Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла вітае ХХ Зьезд БНФДададзена 07.11.2020 11:05:27 | 329 праглядаў Вітальны зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да дэлегатаў ХХ зьезду Партыі БНФ (XVI зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”). Дарагія дэлегаты зьезду Беларускага Народнага Фронту! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас ў самыя напростыя за амаль тры дзесяцігодзьдзі беларускай Незалежнасьці часы, калі дыктатар Лукашэнка разьвязаў сапраўдны тэрор супраць беларускага народу. Сьвет жахнуўся ад катаваньняў і зьдзекаў, учыненых ідэйнымі нашчадкамі НКВД на нашай шматпакутнай зямлі. Але сёньняшні дзень ёсьць і часам надзеі, калі народ, адчуўшы сябе народам, паўстаў за сваё права “людзьмі звацца” пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Ужо не адзінкі, а тысячы і тысячы людзей паказваюць прыклад гераічнага змаганьня за свабоду. Для вас, прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту, які заўсёды адстойваў прынцыпы дэмакратыі, захоўваньня правоў чалавека і што асабліва важна – нацыянальнай ідэі і ідэалаў Адраджэньня, зараз вельмі адказныя дні. Трэба тлумачыць людзям, што ніякія хітрыкі, прыдуманыя Лукашэнкам разам з Пуціным, кшталту “канстытуцыйнай рэформы”, не дадуць ім ніякай пэрспэктывы ўздыхнуць свабодна. Толькі адстаўка Лукашэнкі і новыя свабодныя выбары могуць спыніць 26-гадовае панаваньне сілаў, якія імкнуцца зьнішчыць нашу Бацькаўшчыну. Дык жадаю вам, дарагія сябры, посьпехаў у вашых добрых справах, у якіх вы заўсёды можаце разьлічваць на падтрымку Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыве Беларусь! ————————————————————–
Апроч сп-ні Сурвілы, з вітаньнямі да зьезду зьвярнуліся старшыня ТБМ Алена Анісім, старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, партыя Эўрапэйскіх кансэрватараў і рэфармістаў ў асобе генеральнага сакратара Ганны Фатыга, а таксама Вольга Севярынец, жонка беларускага палітвязьня Паўла Севярынца ды інш. |
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|