Партыя БНФ » Зьезд Партыі БНФ адкладаецца да лістапада
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьезд Партыі БНФ адкладаецца да лістапада

Дададзена 20.10.2020 11:03:23 | 342 праглядаў

Справаздачна-выбарчы ХХ зьезд Партыі БНФ (XVI зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”), які меўся адбыцца 24 кастрычніка, адкладаецца на два тыдні: сойм партыі прыняў рашэньне пра перанос зьезду з прычыны адсутнасьці памяшканьня і прызначыў новай датай зьезду 7 лістапада.

сцяг БНФ 3Як паведамляе Управа Партыі БНФ, рашэньне пра падрыхтоўку чарговага зьезду БНФ было прынятае яшчэ да выбараў, у ліпені. Датай зьезду было вызначана 24 кастрычніка. Сойм таксама зацьвердзіў нормы прадстаўніцтва і парадак вылучэньня дэлегатаў, усклаўшы арганізацыйныя функцыі па падрыхтоўцы да зьезду на Управу.

Аднак, у апошнія дні напярэдадні зьезду паўсталі перашкоды ў арганізацыі мерапрыемства: раней дамоўленае памяшканьне для правядзеньня зьезду апынулася недаступным, а шэраг іншых прыдатных канфэрэнц-заляў адмовіліся здаваць залю ў арэнду апазыцыйнай партыі.

Улічваючы, што цяпер партыя знаходзіцца пад прыцэлам кантралюючых органаў, было вырашана адкаласьці правядзеньне зьезду на два тыдні і прызначыць новай датай зьезду 7 лістапада. Такое рашэньне прыняў Сойм Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”, які адбыўся 19 лістапада ў анлайн-фармаце.

Адказны сакратар Управы Партыі БНФ Зьміцер Салошкін так пракамэнтаваў прычыны пенраноса зьезду:

-       Менавіта цяпер адбываецца маштабная праверка дзейнасьці партыі, прычым правяраецца не толькі партыяў цэлым, але і ніжэйстаячыя структуры правяраюцца таксама абласнымі ўпраўленьнямі юстыцыі. Запытваюцца не толькі пратаколы і спісы органаў, але і дакументы ў пацьвярджэньне юрыдычных адрасоў ды спісы сябраў партыі. Гэта найбольш маштабная праверка за ўвесь час існаваньня партыі. Пры такіх умовах мы не можам рызыкаваць зрывам справаздачна-выбарчага зьезду у апошні момант, калі адсутнічае пэўнасьць ў наяўнасьці памяшканьня. Нажаль, у нас раней былі выпадкі, калі арэндадаўцы адмаўлялі ў залі для зьезду БНФ літаральна ў дзень правядзеньня мерапрыемства.

Таму прынятае рашэньне перанесьці дату зьезду на 7 лістапада і заключыць дамову арэнды памяшканьня на гэты дзень. Мы працягваем пошук канфэрэнц-залі належнай умяшчальнасьці і спадзяемся, што ўлады не будуць чыніць перашкоды для зьезду.

У астатнім праца па падрыхтоўцы пасяджэньня вышэйшага органу партыі вядзецца ў рабочым парадку, адбываюцца тэрытарыяльныя сходы ў рэгіёнах па вылучэньні дэлегатаў. Натуральна, на сходах сябры партыі абмяркоўваюць бягучую сытуацыю у краіне і шляхі выхаду з грамадзка-палітычнага крызысу, у якім апынулася краіна пасьля выбараў і хвалі гвалту, што ўчынілі ўлады супраць абураных фальсіфікацыямі людзей. Абмяркоўваецца таксама і прапанова ўладаў прыняць удзел у абмеркаваньні рэформы канстытуцыі – на гэты конт гучаць розныя думкі, і гэтыя дыскусіі, відавочна, будуць працягнутыя на зьездзе – сказаў адказны сакратар Управы Партыі БНФ Зьміцер Салошкін.

Прызначаны на 7 лістапада ХХ зьезд Партыі БНФ (XVI зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) будзе справаздачна-выбарчым: на ім будуць абраныя сябры кіруючага органу партыі і руху (Сойм), а таксама рэвізійная камісія. Зьезд заслухае справаздачу старшыні партыі Рыгора Кастусёва і справаздачу рэвізійнай камісіі, а таксама абярэ таемным галасаваньнем на трохгадовы тэрмін старшыню партыі і намесьнікаў старшыні (колькасьць намесьнікаў вызначае зьезд).

Кастусёў 18Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, зьезд Партыі БНФ адбываецца ў лёсавызначальны пэрыяд беларускай гісторыі:

-       Задачы БНФ у новых умовах, партыйная тактыка і стратэгія дзеяньняў па абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў і рэалізацыі палажэньняў партыйнай праграмы – гэта тое, што будзе, безумоўна, прадметам шырокага абмеркаваньня на будучым зьездзе партыі. Палітычнае кіраўніцтва БНФ рыхтуе пакет заяваў і рэзалюцыяў, якія будуць прапанаваныя зьезду дзеля вызначэньня пазыцыі партыі па найважнейшых пытаньнях развіцьця краіны і выхаду з палітычнага крызысу, выкліканага злачыннымі дзеяньнямі аўтарытарнага кіраўніцтва краіны – сказаў Рыгор Кастусёў.

Мінулы справаздачна-выбарчы XVIII зьезд БНФ адбыўся ў 2017 годзе. На ім старшынём Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” быў абраны Рыгор Кастусёў, а таксама былі прынятыя некалькі рэзалюцыяў ды заяваў. Пазачарговы ХІХ зьезд БНФ у 2019 годзе меў перадвыбарчы характар, на ім вылучаліся кандыдаты ў дэпутаты, перавыбараў кіраўніцтва не праводзілася.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.