Як дзейнічаць беларускаму грамадству пад прэсінгам уладаў і ці трэба ісці на «дыялог»Дададзена 01.12.2020 12:03:40 | 598 праглядаў Што і як рабіць — абмяркоўвалі юрыст, сябра Сойму БНФ Юрый Чавусаў і праваабаронца, каардынатарка праекта дапамогі палітвязням Яна Ганчарова ў выпуску дэбатаў «ДысКУТ».
«Заўжды ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў адбываўся ўсплёск грамадзянскай актыўнасці. Людзі імкнуліся далучыцца да грамадскай дзейнасці, а ўлады адказвалі на гэта наступам на структуры грамадзянскай супольнасці: закрывалі арганізацыі, кідалі лідараў за краты, — кажа юрыст Юрый Чавусаў. — У гэтым палітычным сезоне здарыўся беспрэцэдэнтны выбух грамадскай актыўнасці. Да грамадскай дзейнасці далучыліся сотні тысяч людзей. Яны не могуць пасадзіць за краты сотні тысяч людзей, якія выходзяць на маршы, далучаюцца да інтэрнэт-актыўнасці. Яны б’юць па тых структурах, якія з’яўляюцца традыцыйнымі арганізацыямі грамадскай супольнасці, па грамадскіх аб’яднаннях». Чавусаў мяркуе, што ўлады будуць скіроўваць рэпрэсіўную актыўнасць на традыцыйныя няўрадавыя структуры і арганізацыі. Ліквідоўваць альбо проста не даваць рэгістравацца. «У лістападзе ўступае ў сілу пастанова Міністэрства юстыцыі пра абавязковую падачу фінансавых справаздач. Раней для беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і фондаў гэта не прадугледжвалася. Пастанова закране больш за тры тысячы арганізацый. Будуць спыняць магчымасць пераводзіць грошы з-за мяжы», — лічыць Юрый Чавусаў. Што рабіць у такой сітуацыі грамадзянскай супольнасці?
Праваабаронца Яна Ганчарова адзначае, што беларусы не першы год пад прэсінгам і многія механізмы стрымлівання, кантролю грамадзянскіх супольнасцяў былі ўведзеныя ўладамі раней. Але неймаверна павялічыліся маштабы. «Відавочна, што калі ідзе такое супрацьстаянне дваровым чатам, актыўнасцям, зборам ля знакавых месцаў, салідарнасці, аб’яднанню, то ў мяне адказ толькі адзін — працягваць гэта рабіць і яшчэ актыўней. У салідарнасці, у аб’яднанні ёсць перспектыва. Ідэя ўсіх таталітарных рэжымаў — раз’яднаць людзей, прымусіць іх не давяраць адно аднаму, сцерагчыся, ненавідзець і гэтак далей. І ў маім уяўленні ў такой сітуацыі трэба шукаць саратнікаў, калег, аднадумцаў і разам з імі рабіць Беларусь лепшай, запускаць праекты і ініцыятывы», — кажа праваабаронца Яна Ганчарова. У той жа час, нягледзячы на каласальны ціск на грамадзянскую супольнасць Беларусі, прадстаўнікі ўладаў перыядычна заяўляюць пра жаданне весці дыялог. На павестку дня выносіцца, напрыклад, пытанне Канстытуцыі, абмяркоўваць яго запрашаюць на круглых сталах праўладныя дзеячы. Як рэагаваць праваабаронцам на такія прапановы?
— Перамовы магчымыя, калі людзі знаходзяцца ў роўных пазіцыях. Калі нас клічуць як роўнага партнёра, які мае голас, а не партнёраў, якія легалізуюць гэты круглы стол. Я стаю толькі на адным — гэта выкананне патрабаванняў. Адпусціць усіх палітзняволеных, спыніць гвалт у адносінах грамадзян. І толькі пасля гэтага мы можам хаця б нейкія пытанні выносіць на абмеркаванне. Ці пра выбары, ці пра Канстытуцыю. Перш за ўсё трэба спыніць гэты штодзённы тэрор на вуліцах краіны. Гэта павінна быць агульным патрабаваннем усіх людзей, якія выходзяць на пратэсты, размаўляюць з дзяржаўнымі органамі». Не дапускае магчымасць дыялогу без выканання першасных патрабаванняў і Юрый Чавусаў.
Падвысіць вагу грамадзянскай супольнасці, на думку юрыста, можа адзіная пазіцыя адносна неабходнасці выканання першасных патрабаванняў ва ўсіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. «Я згадваю тэлеперадачу, дзе былі Васкрасенскі, Гайдукевіч, Кастусёў, Шпакоўскі. І вядучы пачаў крытыкаваць кіраўніка БНФ, казаць: «А што вы тут паўтараеце тое, што тут да вас казала Караткевіч? Ізноў вы пра палітвязняў!», — прыводзіць прыклад Чавусаў. — Дык вось гэта тое, што яны не любяць і чаго баяцца. Калі ёсць адзіная пазіцыя на ўсіх. Калі яны будуць запрашаць на свой круглы стол Human Constanta, Асамблею, БХК ці каго заўгодна, а прадстаўнікі гэтых арганізацый будуць у адзін голас паўтараць толькі тое, што казалі іх калегі: вызваленне палітвязняў, спыненне гвалту, завядзенне крымінальных спраў па забітых людзях. А пасля можна дыскутаваць пра іншае», — падсумоўвае Чавусаў. |
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|