Віктар Марчык: “Упэўнены на 100%, што пасля Лукашэнкі мы будзем жыць добра”Дададзена 23.12.2020 12:03:41 | 475 праглядаў На пытанні Радыё Рацыя адказвае грамадскі актывіст са Слоніма, сябра Партыі БНФ Віктар Марчык. Радыё Рацыя: Лукашэнка ў апошні час часта выказваецца пра НАТА, пра ўсіх ворагаў з Захаду, якія хочуць, маўляў, захапіць Беларусь. Як Вы гэта пракаментуеце?
Усе дыктатары, у тым ліку Лукашэнка і Пуцін, ніколі не прызнавалі і не прызнаюць свае памылкі, яны лічылі і лічаць, што іх рашэнні і планы правільныя і непарушныя. Пуцін зрабіў вялікую памылку, што павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах. Вядома ж, ніхто не чакаў такой рэакцыі і масавага негатыўнага незадавальнення ад народа Беларусі. Бо выбары Лукашэнка цалкам прайграў. Таму памылка Пуціна можа аказацца фатальнай, а таксама поўнай стратай даверу беларускага народа да Крамля. Радыё Рацыя: Хто найбольш падтрымлівае сёння рэжым Лукашэнкі ў Беларусі? Віктар Марчык: Па-першае, гэта частка сілавікоў, якія прайшлі псіхалагічную і ідэалагічную падрыхтоўку. Па-другое, тыя, хто ля кармушкі Лукашэнкі. Яны рабуюць наш народ, пры гэтым плацяць людзям жабрацкую зарплату, ператвараючы іх у рабоў. А самі маюць найвялікшыя заробкі. Па-трэцяе, тыя, хто працуе на беларускім тэлебачанні і ў дзяржаўных газетах. І гэта разам – каля 10-15%. Радыё Рацыя: Як на Вашу думку, будуць адбывацца далейшыя падзеі ў Беларусі? Віктар Марчык: Злачынны рэжым так доўга працягвацца не будзе. Я нават і не ўяўляю, які цуд можа здарыцца дзеля таго, каб Лукашэнка яшчэ быў кіраўніком дзяржавы пяць гадоў. Лічу, што яму засталося не больш за 6 месяцаў, ад сілы – год. Але гэта таксама малаверагодна. Але ведаю я і ўпэўнены ў гэтым на сто адсоткаў, што пасля перамогі дыктатуры, мы будзем жыць добра. Няхай не адразу, але будзем. На Бацькаўшчыну пачнуць вяртацца беларусы, якія з-за рэпрэсій пакінулі Беларусь. А гэта разумныя і прагматычныя людзі. Пачнуць развівацца прыватная ўласнасць, адбудоўвацца нашы заводы і фабрыкі, сельская гаспадарка, якія разбурыў Лукашэнка. Адновіцца наша навука, педагогіка, культура і, вядома ж, родная мова, нахабна знішчана Лукашэнкам. З намі пачнуць супрацоўнічаць замежныя інвестары, наладжвацца эканамічныя і культуралагічныя сувязі з іншымі краінамі свету. Вынікам усяго гэтага будуць новыя рабочыя месцы, высокі заробак і падзенне цэн. Усяго гэтага даўно чакае наш беларускі народ. Паводле Беларускага Радыё Рацыя
|
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|