Суд над Вітольдам Ашуркам пачнецца 28 сьнежня
Дададзена 22.12.2020 11:28:28 | 586 праглядаў
Як паведамляюць лідскія актывісты БНФ, судовы разгляд крымінальнай справы супраць сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка пачнецца 28 сьнежня ў судзе Лідскага раёна.
Сябра Сойму БНФ, жыхар горада Бярозаўка Вітольд Ашурак абвінавачваецца па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. Таксама актывісту інкрымінуецца артыкул 364 Крымінальнага кодэкса “Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў” – гэтая частка абвінавачаньня грунтуецца на супраціве, які быццам бы аказаў актывіст пры затрыманьні.
Судовы працэс адбудзецца ў Лідскім раённым судзе (Ліда, вул. Перамогі 34). Пасяджэньні ўжо прызначаныя на 28, 29 і 30 сьнежня, пачатак а 10 раніцы, працяг па абедзе а 14.30. Разглядаць справу будзе Філатаў Максім Юр’евіч, намесьнік старшыні суда.
Як паведамляюць актывісты Лідскай суполкі БНФ, судовы працэс улады плянуюць правесьці ў закрытым рэжыме – быццам бы праз пагрозу каранавіруснай інфэкцыі. Сваякоў абвінавачанага дапусьцяць у залю толькі на абвяшчэньне прысуду – паведамляюць паплечнікі Вітольда Ашурка.
Да гэтага часу абвінавачаны ўтрымліваецца ў гарадзенскай турме. Перавезьці на суд у Ліду спадара Вітольда павінныя на гэтым тыдні да 25 сьнежня. Утрымліваецца ён будзе, як чакаецца, у ІЧУ Лідзкага РАУС (Ліда, вул. Перамогі 36).
Партыя БНФ заяўляе, што лічыць перасьлед сваяго сябра Вітольда Ашурка палітычна матываваным, а выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні – хлусьлівымі: “Гэта перасьлед тых актывістаў грамадзянскай супольнасьці, якія далучыліся да пратэстаў і ўзялі на сабе ролю выяўленьня супольных патрабаваньняў беларускіх грамадзянаў. Вітольд Ашурак кінуты за краты за ўдзел у мірных пратэстах і за патрабаваньне цывілізаванага дыялогу. Вітольд Ашурак з’яўляецца палітычным зьняволеным і павінны быць вызвалены” – гаворыцца ў адмысловай заяве партыі.
Вітольда Ашурка затрымалі спачатку 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасьня, асудзілі на 30 дзён арышту ў адміністрацыйных справах за ўдзел у 8 мітынгах, ён адбываў арышт у Лідзе. Аднак празь месяц Ашурка ня вызвалілі, а затрымалі пад вартай цяпер ужо па крымінальнай справе. За кратамі Ашурак адзначыў сваё 50-годзьдзе.