Партыя БНФ » Лідэры апазыцыйных партый адрэагавалі адмовай на патрабаваньні ўладаў аб прадстаўленьні пэрсанальных дадзеных партыйцаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэры апазыцыйных партый адрэагавалі адмовай на патрабаваньні ўладаў аб прадстаўленьні пэрсанальных дадзеных партыйцаў

Дададзена 27.10.2020 12:07:30 | 295 праглядаў

Лідэры пяці апазыцыйных партый Беларусі правялі онлайн-канфэрэнцыю, падчас якой агучылі супольную пазыцыю да праверкі іх дзейнасьці Міністэрствам юстыцыі.

Міністэрства юстыцыі пагражае Партыі БНФ пісьмовым папярэджаньнемПра гэта паведамляе ў сваім рэпартажы пра анлайн-канфэрэнцыю пяці апазыцыйных партыяў Беларуская служба Радыё Свабода.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў нагадаў, што Міністэрства юстыцыі распачало праверку дзейнасьці зарэгістраваных палітычных партый і загадала даць інфармацыю аб структуры і пэрсанальнай колькасьці сяброў з пацьвярджальнымі дакумэнтамі — пайменным сьпісам, пратаколамі, статутам. Дакумэнты неабходна было даслаць да 23 кастрычніка.

У сёньняшніх умовах абнародаваць пэрсанальныя зьвесткі сябраў апазыцыйных партый аналягічна таму, што перадаць расстрэльныя сьпісы ў НКВД, заявіў палітык.

Па яго словах, у дзейным законе «Аб палітычных партыях» адсутнічае як паняцьце «перарэгістрацыя палітычнай партыі», так і неабходнасьць перадаваць кудысьці сьпісы. Абавязковае пазначэньне сваёй партыйнасьці прадугледжваецца толькі ў трох выпадках: пры вылучэньні кандыдатам у дэпутаты ад партыі, у выбарчыя камісіі розных ўзроўняў і абраньня ў склад кіраўніцтва і рэвізійную камісію на мясцовым і нацыянальным узроўні.

«Натуральна, што ў ініцыятыве Міністэрства юстыцыі прысутнічае палітычны заказ. Усе былі сьведкамі таго, як Аляксандар Лукашэнка загадаў кіраўніку ведамства праверыць дзейнасьць палітычных партый, бо, на яго думку, яны адхіліліся ад сваёй працы. Яго разьюшыла сумесная рэзалюцыя прадстаўнікоў 10 палітычных партый, якія выступілі супраць гвалту, за дыялёг, а таксама правядзеньне новых прэзыдэнцкіх выбараў», — лічыць Ігар Барысаў.

Партыйныя лідэры перакананыя, што такім чынам улады вырашылі вывесьці зь ценю ў тым ліку тых актывістаў, якія працуюць ў дзяржаўных арганізацыях і прадпрыемствах. Выдаць гэтых людзей — значыць паставіць іх пад патэнцыйны прэсінг. З практыкі вядома, куды тыя сьпісы потым перадаюцца. Як толькі зьяўляецца новы сябра ў кіраўніцтве нават раённай арганізацыі, адразу КДБ спрабуе яго зрабіць або інфарматарам, або націснуць, каб адпала ахвота мець стасункі з партыяй, расказаў Ігар Барысаў.

Рыгор Кастусёў Гарачы каментар на БелсацеСтаршыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў гэтаксама не сумняваецца, што рашэньне аб перарэгістрацыі прадыктаванае толькі адным жаданьнем — узяць людзей на кантроль:

«Гэта стала рэакцыяй на падпісаньне 10 верасьня супольнай заявы пра неабходнасьць спыненьня гвалту, правядзеньня расьсьледаваньняў фактаў зьбіцьця мірных грамадзянаў і ўрэгуляваньня канфлікту шляхам дыялёгу. Лукашэнка загадаў правесьці перарэгістрацыю партый, якія нібыта „парушаюць свае статуты“. Натуральна, мы асуджаем перасьлед за акрэсьленую пазыцыю да таго, што адбываецца ў краіне. Гэта можа прывесьці да поўнага зьнішчэньня палітычнага руху. Таму прапануем Міністэрству юстыцыі арганізаваць сустрэчу для абмеркаваньня сытуацыі».

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін дадаў, што ў выпадку абнародаваньня зьвестак сваіх чальцоў партыйныя лідэры ўласнаручна здадуць аднадумцаў на расправу рэжыму.

«Патрабаваньне агучваньня пэрсанальных зьвестак ня толькі не адпавядае заканадаўству, а і ставіць пад пагрозу нашых чальцоў. Дзяржава сёньня не выконвае закону і гатовая пачаць новую хвалю рэпрэсій супраць тых, хто мае іншую пазыцыю. Кампанія на ліквідацыю апазыцыйнага руху мае доўгатэрміновую пэрспэктыву і ўпісваецца ў „канстытуцыйную рэформу“ — аўтарытарная Беларусь з адфільтраванымі партыямі і парлямэнтам. Улада, прайграўшы выбары, спрабуе працягнуць сваё існаваньне. Нам ня трэба ўдзельнічаць у падаўжэньні жыцьця рэжыму».

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў заклікае калег не паддавацца на правакацыі Міністэрства юстыцыі і пасьлядоўна адстойваць права на дзейнасьць.

«Падзеі апошніх дзён паказваюць, што гэта апошняя восень нашага так званага „патрыярха“. Паколькі галоўная мэта Лукашэнкі — выжыць любой цаной, ён гатовы на ўсё. Законнасьць зьнішчаная цалкам. Рэпрэсіі ўведзены ў ранг штодзённага жыцьця. Цяпер вось задача зачысьціць палітычнае поле. Мы ня можам на такое пагадзіцца, бо ініцыятыва відавочна накіраваная на тое, каб спрасьціць нэўтралізацыю апанэнтаў. Так званая канстытуцыйная рэформа і закон аб палітычных партыях — гэта спроба перасунуць фокус увагі з важных рэчаў на другаснае».

26 кастрычніка падчас онлайн-канфэрэнцыі кіраўнікі АГП, БСДП (Грамада), партыі «Зялёныя», «Справядлівы сьвет» і Партыі БНФ агучылі сумесную пазыцыю:

  • Асуджаем кампанію Міністэрства юстыцыі на пераслед палітычных партый за іх акрэсьленую пазыцыю адносна сытуацыі ў краіне
  • Абнародаваньне пэрсанальных сьпісаў чальцоў партый не адпавядае закону «Аб палітычных партыях»
  • Дадзеная кампанія можа прывесьці да поўнага зьнішчэньня палітычных партый у Беларусі
  • Ведамству будуць перададзеныя толькі тыя дакумэнты, падача якіх прадугледжана законам «Аб палітычных партыях»
  • Прапанова Міністэрству юстыцыі арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі ўсіх палітычных партый для абмеркаваньня сітуацыі і пэрспэктываў прыняцьця новай рэдакцыі закону «Аб палітычных партыях».

 

 

Лістапад 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.