Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла віншуе беларусаў з Новым ГодамДададзена 31.12.2020 12:04:43 | 941 праглядаў Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла накіравала віншавальны зварот да беларусаў з нагоды Калядаў і надыходзячага Новага году: Дарагія мае суродзічы-беларусы, Напярэдадні свята Боскага Нараджэння і надыходзячага Новага году звяртаюся да вас, мае дарагія сябры, каб сказаць вам, як я моцна ганаруся вамі, і з глыбіні сэрца пажадаць вам добрага, памыснага і здаровага 2021 году. Дзякуючы вашаму гераізму і вашай годнасьці здабылі вы для Беларусі ў гэтым, 2020, годзе спецыяльнае месца ў сэрцах добразычлівых людзей усяго свету. Удзячная кожнаму з вас, хаця і баліць сэрца дзела пакутаў, якія вам прыйшлося перанесці. Ваш уздым мне моцна дапамог перажыць асабістую бяду, якая мяне напаткала ў красавіку гэтага году — страту дачкі. За гэта таксама вам моцна ўдзячная. Народ „выйшаў шчыльнымі радамі”, бараніць сваю зямлю. Не забудзе ён і не даруе перажытага здзеку. Вы даказалі, што страхам і сілаю вас ужо не перамагчы. І што вы, пасля доўгай няволі, адчулі сябе годнымі сынамі зямлі, якую перадалі вам вашы дзяды і прадзеды пасля стагоддзяў змагання за яе волю. Веру, што разам мы пераможам усе цяжкасці і што каханы край наш, Беларусь, зойме сваё пачэснае месца ў сям’і вольных народаў свету. Дык памажы Божа! Жыве Беларусь!
|
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|