Намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч: “Маршы набліжаюць перамены”
Дададзена 10.10.2020 5:05:21 | 818 праглядаў
Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў у каментары СМІ, што ўнутранае напружанне ў сістэме ўлады павялічваецца з кожным нядзельнымі маршам.
Такім чынам палітык адказаў на пытаньне датычна таго, якія вынікі мае беспрэцэдэнтная грамадская актыўнасць беларусаў.
«Цвёрда перакананы, што гэтыя маршы не марныя нягледзячы на тое, што няма бачнай рэакцыі з боку ўладаў: калі казаць не пра рэпрэсіі, а саступкі і гатоўнасці да дыялогу. Тым не менш, вулічная актыўнасць з’яўляецца важным фактарам, які набліжае перамены. Так, яны могуць наступіць ня хутка. Прадказаць складана, але патэнцыйны тэрмін – паўгода», – сказаў Аляксей Янукевіч.
Палітык удакладніў, што перамены – гэта натуральны працэс, які немагчыма штучна паскорыць:
«Цяпер у многіх захапленне кыргызскімі падзеямі, аднак я лічу, што той шлях хутчэй адсунуў б перамены ў нашай краіне. Тая маналітная дзяржаўная сістэма, што будавалася два дзесяткі гадоў, у выніку сілавога супрацьстаяння будзе толькі кансалідавацца і ўзмацняцца. Працяглы мірны пратэст – я разумею, што гэта цяжка ў эмацыйным плане – наўпрост вядзе да станоўчых пераменаў», – мяркуе Янукевіч.
Ён падкрэсліў, што масавыя маршы таксама важныя, каб да падзеяў у Беларусі не падала цікавасць міжнароднай супольнасці, а сярод дэманстрантаў не было упадніцкіх настрояў.
Прэзідэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 9 жніўня. Найбольш папулярным апанентам Аляксандра Лукашэнкі – Віктару Бабарыка і Валерыю Цапкала – ня дазволілі ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Іх штабы аб’ядналіся вакол Святланы Ціханоўскай. Паводле афіцыйных дадзеных, за Лукашэнку прагаласавалі 80,1 працэнта выбаршчыкаў, за яго асноўную суперніцу – 10,1 працэнта. Нязгода з вынікамі ЦВК вывела на вуліцы беларускіх гарадоў дзесяткі тысяч чалавек. Беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні іх вывеў на вуліцы ўжо сотні тысяч.