Партыя БНФ » Ад 3 верасьня ў Менску пачынае працу юбілейная выстава Алеся Марачкіна
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ад 3 верасьня ў Менску пачынае працу юбілейная выстава Алеся Марачкіна

Дададзена 01.09.2020 11:49:42 | 315 праглядаў

У чацвер, 3-га верасня, а 17.00 у сталічным Палацы мастацтва адкрыецца выстава твораў выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча, сябры сойма Партыі БНФ Аляксея Марачкіна.

У экспазіцыі “Армагедон”, прымеркаванай да 80-годдзя Алеся Мары — сябры суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, экспануецца больш за 100 жывапісных і графічных працаў.

armahedon

Выстава дазволіць прасачыць працэс сталення мастака ад ягоных студэнцкіх эцюдаў да вялікіх жывапісных палотнаў, многія з якіх ўжо сталі класікай беларускага жывапісу. Сярод іх — “Вітаўт”, “Мікола Гусоўскі”, “Алаіза Пашкевіч (Цётка)”, “Максім і Вераніка”.

Назва выставы адлюстроўвае актыўную грамадзянскую пазіцыю мастака, пра якую ён смела і паслядоўна заяўляе ўсёй сваёй творчасцю. Алесь Мара заўжды рэагуе на вострыя сацыяльна-палітычныя праблемы беларускага грамадства. Пра гэта сведчыць шэраг яго палотнаў, у тым ліку “Сцяна” (2001), “Плошча” (2010), “Пераможцы” (2010),  “Навала” (2013), “Рыцар на ўсе часы” (2014) і нізка “Дровы” (2010-2019). Менавіта гэтыя актуальныя творы, напоўненыя глыбокай трывогай за лёс Бацькаўшчыны, выклікаюць найбольшы грамадскі рэзананс.

Разам з тым, мастака зачароўвае сціплая прыгажосць нашай зямлі. З пачуццём замілавання Алесям Марай напісаны краявіды яго роднай Магілёўшчыны і азёрнай Віцебшчыны, дзе творца хадзіў сцежкамі класіка нацыянальнага выяўленчага мастацтва Язэпа Драздовіча, збіраючы яго ацалелую спадчыну. Увогуле творчасць Язэпа Драздовіча моцна паўплывала на фармаванне прафесійных і грамадзянскіх якасцяў Алеся Мары.

На выставе можна ўбачыць не толькі фігуратыўныя кампазіцыі мастака, але і абстрактныя каляровыя палотны, як даніну памяці знакамітай Віцебскай мастацкай школе стогадовай даўніны.

Упершыню ў Беларусі будуць экспанавацца жывапісныя карціны, створаныя сёлета на пленэры ў Чарнагорыі, дзе падчас пандэміі з-за зачыненых межаў мастаку давялося затрымацца на тры з паловай месяцы.

Сярод графічных працаў Алеся Мары варта звярнуць увагу на ілюстрацыі да паэмы выбітнага айчыннага паэта Уладзіміра Някляева “Вавукі”. У цыкле з 12 аркушаў, які Алесь Мара завершыў напярэдадні адкрыцця выставы, — развагі мастака і паэта пра каханне і жыццё, дадзеныя нам Богам.

Экспазіцыю дапоўняць арыгінальныя аўтарскія інсталяцыі рознай тэматыкі, а таксама дакументальны фільм “Мара” (рэжысёр Уладзімір Арлоў) і дзве кароткаметражныя стужкі, створаныя мастаком на аснове ўласнага кінаархіву.

Выстава будзе працаваць да 17 верасня штодня (апроч панядзелка) з 11:00 да 19:00.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.