Партыя БНФ » Старшыня БНФ адказаў на запрашэньні да дыялогу па рэформе Канстытуцыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ адказаў на запрашэньні да дыялогу па рэформе Канстытуцыі

Дададзена 16.10.2020 12:17:23 | 514 праглядаў

У апошнія дні кіраўніцтва Партыі БНФ і тэрытарыяльныя структуры партыі атрымалі шэраг запрашэнняў да ўдзелу у абмеркаванні магчымай канстытуцыйнай рэформы і ўдасканалення розных галінаў заканадаўства.

канстытуцыяІніцыятарамі гэтых запрашэньняў выступаюць дзяржаўныя органы альбо унівэрсітэты, іншыя дзяржаўныя арганізацыі. Заклік накіроўваць прапановы па зменах у канстытуцыю агучаны таксама і Палатай прадстаўнікоў.

Партыя БНФ выступае за мірны шлях вырашэння вострага грамадска-палітычнага крызісу, у якім цяпер апынулася краіна. Прычына крызысу палягае ў злачынных дзеянннях цяперашняй улады і ў кампаніі дэманстратыўнага гвалту і неабмежаваных рэпрэсіяў, якая скіраваная на застрашэнне людзей і таму мае тэрарыстычны характар. Мы не бачым іншага шляху ўрэгулявання крызыснай сытуацыі апроч дыялогу паміж бакамі канфлікту.

Але ж сапраўды эфэктыўны дыялог магчымы толькі пры ўмове спыненя гвалтоўных акцыяў застрашэння і пры ўмове яснай дэманстрацыі палітычнай волі да ўрэгулявання канфлікту.

Гучна абвешчанае ўладамі стварэнне “дыялогавых пляцовак” для абмеркавання зменаў у Канстытуцыю суправаджаецца далейшай эскалацыяй гвалту, што не дае падставаў лічыць гэтыя пляцоўкі  нечым большым за фікцыю ды імітацыю дыялогу.

Грамадзкі дыялог жыццёва неабходны Беларусі. Фіктыўны дыялог ёсьць небяспечны і шкодны, ён пагражае далейшым паглыбленнем крызысу, што нясе небяспеку для самога існавання беларускай дзяржавы.

У сувязі з выкладзеным на адрас азначаных дыялогавых пляцовак і Палаты прадстаўнікоў было адпраўленае паведамленне пра тое, што ў цяперашніх умовах Партыя БНФ не бачыць магчымасці весьці абстрактнае абмеркаванне прававой рэформы ў прапанаваным фармаце. У гэтым адказе падкрэслена, што Партыя БНФ мае ўласную праграму, у якой выкладзенае бачанне канстытуцыйнай пабудовы краіны, узаемадзеяння дзяржавы, грамадства і асобы ў беларускай нацыянальнай дзяржаве.

Абмеркаванне азначаных палажэнняў праграмы і шляхоў іх увасаблення магчымае падчас грамадскай дыскусіі, але толькі тады, калі будуць рэалізаваныя прапанаваныя Партыяй БНФ 10 крокаў дзеля выхаду з крызысу і пачатку агульнанацыянальнага дыялёгу (зацверджаныя рашэннем кастрычніцкага Сойму Партыі БНФ).

Цалкам адказ БНФ на прапанову ўдзелу ў абмеркаванні ўдасканалення заканадаўства публікуецца ніжэй.

 

У Палату прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

У дыялогавыя пляцоўкі для абмеркавання з  грамадствам пытанняў дзяржаўнага, эканамічнага, сацыяльна-культурнага будаўніцтва, выпрацоўкі прапаноў па іх удасканаленню .

 

У сувязі з запрашэннем да ўдзелу ў абмеркаванні кірункаў удасканалення заканадаўства ад імя Партыі БНФ лічу неабходным заявіць, што ва ўмовах цяперашняга вострага грамадска-палітычнага крызісу абмеркаванне пытанняў прававой рэформы ў прапанаваным фармаце не з’яўляецца ў цяперашні момант магчымым з улікам абставінаў, якія выкладзеныя ніжэй.

1.       Партыя БНФ мае сваё бачанне таго, як павінная быць уладкаваная Беларусь, якое выкладзена ў праграме БНФ, што была прынятая VIII З’ездам Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» і ўхваленая VI З’ездам Партыi БНФ  1 снежня 2002 г. (змены і дапаўненні прынятыя XIV З’ездам Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”, ухваленыя XVI З’ездам Партыі БНФ 11 кастрычніка 2014 г.) – гл. на сайце http://narodny.org/?p=1116  

Праграма Партыі БНФ утрымлівае выкладанне каштоўнаснага падмурку беларускай дзяржавы як формы выяўлення волі беларускага народу да пабудовы нацыянальнай дзяржавы, а таксама ўтрымлівае бачанне асноўных прынцыпаў дзяржаўнага ладу, структуры ўлады і выбарчага заканадаўства, правапарадку, грашова-крэдытнай сыстэмы, падмуркаў землеўладкавання і аграрнай, культурнай, сацыяльнай, гуманітарнай, экалагічнай палітыкі, замежнапалітычнай дактрыны і асноваў палітыкі ў галіне нацыянальнай бяспекі.

Згодна з уласнай праграмай, БНФ бачыць Беларусь незалежнай еўрапейскай дзяржавай беларускага народу, якая надзейна абараняе свабоды, правы й інтарэсы асобы, у якой шануюцца правы нацыянальных меншасцяў, ў якой беларуская культура мае ўсе магчымасці для вольнага развіцця, а беларуская мова ёсць адзінаю дзяржаўнаю. Мы выступаем за перадачу ад дзяржавы да інстытутаў грамадзянскае супольнасці ўсіх функцыяў, якія адказныя грамадзяне здольныя выканаць самі: павінна быць заканадаўча забяспечана й абаронена права грамадзянаў на самаарганізацыю, самакіраванне, грамадзянскія ініцыятывы, развіццё няўрадавых арганізацыяў, прафэсійных саюзаў, рэлігійных супольнасцяў. Наша мэта – пабудова дэмакратычнай дзяржавы, якая забяспечвае актыўны ўдзел грамадзян у палітычным жыцьці, дзе свабода народу падмацоўваецца магчымасцю кантраляваць уладу. Улада, у сваю чаргу, забяспечвае абарону інтарэсаў народу Беларусі, забяспечвае роўныя ўмовы суіснавання ўсіх грамадзянаў Беларусі.

БНФ выступае за прававую дзяржаву, дзе закон (а не указы прэзідэнта) для ўсіх органаў улады быў бы вышэйшай каштоўнасцю, дзе свабодныя выбары будуць надаваць дзяржаве аўтарытэт і з’яўляцца адзіным сродкам легітымізацыі ўлады.  Задача прававой дзяржавы – забяспечыць павагу асноўных правоў, падзел галінаў улады, незалежнасць судоў.

БНФ выступае за абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта выключна выкананнем прадстаўнічых функцыяў, якія не звязаныя з ўмяшальніцтвам у дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінаў улады. Прэзыдэнт павінны абірацца парламэнтам паводле ўскоснага выбарчага права тэрмінам на 4 гады ў сярэдзіне тэрміну паўнамоцтваў парламэнту,  пры гэтым адна асоба ня можа абірацца прэзідэнтам краіны больш чым на два тэрміны.  Такая формула несумяшчальная з цяперашнім парадкам, калі паводле арт. 137 Канстытуцыі (у дзеючай рэдакцыі) указы прэзідэнта маюць вышэйшую юрыдычную сілу за законы, а сам прэзідэнт стаіць па-над іншымі галінамі ўлады і можа даваць указанні судам датычна разгляду судовых спраў (што цяпер рэалізуецца як у форме гэтак званых “дырэктываў”, так і ў форме вусных распараджэнняў).

Кіраўніком выканаўчай улады павінны быць прэм’ер-міністар, які абіраецца парламэнтам і нясе адказнасць за працу ураду. Кіраўнік ураду забяспечвае эканамічную палітыку дзяржавы, разам з прэзідэнтам выконвае прадстаўнічыя функцыі і мае права прапаноўваць свой кабінэт.

БНФ выступае за наданне парламэнту права абіраць адказнага ў правох чалавека (амбудсмэна). Гэты чалавек не павінен быць дэпутатам парламэнту і павінны абірацца бяз права перавыбару тэрмінам на 4 гады, у сярэдзіне тэрміну паўнамоцтваў парламэнту, што забяспечыць ягоную незалежнасць ад змены палітычных элітаў. Заснаванне галіновых амбудсмэнаў (па правах дзіцяці, па правах жанчын, па прадпрымальніцкай дзейнасці, па правах зняволеных) магчымае на тых жа прынцыпах і толькі тады, калі інстытут агульнанацыянальнага амбудсмэна эфэктыўна запрацуе.

БНФ выcтупае за карэнную рэформу дзяржкіравання на мяcцовым узроўні. Мяcцовае cамакіраванне павінна быць аддзелена ад дзяржаўнай улады. Яно кіруе муніцыпальнаю ўлаcнаcцю, вызначае мяcцовыя падаткі, ажыццяўляе ахову парадку, вырашае ўcе пытанні мяcцовага значэння, не перададзеныя дзяржаўным органам. Cамакіраванне дзейнічае незалежна й cамаcтойна. БНФ падтрымлівае непаcрэднае волевыяўленне людзей ў пытаннях мяcцовага cамакіравання.

Смяротнае пакаранне павіннае быць скасаванае, як несумяшчальны з сучаснай прававой сістэмай эўрапэйскай краіны від пакарання, які мае незваротны характар і ў выпадку судовай памылкі не можа быць выпраўлены.

У моўнай палітыцы БНФ  выступае за наданне беларускай мове рэальнага статусу адзінай дзяржаўнай, заканадаўчае вызначэнне статусу моваў нацыянальных мяншыняў, – стварэнне беларускамоўнай сістэмы адукацыі ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсітэтаў ды дзяржаўную падтрымку вывучэння й захавання багацця беларускае мовы ва ўсіх яе варыянтах.

У Партыі БНФ маюцца і больш дэталізаваныя галіновыя праграмы рэформ – у сферы судовай сістэмы і аховы правапарадку, у мясцовым самакіраванні, у сектары нацыянальнай бяспекі, у галіне аховы здароўя ды інш.

2. Аднак у цяперашняй сітуацыі глыбокага грамадска-палітычнага крызісу абмеркаванне перспектываў канстытуцыйнай рэформы не можа разглядацца як дарэчная справа і сваечасовая задача для здаровых сілаў беларускага грамадства.

Цяперашні крызіс акурат з’яўляецца наступствам той сістэмы ўлады, якая ўсталяваная ў Беларусі і якая не бярэ пад увагу аніякіх канстытуцыйных абмежаванняў адзінаасобнай улады. Поўнае ігнараванне Канстытуцыі назіраецца як у сферы дзяржаўнага будаўніцтва (датэрміновае скарачэнне тэрміну паўнамоцтваў парламенту VI склікання раней за вызначаны Канстытуцыяй чатырохгадовы тэрмін  без законных падставаў, сістэматычнае прызначэнне кіраўніка ўраду без атрымання згоды парламенту, скасаванне рашэннем прэзідэнта Вышэйшага гаспадарчага суду, які адзначаны ў Канстытуцыі ды інш.) так і ў сферы правоў грамадзян (масавыя катаванні, адвольныя арышты, збіццё і пераслед мірных пратэстоўцаў, звальненне з працы на падставе палітычных поглядаў ці ў сувязі з сяброўствам у палітычнай партыі, навязванне гэтак званай “дзяржаўнай ідэалогіі” і культ асобы цяперашняга дэ факта кіраўніка дзяржавы, забарона непажаданых для ўлады палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, умяшальніцтва ў вольны распаўсюд меркаванняў, у тым ліку праз пераслед незалежных СМІ і ціск на журналістаў, блогераў і лідэраў грамадзкага меркавання ў інтэрнэце).

Ва ўмовах, калі масава і гвалтоўна парушаюцца падставовыя прынцыпы цывілізаваных  ўзаемаадносінаў чалавека і дзяржаўнай улады ініцыятыва па абмеркаванні зменаў у канстытуцыю з’яўляецца недарэчнай і адарванай ад жыцця.

Тэрытарыяльныя арганізацыі Партыі БНФ дзеля спрыяння грамадскаму дыялогу і наладжвання механізмаў мірнага вырашэння канфліктаў, якія выбухнулі па ўсёй краіне пасля 9 жніўня 2020 года, прапанавалі мясцовым органам улады перамовы для ўрэгулявання крызісу. Прадстаўнікі Партыі БНФ узначалілі перамоўныя групы альбо ўвайшлі ў склад групаў грамадскага прадстаўніцтва, якім мясцовыя супольнасці абураных фальсіфікацыямі і гвалтам грамадзян даручылі весці перамовы ў Гродна, Брэсце, Магілёве, Віцебску ды іншых гарадах. Але неўзабаве пасля таго як перамоўны працэс пачаўся (а ў некаторых гарадах, як у Гродна, прынес першыя станоўчыя крокі), ён быў спынены шляхам пераследу ўдзельнікаў перамоўных групаў і прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці. Да адміністрацыйных спагнанняў былі асуджаныя намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў у Гродна, сябра Сойму Партыі БНФ Аляксей Сюдак у Вілейцы, сябра Сойму Партыі БНФ Хрыстафор Жаляпаў у Віцебску, сябра Сойму Партыі БНФ Зміцер Салаўёў у Магілёве, сябры Сойму Партыі БНФ Сяргей Пантус ды Вітольд Ашурак у Лідзе  ды дзесяткі актывістаў Партыі БНФ па ўсёй краіне.

Адказам на заклік дзесяці з пятнаццаці зарэгістраваных у Беларусі палітычных партыяў да грамадскага дылогу, выкладзены ў супольнай заяве ад 10 верасня, сталася хваля беспрэцэдэнтных праверак органамі юстыцыі партыйных структур па ўсёй краіне. Неабгрунтаваная і маштабная праверка дзейнасці Партыі БНФ і яе арганізацыйных структур трывае і цяпер, пры гэтым Міністэрства юстыцыі ў каментарах называе азначаныя дзеянні “перарэгістрацыяй”, што супярэчыць Закону Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” і характэрызуе дадзеныя дзеянні як палітычны пераслед апанентаў улады.

Пры такіх умовах, калі сябры Партыі БНФ уключна з кіраўніцтвам партыі знаходзяцца пад жорсткім пераследам за спробы наладжвання дыялогу паміж мірнымі пратэстоўцамі і ўладамі, Партыя БНФ не бачыць магчымасці браць удзел у тых дыялогавых пляцоўках, якія створаныя зверху, маюць фіктыўны характар і не ўлічваюць сапраўдны грамадскі запыт.

3.       Разам з тым Партыя БНФ перакананая, што сапраўдны дыялог бакоў ёсць адзіным шляхам вырашэння таго грамадскага-палітычнага канфлікту, які цяпер пагражае самому існаванню беларускай дзяржавы.

Цягам апошніх месяцаў у Беларусі адбыліся драматычныя падзеі, выкліканыя сутыкненнем грамадства і аўтарытарнай ўлады. Справядлівае абурэнне грамадзян улады спрабуюць задушыць шляхам буйнамаштабных рэпрэсіяў. Іх памер і інтэнсіўнасць, а таксама поўнае ігнараванне любых норм права фактычна маюць прыкметы неабвешчанага надзвычайнага стану: рэпрэсіўным і карным органам дазволеныя любыя дзеянні, для іх знятыя ўсе прававыя абмежаванні ў справе рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці.

Краіна апынулася ў глыбокім палітычным крызісе, які паставіў дзяржаву на мяжу існавання. Дзеянні дзяржслужбоўцаў прывялі да ўвядзення санкцыяў, якія ставяць нашую краіну ў стан “дзяржавы-ізгоя” на міжнароднай арэне. Праз гвалтоўныя дзеянні і шэраг небяспечных крокаў у галіне ўнутранай і знешняй палітыкі цяперашніх уладаў складваецца сітуацыя, якая ёсць смяротна небяспечнай для самога існавання Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы беларускага народа.

Адказнасць за захаванне нацыянальнай дзяржавы палягае на ўсіх беларусах, і асабліва на дзеючых палітыках. Нашчадкі не прабачаць нам, калі мы паставімся безадказна да гэтага святога абавязку і страцім дзяржаву.

Таму цяперашні крызіс патрабуе неадкладных захадаў дзеля дээскаляцыі канфлікту і пераходу да мірнага агульнацыянальнага дыялогу.

У якасці першачарговых крокаў, якія б зрабілі такі дыялог магчымым, Партыя БНФ прапануе наступную паслядоўнасць крокаў у выглядзе “дарожнай мапы”:

Крок 1. Вызваленне ўсіх асобаў, якія прызнаныя беларускімі праваабаронцамі як палітычныя зняволеныя, у тым ліку ўдзельнікаў мінулай выбарчай кампаніі з ліку сябраў ініцыятыўных групаў і штабоў кандыдатаў.

Крок 2. Спыненне палітычна матываваных крымінальных справаў, у тым ліку датычна сябраў Каардынацыйнай Рады, якая была створаная на прапанову Святланы Ціханоўскай і чыя дзейнасць знаходзіцца пад абаронай канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду аб’яднанняў.

Крок 3. Спыненне масавых і нематываваных затрыманняў ды практыкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных масавых акцыяў шляхам надання прамога дзеяння нормам Канстытуцыі пра грамадзянскія правы, у тым ліку права на свабоду мірных сходаў.

Крок 4. Фармуляванне праваахоўнымі органамі і палітычным кіраўніцтвам краіны ясных і недвухсэсоўных гарантыяў бяспекі на выпадак вяртання на тэрыторыю краіны тых беларусаў, якія былі выштурхнутыя з краіны альбо былі вымушаныя хавацца ў замежжы з прычыны апасенняў за сваё жыцьцё і здароўе.

Крок 5. Спыненне ўсіх форм пераследу і незаконных абмежаванняў прафэсійнай дзейнасці журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі (уключна з неадкладным аднаўленнем акрэдытацыі журналістаў замежых СМІ і адмовай ад блакіроўкі вэб-сайтаў), спыненне антынацыянальнай прапаганды ды дыскрэдытацыі пратэстоўцаў і беларускай сімволікі ў дзяржаўных медыях, выдаленне з іх раней запрошаных расейскіх прапагандыстаў.

Крок 6. Аднаўленне на працы ў дзяржаўных органах, прадпрыемствах і арганізацыях ўсіх людзей, якія былі звольненыя ў сувязі з іх палітычнымі перакананнямі альбо на падставе іх удзелу ў мірных акцыях пратэсту.

Крок 7. Стварэнне супольнай парламэнцка-грамадскай камісіі з удзелам праваабарончых арганізацыяў дзеля вывучэння абставінаў прымянення гвалту падчас падзеяў жніўня-верасня 2020 года і з наступнай перадачай назапашаных матэрыялаў у пракуратуру і следчыя органы дзеля прыцягнення да адказнасці вінаватых у катаваннях і забойствах.

Крок 8. Забяспячэнне доступу экспэртаў ААН да маніторынгу ўмоваў утрымання ў месцах няволі і супраца дзяржаўных органаў з ужо прызначанымі структурамі Савета па правах чалавека ААН і АБСЭ дзеля аб’ектыўнага вывучэння і дакументавання падзеяў жніўня-верасня 2020 года.

Крок 9. Правядзенне з удзелам Палаты прадстаўнікоў ды іншых дзяржаўных органаў ды палітычных партыяў нарады дзеля выпрацоўкі фармату, графіку правядзення, кола ўдзельнікаў і магчымых пасярэднікаў, а таксама парадку дня агульнацыянальнага дыялогу.

Крок 10. Рэформа выбарчага заканадаўства з улікам прапаноў місій назірання АБСЭ на выбарах 2015-2019 гадоў і прапаноў нацыянальных назіральнікаў кампаніі “Права выбару” з наступным правядзеннем выбараў усіх узроўняў па новых правілах і з новым складам выбарчых камісій.

Гэтыя крокі дазволяць пераадоліць найбольш значныя негатыўныя наступствы крызісу, спыняць раскол грамадзтва і прыпыняць спаўзанне краіны ў бездань, дадуць магчымасць распачаць сапраўдны агульнацыянальны дыялог, а не яго імітацыю.

Толькі сапраўдны агульнанацыянальны дыялог ў атмасфэры, вольнай ад гвалту і прымусу,  можа стаць пляцоўкай для абмеркавання зместу і фармату правядзення будучай канстытуцыйнай рэформы, пра неабходнасць якой кажуць усе бакі палітычнага канфлікту і правядзенне якой можа быць распачатае толькі пасля рэформы выбарчага заканадаўства.

 

Старшыня Партыі БНФ
і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”             Рыгор Кастусёў

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.