Партыя БНФ » Меркаванне-віншаванне: «Пакуль не пачаліся тытры — гэта яшчэ не канец»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Меркаванне-віншаванне: «Пакуль не пачаліся тытры — гэта яшчэ не канец»

Дададзена 25.12.2020 9:19:13 | 1,034 праглядаў

Намеснік старшыні Партыі БНФ раiць, як святкаваць.

З калядамі і Новым годам— У Менску дождж і цемра. Каляды, якія мы заслужылі? — разважае Аляксей Янукевіч. — Многія сябры пішуць у гэтыя дні ў стужцы ФБ, што зусім няма сьвяточнага настрою. Хтосьці ў роспачы, хтосьці ў змагарнай зацятасьці.

Многія перажываюць абодва гэтыя станы адначасова. Рэпрэсіі, жосткі ціск, эпідэмія, закрытыя межы. Трывожныя месяцы (або нават гады, хто ж ведае?) наперадзе. Як тут сьвяткаваць?

У дадатак, Каляды непазьбежна ёсьць часам пераасэнсаваньня свайго асабістага жыцьця. Пражылі яшчэ адзін год. Прыходзіць разуменьне згубленых магчымасьцяў, нявыкарыстаных шанцаў, самае балючае — страчаных (магчыма, назаўсёды) блізкіх людзей. Што тут сьвяткаваць?

Але, незалежна ад таго, ці Вы верыце ў Бога, Каляды ёсьць Ягоным цудоўным падарункам для нас. Гэта той час, калі мы можам узьняцца над нашымі жыцьцёвымі клопатамі. Узьняцца па-над унутраным болем, трывогамі ды страхамі.

Каляды нагадваюць нам, што пасярод самай лютай цемры ёсьць сьвятло. Сьвятло для нас. Сьвятло, якім у гэтым жыцьці ёсьць перадусім нашыя блізкія, родныя, каханыя, а часам — і зусім незнаёмыя людзі. І мы самыя можам і павінныя быць сьвятлом для нашых каханых, родных, блізкіх, а таксама і для незнаёмых. І ніхто ня здольны зьнішчыць гэтае сьвятло, калі яно ёсьць унутры нас і паміж намі.

А яшчэ Каляды — пасланьне ўсім і кожнаму з нас, што ўсё будзе добра. Нават калі цемра выглядае татальнай і бясконцай. Нават калі надзея выглядае згубленай цалкам. Прыходзяць Каляды і нагадваюць: у гэтай цемры ёсьць сьвятло, і яно непераможнае. Пакуль не пачаліся тытры — гэта яшчэ не канец. Усё будзе добра!

Калі я гэтай ноччу ехаў скрозь дождж і цемру, у аўто грала November Rain. Мне яна падавалася вельмі дарэчнай абставінам. Да сёньня быў перакананы, што гэтая песьня аб тым, як немагчыма доўга ўтрымаць сьвечку пад халодным лістападаўскім дажджом. Але ўпершыню я разабраў тэкст цалкам, да канца. Да тых радкоў, дзе лірычны герой заклікае ніколі не зважаць на цемру, бо нішто ня вечнае, нават халодны лістападаўскі дождж. Вядома, гэта ня той цуд на Каляды, пра які кожны марыць, але, прынамсі, добры знак у момант, калі яго зусім не чакаеш.

Дарагія сябры! Шчыра жадаю кожнаму з вас, каб Каляднае сьвятло сагрэла вашыя душы і думкі, каб вы і вашыя родныя былі здаровыя, каб вас абміналі ўсе небясьпекі ды нягоды, каб вы мелі магчымасьць штодня цешыцца цяплынёй стасункаў з блізкімі вам людзьмі!

Жадаю, каб нашая вера ў перамогу свабоды, праўды, сумленьня ды годнасьці ў Беларусі ніколі не пакідала нас, і каб мы ўбачылі гэтую перамогу сьвятла над цемрай як мага хутчэй!

Каб усе несправядліва зьняволеныя, якія сустракаюць гэтыя сьвяточныя дні за кратамі, адчувалі людзкую падтрымку і Божую любоў і міласэрнасьць, і каб найхутчэй выйшлі на волю!

Каб нашая краіна была вольнай, сучаснай, адкрытай, годнай, сапраўды беларускай — якой яна вартая быць!

Вясёлых сьвятаў ды ўдалага 2021 году! Шчасьлівых Калядаў!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.