Гарадзенскія ўлады забаранілі ініцыяваны актывістамі БНФ легальны мітынг у Каложскім паркуДададзена 07.10.2020 11:37:22 | 866 праглядаў Заяўку на мітынг у Каложскім парку, у месцы, якое вызначана Гродзенскім гарвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў, падалі фізічныя асобы.
Паведамленне пра мітынг у Каложскім парку, у месцы, якое вызначана Гродзенскім гарвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў у паведамляльным парадку, падалі фізічныя асобы. Гэта павінен быў быць мітынг для абмеркавання грамадска-палітычнай сітуацыі ў горадзе і краіне. Дакумента на руках у актывістаў яшчэ няма, яго адправілі поштай, але адказ аддзела ідэалогіі гарвыканкама яны ўжо ведаюць – паведамляе рэгіянальны партал. Кіраўнік Гродзенскай арганізацыі БНФ, намеснік старшыні партыі Вадзім Саранчукоў кажа, што рашэнне аб падачы заяўкі прымалася прадстаўнікамі ўсіх апазіцыйных партый і рухаў. І рабілася гэта на падставе таго, што два месяцы актыўных пратэстаў не прыносяць вынікаў, а людзей затрымліваюць, судзяць, штрафуюць і працягваюць збіваць. Кажа Вадзім Саранчукоў: «Гэта была спроба вярнуць пратэсты ў прававое поле, што і гарантуе наша Канстытуцыя». Два месяцы пасля выбараў у Беларусі праходзяць пратэсты, яны не сцішваюцца, і кожны раз гэта заканчваецца затрыманнямі. Каб пазбегнуць гэтага, пазбегнуць гвалту, паспрабаваць вывесці людзей з-пад удару — бо людзі ўсё роўна не задаволены сітуацыяй — была спроба пайсці законным шляхам. Гарвыканкам не пайшоў насустрач, — распавёў Вадзім Саранчукоў, старшыня Гарадзенскай арганізацыі партыі БНФ. Адмаўляючы гродзенцам сабрацца на мітынг легальна ўлады ў сваёй адмове спаслаліся на дрэнную эпідэміялагічную сітуацыю, маўляў, прыйшла другая хваля каранавіруса. Вадзім Саранчукоў кажа, што эпідэміялагічнай сытуацыі няма сярод пералічаных у законе падставаў для забароны масавых мерапрыемстваў, ўсе фармальныя патрабаванні пры падачы заяўкі яны выканалі і спадзяваліся, што рашэння пра забарону мітынгу ўлады прымаць не будуць. «Гарвыканкам можа адмовіць толькі ў выпадку, калі там праводзіцца іншае мерапрыемства, і тады прапанаваць іншае месца або час. Гэтага няма, адсылка была толькі на складаную сітуацыю з COVID», — патлумачыў Вадзім Саранчукоў. Цяпер стала відавочным, паводле кіраўніка гарадзенскай арганизацыі БНФ, што ўлады не пагаджаюцца і на афіцыйныя мерапрыемствы – паведамляюць СМІ. Ініцыятары падачы заяўкі на правядзенне мітынгу збіраюцца абскардзіць рашэнне гарвыканкама ў судзе. Такім чынам яны спадзяюцца атрымаць нейкае афіцыйнае тлумачэнне, на аснове чаго ўлады адмовілі ў правядзенні мерапрыемства.
|
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|