Віцебская арганізацыя БНФ узяла ўдзел ва ўшанаваньні 90-годзьдзя Уладзіміра КараткевічаДададзена 29.11.2020 4:58:36 | 585 праглядаў 90 гадоў таму, 26 лістапада 1930 году ў Воршы нарадзіўся клясык беларускай літаратуры Ўладзімер Караткевіч. Караткевіч — ня толькі аўтар паэтычных і драматургічных твораў, а яшчэ і першаадкрывальнік жанру гістарычнага дэтэктыву ў беларускай літаратуры.
Рэпартаж пра падзею публікуе беларускі партал TUT.by У Віцебску ўшанавалі памяць Уладзіміра Караткевіча — 26 лістапада адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння класіка. Каля помніка выбітнаму літаратару сабраліся сябры БНФ, ТБМ і прыхільнікі яго творчасці. Гучалі вершы Караткевіча, праспявалі і народную песню. Да помніка Уладзіміру Караткевічу ў скверы на рагу вуліц Суворава і Чэхава ляглі белыя і чырвоныя кветкі. Некаторыя букеты былі перавязаныя БЧБ-стужкамі. Каля помніка Караткевічу прыгучалі ягоныя вершы. Адзін з іх — «На Беларусі Бог жыве» — прачытаў 8-гадовы віцебскі гімназіст Сцяпан Серабро. Жыхарка Віцебска Марына Булатоўская праспявала народную песню «Ой, сівы конь бяжыць». Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў адзначыў: — Шкада, што ў гэты дзень людзі па розных прычынах не могуць сабрацца ў залах, каб адзначыць юбілей пісьменніка. Аднак ён сапраўды быў, ёсць і будзе ў нашай памяці. — Мы з вамі былі, ёсць і будзем сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі, — пераканана маці палітыка Паўла Севярынца, дэмакратычная актывістка Таццяна Севярынец. Іосіф Навумчык — былы сакратар Віцебскага абкама партыі па ідэалогіі, а зараз кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ — асабіста ведаў Уладзіміра Караткевіча. — Так атрымалася, што з Караткевічам мы пазнаёміліся ў маладыя гады. Ён быў вельмі грунтоўным чалавекам, адданым беларускасці. І гэтыя іскры беларускасці ад яго ўпалі на мяне, на маю сям’ю. Караткевіч падарыў нам п’есу «Званы Віцебска», а наш Коласаўскі тэатр паставіў яе. І 29 жніўня 1974 года гэты спектакль адкрываў святкаванне 1000-годдзя Віцебска, — узгадаў Навумчык. Іосіф Навумчык параіў усім пачытаць 10 актуальных цытат з твораў Караткевіча, якія «адпавядаюць сённяшняму часу». Напрыклад, у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні ёсць апісанне хвалі арыштаў: «Цэлыя дні варта хадзіла па дамах, вышукваючы крамолу, хапала людзей і цягнула ў вялікую судную залу… прысуды выносілі пачкамі, ня дужа разьбіраючыся, што там да чаго… лютавалі, падаючы хлусьлівыя даносы, віжы і сокі. І таму па горадзе кацілася лявіна арыштаў. Забіралі бацькоў у дзяцей і дзяцей у бацькоў, мужа — ад улюбёнай жонкі, хлопца — ад каханай. Уся Гародня ня спала па начах. Людзі ляжалі і глядзелі бяссоннымі вачыма ў цемру. Пружына хлусьлівага даносу магла ўдарыць кожнага ў кожную хвіліну». Увесь час, пакуль гараджане ўшаноўвалі памяць пісьменніка, крыху наводдаль стаялі супрацоўнікі міліцыі і здымалі ўсё на відэакамеру. Да помніка Караткевічу раніцай 26 лістапада прыходзілі і прадстаўнікі віцебскай улады. Яны ўсклалі да манумента кветкі, паведамляюць «Витьбичи». Старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў выказаўся як чытач: — Думаю, мы все воспитывались и росли на прекрасных произведениях Короткевича, историю родной земли изучали по легендарным книгам «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Велика актуальность его произведения «Каласы пад сярпом тваім». Дэпутат лічыць, што творчасць Караткевіча дае магчымасць разважаць над гістарычнымі памылкамі: — По Короткевичу можно не только прошлое нашей страны изучать, он дает нам возможность размышлять над историческими ошибками. Короткевич — поистине человек-глыба, и мы должны гордиться, что писатель родился на Витебщине.
|
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|