Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў: “Неабходнасць змены гэтай сістэмы зараз на паверхні”
Дададзена 22.12.2020 12:23:04 | 511 праглядаў Акцыі пратэстаў не сціхаюць, як бы гэтага не жадалі афіцыйныя ўлады, кажа апазіцыйны палітык, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у камэнтары Беларускаму Радыё Рацыя.
У нядзелю ў Менску і іншых гарадах Беларусі выйшлі на дваровыя шэсці ў рамках чарговай акцыі пратэсту — «Маршу народнага трыбуналу». Вядома пра затрыманні ў Барысаве, Гомелі, Гародні, Менску і Салігорску. Тут не мяняецца тактыка сілавых структураў, улады імкнуцца задушыць пратэсты, але людзі выходзяць.
Сама дзяржаўная сістэма патрабуе рэформаў і аздараўлення, кажа старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, паводле якога гэтага таксама патрабуюць беларусы, якія выходзяць штодня на вуліцы:
– З сыходам Лукашэнкі з пасады гэта сістэма сама сабой адразу рассыплецца. Неабходнасць змены гэтай сістэмы зараз на паверхні. Без змены сістэмы ўлады грамадзяне Беларусі не пагодзяцца ні на што іншае. Сістэма трымаецца на Лукашэнку. Тыя чыноўнікі, якія зараз працуюць побач з ім і працуюць пад ім, яны не здольныя далей кіраваць нашай краінай.
У Беларусі ўжо 135 дзён трываюць пратэсты. Пяты месяц беларусы выходзяць на акцыі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, а таксама міліцэйскага гвалту, за які ніхто не пакараны. Сёння таксама старэйшыя людзі выходзілі на традыцыйны «Марш мудрасці». Пенсіянеры дванаццаты раз сабраліся на акцыю пратэсту ў Менску, таксама ў Гародні і Берасці.
Паводле Беларускага Радыё Рацыя
|