Вынікі XX Зьезду Партыі БНФ (XVI Зьезд БНФ “Адраджэньне”)Дададзена 20.11.2020 11:39:15 | 2,035 праглядаў 7 лістапада ў Менску прайшлі XX з’езд Партыі БНФ і ХVI з’езд Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. У выніку таемнага галасаваньня дзеючы лідэр Фронту Рыгор Кастусёў быў абраны старшынём Партыі БНФ на другі тэрмін.
У працы зьезду ўдзельнічалі 98 дэлегатаў, з іх 14 – у анлайн-фармаце з прычыны каранавіруса. З прывітаннямі да дэлегатаў звярнуліся старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, кіраўніца Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. – Сёння мы бачым, што для большасці беларусаў незалежнасць не толькі стаіць на парадку дня, але і большасць разумее яе каштоўнасць. Большасць людзей выкарыстоўвае нашы нацыянальныя сімвалы. Але для нас застаецца вялікая частка працы з-за таго, што асноўная наша каштоўнасць – мова – застаецца ў заняпадзе, – заявіла Анісім. З кароткай прамовай перад удзельнікамі выступіла Вольга Севярынец, жонка палітвязьня Паўла Севярынца, які сёлета быў уганараваны памятным знакам імя Віктара Івашкевіча за арганізацыю акцыяў у абарону незалежнасьці і які цяпер знаходзіцца ў вязьніцы па хлусьлівым абвінавачаньні. З’езд павінен быў прайсці ў кастрычніку, аднак арганізатары сутыкнуліся з адмовамі ў арэндзе пляцовак, таму мерапрыемства давялося перанесці на пазьнейшы тэрмін. Кіраўніцтва партыі на чале з лідэрам БНФ Рыгорам Кастусёвым раніцай у дзень зьезду наведала Курапаты, дзе ўшанавала памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Зьезд прыняў некалькі заяваў і рэзалюцыяў: 1. Патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў! 2. 100 гадоў Слуцкаму Збройнаму Чыну: заява БНФ да Дня Герояў 3. “Беларуская мова – гарантыя бясьпекі і незалежнасьці дзяржавы” 4. Заява аб прынцыпах БНФ у стаўленні да іншых палітычных сілаў дэмакратычнай апазыцыі 5. Ухвала “Беларусь — эўрапейская нацыя!“ 6. Заява пра эканамічную і стратэгічную неабгрунтаванасьць БелАЭС 7. Пазыцыя Партыі БНФ што да канстытуцыйнай рэформы. У рэзалюцыі з’езда датычна абароны палітвязьняў сказана: “У 2020 годзе беларускі народ, абураны злачыннымі маніпуляцыямі і махлярствам падчас выбарчай кампаніі, выйшаў на вуліцы дзеля дэманстрацыі пратэсту і нязгоды з нахабнымі фальсіфікацыямі. Нягледзячы на тое што абсалютная большасць акцый мела мірны характар, улады кінулі супраць пратэстоўцаў велізарныя сілы МУС і нават войскі… …Пад пераслед трапілі сотні актывістаў БНФ, многія з іх зведалі арышты і катаванні, супраць сябра сойма Вітольда Ашурка выстаўлены крымінальныя абвінавачанні па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 384 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), і ён кінуты за краты…”. Партыю БНФ абурае, што агрэсіўная рыторыка і заклікі да гвалту з боку ўладаў “адбываюцца адначасова з крывадушнымі заклікамі да дыялогу”. Разам з тым у гэтай сітуацыі Партыя БНФ лічыць, што іншага выйсця з вострага палітычнага крызісу, акрамя перамоў, няма. Умовамі для іх пачатку павінны быць вызваленне ўсіх палітзняволеных, спыненне ўсіх палітычных крымінальных і адміністрацыйных спраў, зняцце абвінавачанняў. У заяве пра канстытуцыйнае будаўніцтва было адзначана, што вяртаньне да легітымнай канстытуцыі 1994 года – адзіны шлях аднаўленьня канстытуцыйнай законнасьці ў краіне, а адстаўка Лукашэнкі і захаваньне беларускай незалежнасьці застаюцца першачарговай мэтай і стратэгічнай задачай Фронту. Кіраўніцтва Партыі БНФ выступіла са справаздачамі пра сваю дзейнасьць: зьезд заслухаў даклад старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва (справаздачны выступ старшыні партыі публікуецца), даклады намесьнікаў старшыні і даклад старшыні кантрольна-рэвізійнай камісіі Партыі БНФ. На з’ездзе было абрана новае кіраўніцтва Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. На пасаду старшыні балатаваліся дзейны старшыня партыі Рыгор Кастусёў, актывіст партыі з Менскага раёну і былы сябра штаба Валерыя Цапкалы Ілля Дабратвор і кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Васіль Раманаў з Гомеля. Кастусёў атрымаў 66 галасоў, за Дабратвора прагаласавалі 18 дэлегатаў, за Раманава – 3.
Далей, чым я мушу займацца, гэта выкананнем рашэнняў сённяшняга з’езда, гэта і адраджэнне беларускай мовы і іншыя кірункі працы. І мы павінны настойваць на тым, каб нарэшце пачаліся перамовы апазіцыі наконт вызвалення палітвязняў, парушэнняў заканадаўства, у тым ліку выбарчага. Мы будзем таксама дамагацца новых выбараў на працягу нейкага тэрміну. Вось гэтым будзе займацца Партыя БНФ, – сказаў у каментары Радыё Свабода Рыгор Кастусёў. Намеснікамі старшыні былі абраны Аляксей Янукевіч, Зміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў і Юры Меляшкевіч. З’езд выбраў рэвізійную камісію ў ранейшым складзе і 51 чальца органа кіравання партыі – сойма. Старшынём рэвізійнай камісіі на яе першым пасяджэньні быў абраны былы лідэр Моладзі БНФ Алесь Каліта. Сярод новых сябраў Сойму – вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская з Менску, былыя кандыдаты ў дэпутаты Людміла Рамановіч з Берасьцейшчыны, Надзея Салаўёва з Магілёва, Мікола Чарнавус з Баранавічаў, пісьменьнік і былы палітвязень Алесь Кіркевіч з Гародні, пісьменьнік Усевалад Сьцебурака, кіраўніца руху “Разам” Алена Талстая, актывіст сьветлагорскай суполкі БНФ Тэльман Масьлюкоў, вэтэран гарадзенскага дэмакратычнага руху Сяргей Мальчык, актывіст БНФ з Заводзкага раёну Менску Дзяніс Жораў, журналістка з Магілёўшчыны Алена Будная. Цалкам склад Сойму новага скліканьня можна пабачыць тут.
|
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|