Дыялог ці імітацыя? Старшыня Віцебскай арганізацыі БНФ распавядае пра круглы стол з удзелам апазыцыі, уладаў і лаяльных партыяўДададзена 31.10.2020 5:04:11 | 424 праглядаў Асцярожныя заклікі да дыялогу і прызнанне неабходнасці заканадаўчых зменаў пачалі гучаць з боку ўладаў. Ці Аляксандр Лукашэнка гатовы размаўляць з грамадствам і што хоча яму прапанаваць?
«Была прадстаўніца аддзелу ідэалогіі аблвыканкаму, якая адразу заявіла, што яна толькі прысутнічае ды не мае паўнамоцтваў пра нешта размаўляць і дамаўляцца. Яна з цікавасцю слухала, выступала», – распавёў тэлеканалу Белсат кіраўнік віцебскай аргструктуры Партыі БНФ Кастусь Смолікаў. Ён быў адным з нешматлікіх апазіцыянераў сярод 25-ці ўдзельнікаў сустрэчы. Акрамя Кастуся Смолікава, выхаду з палітычнага крызісу, сярод іншых, шукалі кіраўнік абласной арганізацыі БРСМ Вячаслаў Хрол, кіраўніца Віцебскага гарадскога саюзу ветэранаў Ларыса Алеанская, прыхільнікі гэтак званага «русского мира» Арцём Агафонаў і Андрэй Герашчанка. «Мясцовыя ўлады не тое што не саспелі, яны не жадаюць і не маюць кампетэнцыяў праводзіць нейкія дыялогі», – мяркуе Кастусь Смолікаў. “Наша сённяшняя сустрэча – добры знак таго, што грамадства, улада саспелі да дыялогу”, – цытуе старшыня Віцебскай арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава газэта админістрацыі прэзыдэнта “Беларусь Сегодня”. Гэта ўжо трэцяя заява пра перамовы за апошнія дні. Савет Рэспублікі і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада правядуць круглы стол у справе канстытуцыйнай рэформы. Пра гэта кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава дамовілася з лідарам сацыялістаў Сяргеем Чэрачнем. Браць удзел у дыялогу з уладамі заклікаў і вызвалены з СІЗА актывіст штабу Бабарыкі – Юрый Васкрасенскі. «Гэта, канечне, усё вялікая імітацыя з мэтаю збіць палітычную мабілізацыю беларусаў і адвесці ўвагу з сапраўдных патрабаванняў беларускага грамадства на другасныя пытанні. Лукашэнка замест сумленных і справядлівых выбараў хоча правесці цалкам ім кантраляваныя змены», – лічыць даследчык «EAST Center» і «ISANS» Андрэй Елісееў. На думку палітолага, прапанаваныя ўладамі «заканадаўчыя пераўтварэнні» не прадугледжваюць адстаўкі Лукашэнкі. Ён можа змяніць Канстытуцыю так, каб яго выбіраў не народ, а кантраляваны парламент. Якія прадстаўнікі грамадства зацвердзяць такія змены? «Гэта розныя БРСМы, Беларускія саюзы жанчын, праўладныя прафсаюзныя арганізацыі – тыя самыя арганізацыі, якія, напрыклад, пастаўляюць псеўданазіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах», – пералічвае Андрэй Елісееў. На думку арганізатараў і ўдзельнікаў круглага стала «Прадухіленне грамадзянскага канфлікту, дазвол палітычнага і эканамічнага крызісу ў Віцебскім рэгіёне», неабходнасць такой сустрэчы наспела даўно, а падзеі апошніх трох месяцаў – вынік таго, што ў Беларусі не было нармальнага ўнутрыпалітычнага дыялогу. Каб выправіць сітуацыю, якая склалася і «пачуць» адзін аднаго, было вырашана правесці гэтае мерапрыемства – паведамляе “Віцебскі кур’ер”. Паводле газэты, асноўнымі тэзісамі праўладных партый былі: - акцыямі на вуліцах кіруюць з-за мяжы, а мітынгоўцы, у асноўным, падкупленыя; - можна не згаджацца з вынікамі выбараў, але спрачацца аб іх законнасці няма сэнсу; - Беларусь разам з Расіяй павінная супрацьстаяць агрэсіі Захаду, больш за тое, цяперашняя сітуацыя ў краіне – гэта спроба заходніх дзяржаў аслабіць РФ Прадстаўнікі апазыцыйных сілаў, у прыватнасці прадстаўнік БНФ Канстанцін Смолікаў, выказалі нязгоду з праўладнымі партыямі па ўсіх пунктах: - акцыямі ніхто не кіруе, людзі выходзяць на вуліцы самастойна; Сышліся боку на тым, што краіна цяпер знаходзіцца ў крызісе шмат у чым з-за таго, што палітычнага жыцьця ў краіне за апошнія гады не было, а партыі існавалі «самі для сябе». «Для першага разу ўсё прайшло нядрэнна, хоць у наступны раз я б запрасіў пабольш прадстаўнікоў улады. Акрамя таго, на мерапрыемстве практычна не было прадстаўнікоў пратэстуючых, якія выходзяць на вуліцы, студэнцкага самакіравання, адміністрацый тых ВНУ, дзе праходзяць найбольш моцныя пратэсты », – падзяліўся ўражаннямі пра мерапрыемства кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў. Паводле яго слоў, цяпер пачынаюцца страйкі, якія будуць доўжыцца доўга, прычым сіла іх будзе нарастаць. Менавіта арганізатараў і ўдзельнікаў забастовак і пратэстных акцый неабходна слухаць у першую чаргу. Падтрымаў Смолікава і арганізатар круглага стала Аляксандр Лукашок (РППС), які адзначыў, што наступны крок у арганізацыі дыялогавых пляцовак – ісці да народа.
|
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|