Старшыня БНФ: “Канстытуцыя цяпер не працуе. Дзе гарантыя, што запрацуе новая?”Дададзена 28.12.2020 10:55:20 | 413 праглядаў Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 28 сьнежня ўзяў удзел у круглым стале па абмеркаваньні прапановаў што да рэформы Канстытуцыі. Падчас мерапрыемства лідэр БНФ распавёў прысутным пра палітычныя рэпрэсіі, што адбываюцца ў краіне, пра адсутнасьць канстытуцыйнай законнасьці, у тым ліку пра крымінальны перасьлед сябры Сойму БНФ Вітольда Ашурка, суд над якім праходзіць у гэтыя дні ў Лідзе.
Фармальна гэта быў «круглы стол», за якім студэнты юрыдычнага факультэту БДУ агучылі свае ідэі наконт зьменаў у Канстытуцыю. Да дыскусіі таксама далучыліся былы старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, экс-кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань, сябра рады «Лібэральнага клюбу» і прадстаўнік БСДН Вадзім Мажэйка, дацэнты катэдраў дзяржаўна-прававых дысцыплінаў ВНУ, прадстаўнікі Менгарвыканкаму ды іншыя. Па словах Рыгора Кастусёва, у сваёй прамове ён скрытыкаваў спробу ўладаў схаваць за шырмай канстытуцыйнай рэформы рэальныя праблемы ў грамадзтве. «Балазе, удалося суцішыць студэнцкі максымалізм і скіраваць дыскусію ў рэаліі жыцьця, — кажа Рыгор Кастусёў. — А яны такія, што ўлады намагаюцца зацягнуць час, падмяняючы неабходнасьць рэальнага дыялёгу Ўсебеларускім народным сходам ды спробай „павесіць“ на прызначаных дэлегатаў неўласьцівыя функцыі. Якое дачыненьне тыя маюць да канстытуцыйнай рэформы? Таму гэта спроба адцягнуць увагу на другасныя рэчы. Ёсьць бясспрэчны факт: дзейная Канстытуцыя не працуе. Дзе гарантыя, што запрацуе новая? І пачынаць трэба з „галавы“, якая цягне беларусаў у бездань». Свае засьцярогі ён праілюстраваў рэальнымі прыкладамі. У рамках «партыйнай рэструктурызацыі» Міністэрства юстыцыі абавязала Партыю БНФ, як і іншыя зарэгістраваныя палітычныя рухі, абнародаваць асабістыя дадзеныя сваіх сябраў. Калі ведамства атрымала катэгарычную адмову, кіраўніцтву партыі вынесьлі папярэджаньне. У Лідзе адзін за адным адбываюцца судовыя працэсы над сябрам Сойму БНФ Вітольдам Ашуркам, якога цяпер абвінавачваюць па крымінальным артыкуле за «арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Паводле Кастусёва, Ашурак прыклаў намаганьні, каб выпрацаваць мэханізмы агульнанацыянальнага дыялёгу. Рыгор Кастусёў паведаміў, што ягоныя засьцярогі пра скочваньне ў татальнае беззаконьне падтрымаў экс-старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, яшчэ ад 1990-х вядомы сваёй падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі. Гэтым разам ён заявіў, што артыкулы Канстытуцыі павінны мець вяршэнства над іншымі заканадаўчымі дакумэнтамі. Пасьля паседжаньня «круглага стала» старшыня Партыі БНФ перадаў у Савет Рэспублікі прапановы аб пераадоленьні палітычнага крызісу. Раней яны былі накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў, але рэакцыі не было. Яшчэ ў кастрычніку Сойм Партыі БНФ зацьвердзіў «дарожную мапу» з 10 першачарговых крокаў дзеля пачатку агульнанацыянальнага дыялёгу. Паводле БНФ, Беларусь апынулася ў глыбокім палітычным крызісе, які паставіў дзяржаву на мяжу існаваньня. Дзеяньні ўладаў прывялі да міжнародных санкцыяў і стану «дзяржавы-ізгоя». У якасьці першачарговых захадаў БНФ прапанаваў 10 крокаў, якія мусяць паспрыяць дээскаляцыі грамадзянскага канфлікту і пераходу да мірнага агульнанацыянальнага дыялёгу.
|
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|