Партыя БНФ » «Дзяды супраць тэрору» ў Магілёве
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«Дзяды супраць тэрору» ў Магілёве

Дададзена 02.11.2020 12:01:58 | 218 праглядаў

У нядзелю, 1 лістапада, дзясятак чалавек традыцыйна на Дзяды, сабраліся ля Крыжа памяці на праспэкце Дзьмітрава. Як патлумачылі арганізатары, памінальная імпрэза шырока не анансавалася, «каб на месцы жалобы па ахвярах бальшавіцкага і сталінскага тэрору не хапалі людзей невядомыя асобы ў чорным».

06747821-DAB6-4D61-BD8B-82ABE9B0EDCA_w650_r1_s«Людзі з псыхалёгіяй катаў паўтараюць цяпер тое, што тут адбывалася ў 1920-30 гады», — кажа ля Крыжа кіраўнік абласной арганізацыі БНФ, сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Макаранка.

«Непакаранае вяртаецца ў яшчэ больш пачварнай форме, — упэўнены ён. — Мы спадзяваліся, што 21 стагодзьдзе стане часам, у якім пераможа цывілізацыя, культура, будуць узятыя новыя духоўныя вышыні, але бачым, што 1930-ыя і цяперашні час зьнітаваліся крывавай повязьзю».

Памінальная імпрэза доўжылася блізу гадзіны. Міліцыі на месцы яе правядзеньня не было. Пазьней стала вядома, што сілавікі былі ля крыжа за дзьве гадзіны да пачатку. Паводле відавочцаў, адзін зь міліцыянтаў зрэзаў з памятнага знака бел-чырвона-белую стужку.

Сытуацыя характэрная для цэнтру гораду Звыкла цэнтар гораду блякавалі сілавікі. Імі кантраляваліся патэнцыйныя пляцоўкі гуртаваньня пратэстоўцаў, якія згадваліся ў тэлеграм-каналах. Прыпынак грамадзкага транспарту насупраць гарвыканкаму, як афіцыйна паведамлялася, зь меркаваньняў бясьпекі закрылі, бо на прылеглай плошчы маглі сабрацца на «несанкцыянаваную акцыю» грамадзяне.

Пад асаблівай увагай міліцыі знаходзілася пешаходная вуліца Ленінская. На ёй было ажыўлена. Жанчыны шпацыравалі з букетамі кветак і лісьця. Зьбірацца ў групы мінакам не давалі. Вуліцу патрулявалі міліцыянты і сілавікі ў чорнай вопратцы. Паводле відавочцаў, усіх, хто гуляў тут, здымалі на відэа. Сядзець на лаўках і надоўга затрымлівацца ля вулічных музыкаў не дазвалялася.

«Апошні месяц на гэтай вуліцы па нядзелях уведзеная камэнданцкая гадзіна, — абураецца пажылы мужчына. — Я тут з маленства жыву і такога не было. Ідзеш і азіраесься, каб цябе не забралі. Ужо і ня ведаеш, што тут можна рабіць, а што не».

Праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» кажуць пра аднаго затрыманага. Мужчыну забралі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Ён у кастрычніцкім аддзеле міліцыі.

Апошнюю масавую акцыю пратэсту”Народную інагурацыю” Ціханоўскай у Магілёве прыхільнікі пераменаў зладзілі 27 верасьня. Некалькі дзясяткаў удзельнікаў разагнала міліцыя з ужываньне сілы і спэцсродкаў.

Цяпер пратэстоўцы зьбіраюцца невялікімі групамі на пешаходнай вуліцы Ленінскай, праводзяць удалечыні ад гарадзкога цэнтру адзіночныя пікеты зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ды ладзяць «партызанскія вылазкі» ў спальных раёнах, вывешваючы нацыянальную сымболіку, якую ліквідуюць сілавікі і камунальнікі.

Напярэдадні ў тэлеграм-каналах паведамлялася пра дзясятак лякальных акцыяў па горадзе. У розных яго частках вывешваліся бел-чырвона-белыя сьцягі, ладзіліся пэрформансы да Хэлоўіна, з атрыбутыкай, дапасаванай да цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Паводле Радыё Свабода

Лістапад 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.