Партыя БНФ » Пайшоў з жыцьця вэтэран Берасьцейскай арганізацыі БНФ Адам Ярмоліч
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пайшоў з жыцьця вэтэран Берасьцейскай арганізацыі БНФ Адам Ярмоліч

Дададзена 23.09.2020 12:04:04 | 248 праглядаў

З Берасьця паведамілі сумную вестку — пайшоў з жыцьця Адам ЯРМОЛІЧ, адзін з стваральнікаў і першых кіраўнікоў БНФ у Берасьці ў 1989-1991 гг.

Піша Ігар Бараноўскі з берасьцейскай грэка-каталіцкай газэты “Царква”:

“Адам Ярмоліч працаваў тады вядучым інжынерам на Машынабудаўнічым аб’яднаньні ў Берасьці. Быў аўтарытэтным і ўплывовым чалавекам. У сакавіку 1990-га Адам Ярмоліч, як адзін з мясцовых лідараў БНФ, вылучаўся ў Вярхоўны Савет. Па яго акрузе ў Паўднёвым, дзе працаваў, улада выставіла супраць яго вельмі моцных канкурэнтаў. Усяго разам з ім было восем прэтэндэнтаў: начальнік базы эксплуатацыі радыётэхналагічнага абсталяваньня сувязі аэрапорта Берасьця, дацэнт катэдры праблем сацыялізму Берасьцейскага палітэхнічнага інстытута, галоўны ўрач Берасьцейскай абласной бальніцы, начальнік тэхбюро завода «Колератрон», начальнік эксьперыментальна-канструктарскага бюро машынабудаўнічага вытворчага аб’яднаньня і малады дэсантнік-аўганец маёр Віктар Шэйман. Адам Ярмоліч тады выйшаў у другі тур, нягледзячы на ўсе намаганьні камуністычнай наменклатуры, шалёную агітацыю супраць яго, як аднаго з лідараў БНФ у Берасьці. У другім туры яго супернікам аказаўся менавіта сумнавядомы цяпер Шэйман, які на той час выглядаў як пэўная альтэрнатыва замшэлай камуністычнай наменклатуры, якая ўсім абрыдла. Камуністычная ўлада, вядома, пачала рабіць усё, каб не дапусьціць абраньня дэпутатам БНФаўца. Хто ведае, каб тады Адам Ярмоліч змог перамагчы, якім бы быў ход гісторыі Беларусі…

Калі на Дзяды 2015 году берасьцейцы сабралі грошы і вырашылі ўстанавіць у Курапатах крыж “Памяці берасьцейцаў. 1939-1941″, менавіта Адам Ярмоліч вельмі шмат дапамог, асабліва ў тэхнічным плане.

Адама Ярмоліча бачыў у апошні час двойчы. Першы раз у жніўні, адразу пасьля выбараў і падзеяў 9-11 жніўня, разам з Рыгорам Бакіевічам, які ў 1989-1991 і 2000-2003 гг. узначальваў Раду БНФ у Берасьці. Другі раз сустрэліся пару тыдняў таму на нядзельным шматтысячным маршы берасьцейцаў праз увесь горад на скрыжаваньні вул. Маскоўскай і Партызанскага пр-ту, дзе сьмяротна паранілі Генадзя Шутава. На жаль, паразмаўлялі вельмі мала. Адам быў тады нейкі сумны і ўвесь у сабе. Ня ведаў я, што гэта наша апошняя сустрэча і жыць яму засталося зусім мала. Памёр ад раку лёгкіх… Пражыў 71 год, але дастойна. Быў чалавекам, на якога заўжды можна было разьлічваць менавіта ў цяжкую хвіліну, калі патрэбная дапамога”

- прыгадвае Ігар Бараноўскі.

Разьвітаньне з Адамам Ярмолічам і пахаваньне адбылося  21 верасьня. Пахавалі Адама на могілках Плоска пад бео-чырвона-белым сьцягам.

Вечная памяць!

На фота: Адам Ярмоліч (у цэнтры) у Курапатах ля ўстаноўленага на Дзяды 2015 году пры яго актыўным удзеле крыжа “Памяці берасьцейцаў. 1939-1941″.

AEZIg1eYHGY

Пра гісторыю заснаваньня адраджэнскага руху Бераьсця на зломе 80-х і 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя чытайце і глядзіце тут.

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.