенне шырокай грамадзкай дыскусіі адносна лёсу Астравецкай АЭС.

У сацыяльнай сфэры:

-      падвышэнне заробкаў ды паляпшэнне ўмоваў працы працаўнікоў сфэраў аховы здароўя і адукацыі, перадусім — дактароў, настаўнікаў ды выкладчыкаў.

 

У культурніцкай сфэры:

-      шырокая папулярызацыя пантэону сапраўдных нацыянальных герояў з асаблівым ухілам на XIX i XX стагодзьдзі;

-      актыўная папулярызацыя асобы Кастуся Каліноўскага як палітычнага заснавальніка сучаснай беларускай нацыі, як сымбаля змагання беларусаў за свабоду і незалежнасць і як пастаці, што павінна кансалідаваць вакол сябе ўсіх адданых каштоўнасцям нацыянальнага адраджэння і незалежнасці краіны;

 

Сярэднетэрміновыя задачы (да 2025 году):

У палітычнай сфэры:

-      рэформа выбарчага заканадаўства, правядзенне сапраўды вольных, сумленных і справядлівых выбараў парляменту краіны;

-      фармаванне Нацыянальнай гвардыі дзеля аховы парляменту і захавання канстытуцыйнага ладу ў краіне. Нацыянальная гвардыя падпарадкоўваецца толькі парляменту, ня мае права нашэння зброі па-за межамі парляменту. Уваход на тэрыторыю парляменту прадстаўнікоў любых іншых сілавых структураў магчымы толькі без зброі і толькі паводле адмысловага рашэння парляманту;

-      фармаванне Нацыянальнай Службы Бясьпекі, падсправаздачнай парляменту;

-      аднаўленне поўнай незалежнасці судоў усіх узроўняў ад выканаўчай улады дзеля забеспячэння рэалізацыі прынцыпа роўнасці ўсіх грамадзянаў перад законам;

-      ажыццяўленне грамадзянскага кантролю, у першую чаргу з боку парляменту, над Узброенымі Сіламі;

У эканамічнай сфэры:

-      дывэрсіфікацыя паставак энэрганосбітаў, зніжэнне долі Расеі як пастаўшчыка энэрганосбітаў у Беларусь да 50% ад агульнага аб’ёму імпарту энэрганосбітаў;

-      пашырэнне выкарыстання альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі;

-      належная рэалізацыя дзяржаўнай Праграмы мерапрыемстваў па энэргазберажэнні, зніжэнні энэргаспажывання і пераходу на мясцовыя віды паліва;

-      будаўніцтва новага нафтаперапрацоўчага заводу ў Наваполацку, арыентаванага на лёгкую нафту;

-      уключэнне Беларусі ў праграмы супрацоўніцтва ў межах ініцыятывы Трохмор’я з мэтай падрыхтоўкі неабходных дакумантаў, праграмаў і інфраструктуры для далучэння Беларусі да будучай сістэмы паставак звадкаванага газу з ЗША ва Усходнюю Еўропу;

-      прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў з забаронай набыцця кампаніямі з доляй расейскага капіталу большай за 20%, стварэнне ўмоваў дзеля прыцягнення наўпроставых замежных інвестыцыяў;

-      пабудова сучасных чыгуначных шляхоў ды магістральных аўтастрадаў Кіеў-Менск-Вільня, Львоў-Берасце-Гародня-Вільня, Віцебск-Полацак-Дзвінск-Рыга.

У інфармацыйнай сфэры:

-      ўсталяванне на заканадаўчым узроўні для кабельнага вяшчання максымальна дапушчальнай долі тэлеканалаў, у вытворчасці якіх удзельнічае Расея (або любая іншая замежная краіна), у 50% ад агульнай колькасць прапанаваных у пакеце тэлеканалаў;

-      падвышэнне ўзроўню якасці беларускіх нацыянальных тэлеканалаў, стварэнне адмысловых грамадзка-палітычных ды гістарычных праграмаў дзеля ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці, падвышэння патрыятызму ды нацыянальнай годнасці;

-      рэтрансляцыя нацыянальнымі тэлеканаламі навукова-папулярных, забаўляльных ды навіновых праграмаў краінаў ЕЗ, Брытаніі, Канады, ЗША, Аўстраліі;

У вайсковай сфэры:

-      рэфармаванне беларускага войска з пераходам на стандарты НАТА;

-      падрыхтоўка вайсковых кадраў з накіраваннем беларускіх вайскоўцаў у адпаведныя навучальныя ўстановы ды цэнтры краінаў НАТА;

-      перавод на беларускую мову ўсёй жыццядзейнасці беларускага войска (служба, баявая работа, тэхнічнае абслугоўванне і г.д.);

-      наданне беларускім вайсковым часткам і навучальным установам імёнаў беларускіх нацыянальных герояў;

-      фармаванне беларускіх узброеных сілаў з чатырох інтэгральных частак:

  1. ядро з прафэсіянальных вайскоўцаў, якія служаць на кантрактнай аснове;
  2. грамадзяне, якія праходзяць тэрміновую вайсковую службу;
  3. дабрахвотныя тэрыятарыяльныя адзінкі, сфармаваныя грамадзянамі, якія захоўваюць цывільныя заняткі, але праходзяць пэрыядычныя вучэньні, і могуць быць  хутка мабілізаваныя пры неабходнасьці;
  4. рэззэрвы – усе прыдатныя да службы грамадзяне мужчынкага полу, якія прайшлі вайсковую падрыхтоўку падчас тэрміновай службы.

-      змена сістэмы падрыхтоўкі вайскоўцаў падчас тэрміновай службы і рэзэрвістаў. Фокус на патрыятычным выхаванні і набыцці навыкаў, неабходных у выпадку патрэбы ўстаць на абарону Беларусі.

-      змена працягласці абавязковай тэрміновай службы да мінімальна неабходнай дзеля набыцьця навыкаў базавай вайсковай падрыхтоўкі — 6-ці месяцаў;

-      падтрыманне вайсковага патэнцыялу дзяржавы на ўзроўні, дастатковым для нэўтралізацыі вайсковых пагрозаў, пры забеспячэнні аптымальных суадносінаў паміж патрэбамі абароны і інтарэсамі сацыяльна-эканамічнага разьвіцця краіны. Колькасць Узброеных Сілаў без уліку рэзэрвістаў павінна складаць 75000-80000 чалавек.

-      уладкаванне належнай інфраструктуры на мяжы Беларусі з Расеяй;

У экалягічнай сфэры:

-      распрацоўка і рэалізацыя комплексных зменаў заканадаўства, што створаць спрыяльныя эканамічныя ўмовы дзеля інвэставання ў праекты атрымання энэргіі з узнаўляльных крыніцаў ды пераапрацоўгі і другаснага выкарыстання адкідаў вытворчасці і жыццядзейнасці;

-      рэабілітацыя забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў.

У сацыяльнай сфэры:

-      стварэнне ўмоваў для вяртання беларусаў, што працуюць за мяжой, перадусім — дактароў і мэдычных работнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў іншых прафесіяў;

-      спрыянне вяртанню на Радзіму нашчадкаў нашых суайчыньнікаў, што з’ехалі з Беларусі да моманту аднаўлення яе дзяржаўнай незалежнасці, праз прыняццё ды рэалізацыю адмысловага закону аб карце суайчынніка – беларуса замежжа.

У культурніцкай сфэры:

-      вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай, гарантаванне правоў нацыянальных меншасцяў на адукацыю і ажыццяўленне культурніцкіх мерапрыемстваў на роднай мове;

-      распрацоўка і ажыццяўленне адміністрацыйных ды фінансавых мераў стымулявання беларускамоўных СМІ, кнігавыдавецтва, беларускамоўнага культурніцкага жыцьця (тэатры, кіно, канцэрты і д.п.). Вяртанне дзяржаўных даплатаў за навучанне і выхаванне на беларускай мове ў дашкольных, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах.

-      правядзенне комплекснай дэкамунізацыі і дэсаветызацыі Беларусі;

-      беларусізацыя рэлігійнага жыцця ўсіх хрысціянскіх канфесіяў ды іншых рэлігіяў;

-      беларусізацыя сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў і формаў;

-      аднаўленне рэгістрацыі, статусу і дзяржаўнага фінансавання Нацыянальнага Дзяржаўнага Гуманітарнага Ліцэя імя Якуба Коласа з захаваннем акадэмічных свабодаў для выкладчыкаў, навучэнцаў і бацькоў; стварэнне філіяў НДГЛ ва ўсіх абласных гарадах;

 

Доўгатэрміновыя мэты (да 2030 году):

-      стварэнне скразной беларускамоўнай сыстэмы адукацыі ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсытэтаў;

-      аднаўленне ды фармаванне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы як нацыянальнай альтэрнатывы Беларускаму Экзархату РПЦ Маскоўскага патрыярхату;

-      выкананне Беларуссю ўсіх крытэраў сяброўства ў ЕС і НАТА, падача адпаведных заявак аб сяброўстве ў гэтых структурах;

-      забеспячэнне доўгатэрміновай харчовай бяспекі праз дывэрсыфікацыю паставак у краіну прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці, стварэнне харчовага запасу, мадэрнізацыю аўчынных спосабаў сельскагаспадарчай вытворчасці, развіццё фэрмэрскіх гаспадарак.

-      узмацненне супрацоўніцтва і фармаванне стратэгічнага партнэрства ў межах Балта-Чарнаморскай супольнасці, фармаванне ды арганізацыйнае афармленне адпаведнага рэгіянальнага міждзяржаўнага блоку

-      рэалізацыя праграмы дывэрсыфікацыі паставак энэрганосбітаў з абмежаваннем долі пастаўшчыкоў любой з краінаў максымум 30% аб агульнага аб’ёму імпарту энэрганосбітаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.