Намеснік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч выступіў з вітальным словам перад удзельнікамі ХІV з’езду Таварыства Беларускай МовыДададзена 30.10.2020 12:04:41 | 552 праглядаў 18 кастрычніка ў Менску прайшоў ХІV з’езд Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Акрамя дэлегатаў на з’езд прыйшлі і выступілі з прывітальнымі словамі намесніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард і намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Наведала з’езд гарачая змагарка за беларускасць Ніна Багінская. Пасля выбараў мандатнай, падліковай і рэдакцыйнай камісій з’езд разгледзеў наступныя пытанні:
На пачатку паседжання падзякамі ТБМ был ўзнагароджаны Сяргей Сівы з Валожына і карэспандэнтка “Нашага слова” Эла Оліна. Па першым пытанні заслухалі справаздачны даклад XIV з’езду ТБМ старшыні ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” Алены Анісім аб дзейнасці арганізацыі за перыяд з лістапада 2017 па верасень 2020 года. Па другім пытанні заслухалі даклад старшыні Рэвізійнай камісіі Міколы Бам-бізы. Былі заслуханы даклады першага намесніка старшыні ТБМ У. Коласа і намеснікаў Дз. Тушынскага, С. Судніка, А. Давідовіча. Адбыліся спрэчкі і крытычныя выступленні дэлегатаў, якія прадэманстравалі розныя погляды на падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Выступоўцы выказалі думку, што сённяшні ўздым грамадскай актыўнасці на вуліцах павінен надаць належнае месца ў дзяржаве беларускай мове. “Калі людзі высока ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі як нацыянальныя сімвалы, то яны ўздымуць і мову!”- упэўненыя дэлегаты з’езда. Па выніках дыскусіі дзейнасць арганізацыі была прызнана здавальняльнай, зрабілі ўсё, што маглі. Выбары старшыні ТБМ прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове. Менская і Віцебская абласныя канферэнцыі ў свой час прапанавалі на пасаду старшыні Алену Анісім. Дэлегаты падтрымалі гэтую прапановы. Старшынёй ТБМ на другі тэрмін абрана Алена Анісім. З’езд абраў першым намеснікам старшыні ТБМ Уладзіміра Коласа, а намеснікамі Станіслава Судніка (г. Ліда), Алега Дзьячкова (г. Магілёў) і Зміцера Солтана (г. Наваградака). Была абрана Рэвізійная камісія ТБМ і яе старшыня Мікола Бамбіза. Была абрана новая Рада ТБМ. Рэдактарам газеты “Наша слова” на чарговы тэрмін зацверджаны Станіслаў Суднік. Улічваючы складаную палітычную сітуацыю, супрацьстаянне ў грамадстве, анансаваную канстытуцыйную рэформу, з’езд прыняў усяго адну заяву, сутнасць якой прапанаваў Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў. Заява ХІV з’езда ТБМ З’езд ТБМ выступае за вяртанне Канстытуцыі 1994 г., у якой статус беларускай мовы быў абвешчаны як адзінай дзяржаўнай мовы ў нашай краіне. Статус рускай і іншых моў, на якіх размаўляюць грамадзяне Беларусі, можа быць вызначаны ў новым Законе аб мовах. 18.10.2020 г. Такім чынам прапановы прафесараў Леаніда Лыча і Міколы Савіцкага, якія выказваліся на папярэдніх з’ездах, практычна прынятыя. З’езд ТБМ, як і належыць, выказаўся за адзіную дзяржаўную беларускую мову, хаця некаторыя ізноў хацелі адкласці гэтае пытанне “на потым”, “каб не адпіхнуць людзей” і г.д. На бліжайшыя тры гады пазіцыя ТБМ ясная, а наступны год па прапанове Баранавіцкай арганізацыі вырашана правесці пад знакам 30-годдзя незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Паводле газэты “Наша Слова“ |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|