У Вілейцы затрыманы сябра Сойму Партыі БНФ Аляксей Сюдак
Дададзена 29.09.2020 11:08:10 | 683 праглядаў
Сябра Сойму Партыі БНФ, актывіста, гісторыка і краязнаўцу Аляксея Сюдака праваахоўнікі затрымалі 25 верасня ў Вілейцы ў некалькіх метрах ад кафэ «Цяністыя алеі».
Сябры Аляксея паведамілі kraj.by: у пятніцу ўвечары Аляксей выгульваў сабаку, затым з таварышамі зайшоў у кафэ «Цяністыя алеі» ў гарадскім парку. Пасля гэтага ўсе разышліся па дамах. Аляксей накіраваўся ў бок дома, аднак, прайшоўшы літаральна некалькі метраў, каля 22.40 сустрэўся з праваахоўнікамі.
– Каля парка дзяжурылі супрацоўнікі ППС. У Лёшы быў з сабой пакет з грыбамі. Сабраў, пакуль выгульваў сабаку. Пасля таго, як яго спынілі праваахоўнікі, ён патэлефанаваў аднаму з таварышаў, з якімі быў у кафэ, і аддаў ім грыбы, – распавялі сябры актывіста. Прычыну затрымання яны не ўдакладнілі.

З мікрафонам Аляксей Сюдак. Фота з архіву kraj.by
Раней 18 траўня над Аляксеем адбыўся судовы працэс. Прычына – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Па словах сяброў Аляксея Сюдака, актывіст «засвяціўся» ў відэазапісы падчас стрыму Сяргея Ціханоўскага ў Вілейцы. «Але інтэрв’ю не даваў, дыялог з блогерам не вёў», ўдакладняюць сябры затрыманага. Пасля травеньскага суда Аляксея адпусьцілі дадому на чацвёртыя суткі, засталіся “недаадсіжаныя” яшчэ сем.
Суразмоўцы ўдакладнілі яшчэ і тое, што летам Сюдака затрымлівалі на профбеседу, праўда, тады ён правёў у РАУС суткі.
19 жніўня падчас сустрэчы уладаў з жыхарамі Вілейкі Сюдак публічна звярнуўся да начальніка Вілейскага РАУС па пытанні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Тады Аляксандр Бяндасаў у адказ запэўніў: “Мы перашкаджаць не будзем, калі гэта будзе па-сумленнаму і спакойна”.
Паводле рэгіянальнага сайта kraj.by