100 гадоў Слуцкаму Збройнаму Чыну: заява БНФ да Дня ГерояўДададзена 27.11.2020 12:02:27 | 1,810 праглядаў 100 гадоў Слуцкаму Збройнаму Чыну Заява Партыі БНФ да Дня Герояў 2020 7 лістапада 2020 г.
У бой рушылі Слуцкі і Грозаўскі палкі Першай Слуцкай Брыгады Стралкоў БНР. «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына» – з гэтымі словамі, вышытымі на бела-чырвона-белых штандарах, простыя хлопцы са Случчыны пайшлі ў бой супраць добраўзброеных акупантаў. Гэты гераічны збройны чын случчакоў тады засьведчыў і расейскім бальшавікам, і ўсяму астатняму сьвету: беларусы гатовыя змагацца за сваю незалежнасЬць! Паўстанцы на працягу месяца давалі адпор бальшавіцкай навале з Усходу. Апошнія атрады случчакоў сышлі з поля бітвы толькі ў студзені 1921 году. Партызанскія атрады працягвалі змаганьне яшчэ некалькі гадоў. Яны змагаліся за свабоду сваю і Айчыны! Яны не чакалі ні ад каго дапамогі! Яны самі вырашалі свой лёс! Яны паклалі свае жыцьці за Беларусь, за нас, за цябе! Беларуская дзяржава нараджалася ў крывавых пакутах, і наш беларускі вольны дух, які тады ажыў, не згасаў больш аніколі. На поле барацьбы за случчакамі выходзілі і выходзяць наступныя пакаленьні змагароў за Беларусь. Героі назаўсёды застануцца ў нашай памяці. Слуцкія паўстанцы ішлі змагацца зь верай у сваю праўду, бо ведалі, што няма большай каштоўнасьці ў чалавека за волю сваю і свайго народу. Узгадайма сёньня гераізм нашых продкаў і выкажам ім з глыбіні сэрца ўдзячнасьць беларускага народу за іхны яскравы чын. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ ГЕРОЯМ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ! |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|