Ці магчымы ў Беларусі эканамічны дэфолт і што гэта значыцьДададзена 30.11.2020 12:16:20 | 663 праглядаў Чым крызіс адрозьніваецца ад дэфолту і як адбіваецца на эканоміцы?
«Тэхнічны дэфолт — гэта калі зь нейкіх прычын тэрмін плацяжа прапусьцілі, то бок дзяржава не банкрут, але зь нейкіх прычын у канкрэтны дзень заплаціць не змагла. Устойлівая неплатаздольнасьць — гэта і ёсьць дэфолт», — тлумачыць фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб. Чым дэфолт адрозьніваецца ад крызісу Калі ў краіне дэфолт — гэта ня значыць, што няма чаго есьці ці зьнікла валюта ў абменьніках. Гэта менавіта немагчымасьць плаціць па крэдытах. «Тэарэтычна можа быць і так: у краіне няма крызісу, нічога страшнага не адбываецца, але дзяржава ня плаціць па даўгах. Можа быць і наадварот — крызіс, няма чаго есьці, але краіна па-ранейшаму плаціць па сваіх даўгах», — кажа Вадзім Іосуб. У Беларусі неўзабаве крызіс ці дэфолт? Пакуль экспэрты прадракаюць у Беларусі крызіс, а не дэфолт. «Відавочна, набліжаецца крызіс, але гэта паступовае, плаўнае ўпаўзаньне ў крызіс. Паступова будуць зьніжацца заробкі ў валютным эквіваленце. Гэта выклікана найперш унутрыпалітычным крызісам, прававым дэфолтам. У гэтай сытуацыі адсутнічае падтрымка ад сусьветных фінансавых арганізацый, няма дзе пазычыць грошы, за выключэньнем Расеі. Таксама па эканоміцы могуць ударыць эканамічныя санкцыі», — кажа Вадзім Іосуб. На гэтым фоне назіраецца адток капіталу зь Беларусі і рэлякацыя бізнэсу, найперш у сфэры ІТ. Штогод Беларусі трэба аддаваць прыблізна 3,5 мільярда даляраў даўгоў і адсоткаў па іх. Золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) у Беларусі — больш за 7 мільярдаў даляраў. «Каб цалкам траціць ЗВР на даўгі, трэба прадаць частку золата, бо золатам даўгі не аддаюць. Калі ўявіць, што грошай Беларусі ніхто не пазычае, а ЗВР ні на што, апроч даўгоў, траціцца ня будуць, то рэзэрваў хопіць на 2 гады. Пасьля гэтага, пры ўмове адсутнасьці новых крэдытаў і ўліваньняў, магчымы дэфолт», — кажа Вадзім Іосуб. Пры гэтым ЗВР у Беларусі траціцца і на іншыя мэты — на падтрыманьне курсу рубля, напрыклад. Калі ЗВР будзе траціцца ня толькі на даўгі, а новых пазык ня будзе, то дэфолт магчымы раней. Ён магчымы і пазьней, калі новыя ўліваньні ўсё ж будуць. Паводле Радыё Свабода |
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|