Заява Зьезду БНФ: ” Аб захаванні культурнай адметнасці і разнастайнасці”Дададзена 21.11.2020 12:41:58 | 1,089 праглядаў Заява ХХ Зьезду Партыі БНФ Аб захаванні культурнай адметнасці і разнастайнасці Захаванне культурнай адметнасці і разнастайнасці Беларусі з’яўляецца найважнейшым клопатам дзяржавы, але сітуацыя, у якой знаходзіцца гісторыка-культурная спадчына Беларусі з’яўляецца ганебнай і падкрэслівае абыякавае стаўленне цяперашніх уладаў да справы захавання і ўзбагачэння культуры краіны. Можна канстатаваць, што за часы незалежнай Беларусі маштабы стратаў матэрыяльных аб’ектаў, якія можна аднесці да нерухомай гісторыка-культурнай спадчыны, не скараціліся, а ў шматлікіх выпадках носяць форму неабгрунтаванай перабудовы і зносу старых будынкаў у гістарычных цэнтрах гарадоў. У падобным стане знаходзіцца і нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына, асобую ролю ў якой займае беларуская мова, якая з’яўляецца галоўным культурніцкім здабыткам беларускага народу. За апошнія месяцы мы з радасцю назіраем вялікі ўздым нацыянальных пачуццяў беларусаў і вяртанне нацыянальнай сімволікі ў шырокі грамадскі ўжытак. Разам з тым мы сутыкнуліся са шматлікімі ілжывымі выпадамі з боку дзяржаўных прапагандыстаў і прарасейскіх СМІ ў адрас нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белага сцяга. Гэтыя дзеянні выклікаюць нашае абурэнне і асуджэнне. Партыя БНФ заклікае: У сферы аховы нерухомай гісторыка-культурнай спадчыны: – Распрацаваць нарматыўна-прававыя акты і нарматыўна-тэхнічныя дакументы, якія забяспечаць рэалізацыю рэстаўрацыйных методык пры ажыццяўленні працаў на аб’ектах, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі; – Стварыць дзяржаўную інспекцыю па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і распрацаваць механізмы шчыльнай супрацы паміж грамадзянскай супольнасцю і адпаведнай дзяржаўнай службай; – Распрацаваць адмысловыя аблегчаныя правілы, паводле якіх гісторыка-культурныя аб’екты, якія знаходзяцца ў аварыйным стане, змогуць набывацца новымі ўласнікамі; У сферы аховы і развіцця беларускай мовы: – Заклікаем усіх жыхароў Беларусі вывучаць і ўдасканальваць ступень валодання беларускай мовай, заклікаем карыстацца беларускай мовай ва ўсіх жыццёвых выпадках, ініцыяваць стварэнне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў; – Заклікаем беларускі бізнес, усіх вытворцаў тавараў і паслугаў, карыстацца беларускай мовай у рэкламных кампаніях, у аздабленні тавараў, у камунікацыі з пакупнікамі і карыстальнікамі; – Патрабуем ад уладаў Беларусі абмежаваць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў, якія распальваюць міжнацыянальную варажнечу і па сутнасьці ёсць сродкамі вядзення інфармацыйнай вайны супраць нашай краіны, замяніўшы іх праграмамі ўласнай вытворчасці альбо збалансаваным наборам замежных тэлепраграмаў з розных іншых краінаў; – Патрабуем ад уладаў Беларусі прыняцця актаў заканадаўства на беларускай мове; – Заклікаем улады Беларусі пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў сістэме адукацыі, у тым ліку стварыўшы вышэйшыя навучальныя ўстановы з выкладаннем на беларускай мове і прыняўшы на заканадаўчым узроўні дзяржаўную праграму развіцця і падтрымкі беларускамоўнага навучання з павелічэннем дзяржаўнага фінансавання праграмаў па развіцці беларускай культуры, адукацыі і мовы з выдзяленнем сродкаў на конкурснай аснове недзяржаўным ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці; У сітуацыі са спробамі дыскрэдытацыі нацыянальнага бел-чыворна-белага сцяга: – Спыніць ілжывыя публікацыі і выступы прапагандыстаў у дзяржаўных медыях адносна сімволікі, якая мела статус дзяржаўнай з 1991 па 1995 год; – Надаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культунай каштоўнасці бел-чырвона-беламу сцягу. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|