Партыя БНФ » Якія магчымыя наступствы Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які падпісаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Якія магчымыя наступствы Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які падпісаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Дададзена 28.12.2020 10:37:31 | 721 праглядаў

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон пра фэдэральны бюджэт ЗША (HR133).

Пра гэта паведаміў у Твітэры намесьнік прэс-сакратара Белага дома Джад Дыр:

У склад HR 133 уключаны і нядаўна зацьверджаны Сэнатам «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі».

usa belarusЗаконапраект у Палаце прадстаўнікоў прадставіў кангрэсмэн Крыс Сьміт, які быў адным з аўтараў падобных законапраектаў 2004, 2006 і 2011 гадоў.

«Прэзыдэнт можа накласьці візавыя санкцыі на любога іншаземца, які зьяўляецца чальцом ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году, ёсьць дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ; службовай асобай „саюзнай дзяржавы“ або расейскай фізычнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з палітычным рэпрэсіямі ў Беларусі», — сказана ў тлумачэньні да законапраекту, паведамляе Радыё Свабода.

Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі зьмяшчае таксама такія палажэньні:

  • заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
  • прызнае Каардынацыйную раду, створаную на ініцыятыву экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
  • заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
  • падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
  • прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
  • недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
  • заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёвяшчаньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.

Сьцісла

  • Санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі прынятыя ў выглядзе закону. Што абавязвае адміністрацыю прэзыдэнта рабіць адпаведныя захады.
  • Наконт беларускага пытаньня ніякага рознагалосься ў ЗША няма, існуе кансэнсус паміж дзьвюма асноўнымі амэрыканскімі партыямі.
  • Відавочна, што канкрэтныя рашэньні ў справе рэалізацыі Акту будзе прымаць ужо новая адміністрацыя Джо Байдэна.
  • Прыняты дакумэнт разглядае беларускае пытаньне ў значнай ступені ў кантэксьце расейска-амэрыканскіх дачыненьняў.
  • Магчымая адмена мараторыю на прымяненьне тых санкцый, якія дзейнічаюць адносна Беларусі паводле Акту аб дэмакратыі ад 2004 году.

Пакідаючы сваю пасаду, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон аб фэдэральным бюджэце ЗША, які ўключае ў сябе «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі». Такая рэакцыя кіраўніцтва Злучаных Штатаў на беларускія падзеі.

На што варта зьвярнуць увагу ў зьвязку з гэтым? Найперш, санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі прынятыя ў выглядзе закону. Што абавязвае адміністрацыю прэзыдэнта рабіць адпаведныя захады.

Прычым у дакумэнце пазначаныя тэрміны прыняцьця тых ці іншых рашэньняў. Так, не пазьней як праз чатыры месяцы дзяржсакратар ЗША і кіраўнік нацыянальнай выведкі павінны прадставіць даклад пра пагрозу сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі. Таксама ў трохмесячны тэрмін павінен быць прадстаўлены дакумэнт аб фінансавым становішчы Аляксандра Лукашэнкі і ягонага найбліжэйшага атачэньня.

Сёньня ў ЗША канфлікт паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі даволі востры. Аднак у беларускім пытаньні ніякага рознагалосься няма, існуе кансэнсус паміж дзьвюма асноўнымі амэрыканскімі партыямі – піша аналітык Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Відавочна, што канкрэтныя рашэньні ў справе рэалізацыі Акту будзе прымаць ужо новая адміністрацыя Джо Байдэна. Думаю, што ў зьвязку з гэтым варта чакаць іншых акцэнтаў у беларускім кірунку. Дэмакраты, у параўнаньні з камандай Дональда Трампа, звычайна больш зьвяртаюць увагі на тэму дэмакратыі і правоў чалавека. Што вельмі актуальна для цяперашняга стану Беларусі.

Акрамя таго, Джо Байдэн наведваў Украіну і таму асабіста нядрэнна ведае сытуацыю ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, шчыльна займаўся гэтым рэгіёнам.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што прыняты дакумэнт разглядае беларускае пытаньне ў значнай ступені ў кантэксьце расейска-амэрыканскіх дачыненьняў. У Акце заяўляецца, што ЗША не прызнаюць уключэньня Беларусі ў саюзную дзяржаву з Расеяй. У дакладзе нацыянальнай выведкі павінна быць дадзена ацэнка таго, як урад Расеі выкарыстоўвае бягучы палітычны крызіс у Беларусі.

Калі ня здарыцца нечага экстраардынарнага, то неўзабаве ў Менску зьявіцца амэрыканскі амбасадар. Пакуль незразумела, як будзе вырашацца далікатнае пытаньне пра ўручэньне даверчых грамат кіраўніку дзяржавы. Бо Акт аб дэмакратыі не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна выбраным лідэрам Беларусі».

Што тычыцца канкрэтных захадаў у справе рэалізацыі згаданага дакумэнту, то першае, што можа зрабіць адміністрацыя Джо Байдэна, гэта адмяніць мараторый на прымяненьне тых санкцый, якія дзейнічаюць адносна Беларусі паводле Акту аб дэмакратыі ад 2004 году. Нагадаю, што тыя санкцыі былі прыпыненыя (але не адмененыя) у 2015 годзе. У прыватнасьці, яны тычацца гандлю нафтапрадуктамі. Мяркую, што новых танкераў амэрыканскай нафты для Беларусі больш ня будзе. Ва ўсялякім разе, пры існаваньні цяперашняга беларускага палітычнага рэжыму.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.