БНФ: “Праз перарэгістрацыю партый рэжым расчышчае поле для прарасейскіх сілаў”Дададзена 16.09.2020 6:41:07 | 724 праглядаў На сустрэчы са сваімі нешматлікімі прыхільнікамі 16 верасня Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству юстыцыі правесці перарэгістрацыю палітычных партый. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч разглядае гэтую дэклярацыю як намер замест беларускіх палітычных партый пабудаваць у Беларусі асяроддзе для філіяў расейскіх палітычных партый, якія будуць апірышчам узурпатара. Лукашэнка нагадаў, што ў Мінюсце зарэгістравана 15 партый. “Але мы ж разумеем, што гэта не партыі, калі дзесяць з іх адхіліліся ад сваіх статутаў, задач і патрабуюць новых выбараў, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Міністру юстыцыі даручаю старанна паглядзець на ўсе партыі — ці адпавядаюць яны патрабаванням па колькасці , структуры, ці працуюць па сваім статуце. Трэба правесці іх перарэгістрацыю”. Перарэгістрацыя партыі ў сённяшніх умовах – гэта фактычна пагроза іх ліквідацыі, лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Алексей Янукевіч:
Паводле слоў Лукашэнкі, да прыняцця новай Канстытуцыі “трэба вярнуцца да партыйнай сістэмы, прайсціся па законе аб палітычных партыях”. “Давайце спакойна займацца гэтай працай. Вялікая справа не робіцца прыхапкам, яна павінна выспець. Раней мы не займаліся сур’ёзна партыйным будаўніцтвам. Не было запыту на партыі”, — адзначыў ён. Як паведамляе інфармацыйная агенцыя Белапан, Лукашэнка лічыць, што сучаснае грамадства “структуруецца і яно павінна мець свае палітычныя арганізацыі, уключаючы партыі”. “Ужо даўно ідзе праца над новым законам [аб палітычных партыях], але патрэбен вынік”, — заявіў ён. На круглым стале 10 верасня прадстаўнікі 10 з 15 зарэгістраваных у Беларусі палітычных партый прынялі агульную рэзалюцыю, у якой асудзілі гвалт, а таксама заклікалі да дыялогу і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў.
Прадстаўнікі партый запатрабавалі ад дзяржорганаў і службовых асоб “прыняць вычарпальныя меры па спыненні гвалту ў адносінах да грамадзян, якія рэалізуюць сваё канстытуцыйнае права на мірныя пратэсты, і неадкладна вызваліць усіх затрыманых, распачаць крымінальныя справы па фактах забойстваў, катаванняў, збіванняў, адвольных затрыманняў для наступнага прыцягнення да адказнасці вінаватых”. “Прапаноўваем органам дзяржаўнай улады арганізаваць дыялог з прадстаўнікамі ўсяго спектра грамадска-палітычных сіл Беларусі па пытанні правядзення на працягу найбліжэйшых 6 месяцаў новых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў рэзалюцыі. Акрамя таго, удзельнікі круглага стала заснавалі пастаянна дзеючую нараду палітычных партый. |
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|