Партыя БНФ » Старшыня БНФ узяў удзел ва ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Бялыніцкай
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ узяў удзел ва ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Бялыніцкай

Дададзена 06.09.2020 10:57:35 | 1,144 праглядаў

У Бялынічах 6 верасня праходзіў афіцыйны Дзень беларускага пісьменства, зладжаны дзяржавай. У гэты дзень у райцэнтры адбылася не менш важкая падзея – адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай.

Удзел у ўрачыстасці прынялі вернікі з розных куткоў Беларусі, прычым гэта былі не толькі каталікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій. Усяго сабралася больш за дзвесце чалавек.

118953243_3435894893141203_3585391657368014305_oСтаршыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які наведаў Белынічы ў гэты дзень, падзяліўся сваімі ўражаньнмі ад параўнаньня афіцыйнага і царкоўнага сьвята:

– Дзень беларускага пісьменства прайшоў сёння як мерапрыемства, абавязковае для разнастайнага чынавенства. Сьвята, калі яго так можна назваць, разам з поствыбарчымі падзеямі ў краіне, калі сотні, тысячы грамадзян папалі пад рэпрэсіі, калі пралілася кроў на вуліцах гарадоў, выглядала як “пляскі на могілках” пад гукі расійскай папсы. Далучацца да ўдзелу ў такіх мерапрыемствах для мяне было непрыймальным.

Зусім па-іншаму – узнёсла, з вялікім маральным уздымам прайшла Адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай, якую наведаў і я.

Урачыстасць адбылася з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

Я адмыслова прыехаў на Адпустовую ўрачыстасць, каб не толькі ўшанаваць Маці Божую Бялыніцкую, а і выказаць падтрымку вернікам. Бо беларускія ўлады да гэтай пары безпадстаўна не ўпускаюць у краіну грамадзяніна Беларусі Арцыбіскупа, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча – кіраўніка каталіцкай царквы.

Мне з задавальненнем і прыемнасцю ўдалося сустрэцца і паразмаўляць на адпустовай урачыстасці са шматлікімі вернікамі і каталіцкімі сьвятарамі з самых розных гарадоў і мястэчак Беларусі.

1-IMG_20200906_163917

Адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай адбылася з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага, шматлікіх каталіцкіх святароў.

У якасці гаспадара гасцей сустракаў пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка.

Непасрэдна перад фэстам у Бялынічах прайшло Саракагадзіннае набажэнства, удзел у якім, акрамя бялыніцкіх вернікаў, прынялі духоўныя валанцёры з іншых куткоў Беларусі.

«Бялынічы — гэта старадаўняе месца марыйнага культу, дзе калісьці знаходзілася адна з самых шанаваных цудадзейных ікон на нашай зямлі — абраз Маці Божай Бялыніцкай. Малітва мае вялікую моц, асабліва тут, на гэтым месцы.

Да малітвы за нашу Радзіму, за Паўсюдны Касцёл, за пакліканні да Божай службы і асабліва за адраджэнне веры на нашай зямлі далучым просьбы за нашыя сем’і, моладзь і дзяцей, а таксама падтрымаем сваёй малітваю ўсіх, хто мае залежнасць ад розных дрэнных звычак», — адзначаў ў сваім запрашэнні на ўрачыстасць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Распачалася адпустовая святая Імша у гонар Маці Божай Бялыніцкай а 15-й гадзіне, скончылася а 17-й. Імша праходзіла на вельмі значным для бялыніцкіх вернікаў месцы, дзе ў свой час, на працягу стагоддзяў, былі мясцовыя каталіцкія могілкі. Вернікі спадзяюцца, што мясцовыя ўлады задаволяць іх хадайніцтва, і на гэтым святым месцы ім будзе дазволена збудаваць касцёл.

Казанні святараў гучалі па-сапраўднаму ўзнёсла, яны сапраўды закраналі душу, таму дзве гадзіны імшы праляцелі надзіва хутка.

Аднак і пасля заканчэння набажэнства людзі не разыходзіліся, размаўлялі аб хвалюючых праблемах, задавалі пытанні святарам.

Журналісты заўважылі сярод удзельнікаў святочных мерапрыемстваў шэраг знакавых асобаў, – апроч стршыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, таксама старшыню Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова з сябрамі, кiраунiка Гродзенскай гарадской суполкi Беларускай Хрысцiянскай дэмакратыi (БХД)  Яўгена Дудкіна.

Па словах Рыгора Кастусёва, ён адмыслова прыехаў на адпустовую ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай, каб не толькі ўшанаваць Маці Божую Бялыніцкую, але і такім чынам выказаць сваю падтрымку вернікам. Абсалютна безпадстаўна ўлада не дапускае ў Беларусь Арцыбіскупа, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, кіраўніка каталіцкай царквы ў Беларусі.

“Я сам вернік праваслаўнай канфесіі, аднак заўсёды пры нагодзе наведваю набажэнствы і ў каталіцкіх касцёлах. У свой час давялося спрычыніцца да адраджэння касцёла ў Шклове. Таму ў гэтых складаных абставінах я не мог не выказаць маральную падтрымку каталіцкім вернікам, бо ўсе мы хрысціяне”, – адзначыў Рыгор Кастусёў у каментары карэспандэнту “Магілёўскага рэгіёну”.

На жаль, на афіцыйным свяце Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, верагодна, прытрымліваліся іншай думкі. Нікога з знаных гасцей гэтага свята на ўрачыстай імшы ў гонар Маці Божай Бялыніцкай карэспандэнт “Магілёўскага рэгіёну” так і не пабачыў. Затое на Дне беларускага пісьменства камусьці спатрэбілася раздаваць адмысловыя ўлёткі з абразамі на адрас каталіцкага касцёла.

1-IMG_20200906_152843

1-IMG_20200906_162226

1-IMG_20200906_162317

1-IMG_20200906_163240

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Красавік 2023
M T W T F S S
« Mar    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.