Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў. Лінія Фронту: БНФ быў да Лукашэнкі, будзе і пасля яго
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў. Лінія Фронту: БНФ быў да Лукашэнкі, будзе і пасля яго

Дададзена 20.09.2020 12:03:38 | 837 праглядаў

“Заява Лукашэнкі пра намер ліквідаваць існуючыя палітычныя партыі з’яўляецца пацвярджэннем узятага рэжымам курсу на вынішчэнне ўсяго беларускага, на дэмантаж якіх-кольвек непадкантрольных альбо нейтральных грамадскіх інстытутаў” – піша старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у адказ на пагрозы з боку рэжыму аб анансаванай “перарэгістрацыі” палітычных партый.

Гэткую заяву лідар БНФ зрабіў на сваёй старонцы ў фэйсбуку і ў блогавым допісе на сайце “Беларускія навіны“.

Рыгор Кастусёў 2020Стратэгія рэжыму відавочная: па іх плане ў краіне павінныя застацца альбо выключна лукашэнкаўскія, альбо выключна прарасійскія структуры. Каб лукашэнкаўская палітыка магла прадстаўляць сябе адзіным варыянтам існавання Рэспублікі Беларусь.

Такое ўжо робіцца са СМІ: медыі, паводле палітыкі Міністэрства інфармацыі, у Беларусі могуць быць альбо лукашэнкаўскія, альбо расійскія. Гэта такая “кадыраўшчына” ў беларускім варыянце — падпарадкаванне імперыі неад’емна звязанае з катаваннем і збіццём уласнага народу.

У цяперашніх умовах юрыдычнае пазбаўленьне рэгістрацыі нешматлікіх палітычных партыяў будзе яшчэ адным крокам умацавання дыктатуры.

Натуральна, ніводная апазіцыйная партыя ў сённяшніх умовах не ў стане палітычнымі сродкамі дамагацца рэалізацыі ўласнай праграмы (і праз адустнасць выбараў, і праз адсутнасць неабходных грамадзянскіх свабодаў). Але мы бачым, што нават заклік да дыялогу і да спынення катаванняў, агучаны партыямі, робіцца непрыймальным для рэжыму.

Ціск на СМІ, на грамадзян, на царкву, звальненне ўсіх, хто выказаў сумнеў у праве катаў рэжыму на зьбіццё і забойствы беларусаў, а пасьля гэтага ліквідацыя палітычных партыяў — ёсьць лагічным працягам. Не таму, што партыі небяспечныя, а таму, што трэба душыць усё, што ёсьць незалежнае, беларускае, непадпарадкаванае рэжыму.

Што ў гэтай сітуацыі рабіць нам, беларускім патрыётам?

Трэба падтрымліваць усё, што захоўвае беларускі дух у гэтай варожай атмасферы, усе беларускія грамадскія інстытуты, бізнэс, царкву, інтэлектуалаў, СМІ, блогераў, усе спантанныя ініцыятывы лакальнага ўзроўню. І партыі таксама падтрымліваць.

Зараз самы спрыяльны час для таго, каб абуджаны народ павярнуўся да беларушчыны і да яе палітычнага ўвасаблення. Часам актывісты крыху саромяцца казаць патасныя словы пра Беларускае Адраджэньне. Але менавіта цяпер час для ўзнёслых словаў і лозунгаў. Яны запатрабаваныя людзьмі.

У часы ўяўнай “лібералізацыі” шмат хто рабіў стаўку на беларусізацыю праз дзяржаву, праз спрыяльных да беларушчыны людзей ва ўладзе. Цяпер працягваць гэтую тактыку няможна, але для беларусізацыі грамадства менавіта зараз самы час.

Прыкладам ёсьць тое, што адбылося з нацыянальным сцягам падчас пратэстаў, бо яшчэ пару месяцаў таму альтэрнатыўныя кандыдаты і іх каманды падкрэслена дыстанцыяваліся ад бела-чырвона-белага сцягу, спрабавалі сумясціць яго з афіцыйным, не ўжывалі на сваіх мітынгах.

Але на акцыях пратэсту явачным парадкам менавіта нацыянальная сімволіка была ўзнятая і стала дамінуючай. Цяпер менавіта яна ёсць асновай для шматлікіх спантанных распрацовак сцягоў мікрараёнаў і кварталаў.

Такі ж механізм працуе і са стаўленнем да беларускай мовы, і да іншых кампанентаў беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Людзі пачынаюць разумець: калі не беларускае, сваё — то будзе расійскае, чужынскае.

Будзе жыць беларушчына ў грамадстве — будуць і палітычныя партыі, і рухі, з’явяцца і ўмовы для іх эфэктыўнай дзейнасці, і ў рэшце рэшт будзе і сапраўды беларуская дзяржава для беларусаў.

А што да пагрозаў на адрас партыяў, то маё стаўленне да іх як кіраўніка партыі спакойнае: Беларускі Народны Фронт быў да Лукашэнкі, будзе і пасля Лукашэнкі. Гэта дакладна.

Зараз партыя рыхтуецца да сваяго XX з’езду, які прызначаны на кастрычнік. Пра тое, як далучыцца да шэрагаў Партыі БНФ, глядзіце інфармацыю на сайце БНФ.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.