У Гомелі міліцыянты ўзялі ў аблогу дом актывіста БНФДададзена 13.09.2020 12:03:17 | 1,085 праглядаў У пятніцу 11 верасьня ў Гомелі міліцыя зьдзейсьніла рэйд у мэтах затрыманьня актывістаў апазыцыі і журналістаў.
Апоўдні каля свайго дома сілавікі ў цывільным затрымалі відэааператара Андрэя Толчына. “Як толькі мы выйшлі з Андрэем з пад’езда, каб ісці па гаспадарчых справах, нас перастрэлі двое ў цывільным. Прапанавалі ехаць у Савецкі РАУС. Андрэй патрабаваў тлумачэнняў, але не дачакаўся. Яму заявілі, што ўсе тлумачэнні будуць у аддзеле міліцыі. Неўзабаве падаспеў трэці міліцыянер, ён таксама быў не ў форме. Андрэя пасадзілі ў цывільны аўтамабіль і павезлі ў РАУС”, – распавяла яго жонка Кацярына. Пасля затрымання Кацярына тэлефанавала ў Савецкі РАУС. Там пацвердзілі, што Толчына сапраўды прывозілі ў аддзел, але зараз яго там няма. Праз дзве гадзіны жанчына знайшла мужа ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. Аднак дзяжурны адмовіўся паведаміць Кацярыне, затрымалі мужа прэвентыўна ці паспелі усё ж скласці пратакол і пакараць арыштам нібыта за ўдзел у маршах пратэсту. Толчын апошнім часам здымаў маршы як відэааператар разам з Ларысай Шчыраковай. Журналістку-фрылансера Шчыракову таксама затрымалі 11 верасня. Яна паспела паведаміць, што даставілі яе ў РАУС Гомельскага раёна. “У ізалятары буду галадаць, калі што”, — напісала журналістка на сваёй старонцы ў Facebook. Міліцыя дзяжурыла таксама каля домоў, дзе жывуць журналісты-фрылансеры Яўген Меркіс і Марына Драбышэўская, якія таксама асвятлялі маршы пратэсту гамяльчан. “Мяне папярэдзілі добрыя людзі, што дадому прыходзіць нельга, бо прыязджала міліцыя. Яны так грукалі ў дзверы і ціснулі на кнопку хатняга званка, што спалілі яго. А ў мяне дома маці-інвалід”, — абураецца Драбышэўская. Паводле папярэдніх звестак, пятнічныя ловы міліцыянтаў скончыліся затрыманнем як найменей дзесяці гамяльчан. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|