Заява Зьезду БНФ: “Беларусь – Эўрапэйская нацыя!”Дададзена 19.11.2020 12:02:22 | 1,362 праглядаў Беларусь — эўрапейская нацыя! Ухвала Зьезду Партыі БНФ ад 7 лістапада 2020 году
Адзінымі сымбалямі цяперашняга пратэсту зьяўляюцца беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і старажытны герб Пагоня, а асноўнымі патрабаваньнямі — сумленныя выбары, спыненьне гвалту супраць народу, вяршынства закону. Беларускі пратэст мае свой унікальны характар, разьвіцьцё і парадак дня, і пытаньні геапалітычнага выбару краіны не зьяўляюцца ягоным асноўным рухавіком. Толькі пасьля прызнаньня Масквой сфальсыфікаваных выбараў ды аказаньня Крамлём поўнай палітычнай і інфармацыйнай падтрымкі Аляксандру Лукашэнку, а таксама гатоўнасьці накіраваць расейскіх сілавікоў у Беларусь дзеля задушэньня пратэстаў, на мірных пасьлявыбарых дэмантрацыях зьявіліся лёзунгі супраць умяшаньня Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі. Тым большае абурэньне выклікаюць намаганьні Крамля ня толькі навязаць беларусам больш шчыльную інтэграцыю з аўтарытарнай Расеяй пад выглядам падтрымкі псэўда-рэформаў Канстытуцыі замест новых сумленных выбараў, але й імкненьне выставіць беларускі пратэсны рух у вачох як грамадзянаў Расеі, так і ўсяго сьвету як інсьпіраваны, фінансаваны і кіраваны Захадам нібыта дзеля разбурэньня постсавецкай рэінтэграцыі вакол Масквы. У такой сітуацыі вялікае зьдзіўленьне ды расчараваньне выклікаюць таксама публічныя заявы асобных расейскіх і эўрапэйскіх чыноўнікаў, у якіх яны спрабуюць ня толькі адмаўляць эўрапейскасьць беларускай нацыі, але й гаварыць ад імя беларускага народу аб нібыта жаданьні большасьці беларусаў да шчыльнай інтэграцыі з Расеяй. Партыя БНФ заяўляе, што:
Як многія нацыі Ўсходняй Эўропы, што сёньня зьяўляюцца паўнавартаснымі сябрамі ЭўраЗьвязу, заўсёды былі эўрапейскімі, нават пад прыгнётам камуністычных рэжымаў, так і беларусы былі, ёсьць і будуць эўрапейскай нацыяй. Партыія БНФ перакананая, што навязваньне беларусам саюзу з Масквой як з-за нашай усходняй мяжы, так і з Захаду можа істотна ўскладніць ды адкласьці ў часе перамогу свабоды і дэмакратыі ў Беларусі, аднак ня здолее спыніць вяртаньне беларусаў у сямью вольных эўрапейскіх нацыяў. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|