Партыя БНФ » Ці патрэбныя Беларусі партыі для таго, каб рэвалюцыя адбылася?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ці патрэбныя Беларусі партыі для таго, каб рэвалюцыя адбылася?

Дададзена 01.01.2021 1:04:15 | 956 праглядаў

Аляксандр Мазуркін з праекта “Цэнтр новых ідэй” спрабуе разабрацца, ці ўнікальны беларускі пратэст тым, што палітычныя партыі не граюць у ім значнай ролі. І наколькі крытычнае значэнне партый у доўгатэрміновым супраціве.

лагатыпы партыяў logo adsБеларускі пратэст, унікальнасць якога шмат хто падкрэслівае, усё роўна ў нечым падобны да супраціву, які адбываўся ў іншых краінах. Супраць аўтарытарызму ў 2020-ым змагаюцца многія народы свету – ад Ганконга праз Лівію і да Венесуэлы. Ва ўсіх краінах свая спецыфіка і свае метады. Аднак пэўная агульная рыса відавочная: новае пакаленне, дзе б яно не пражывала, здольнае арганізоўвацца і ў некаторых выпадках можа нашмат хутчэй выстаўляць палітычныя патрабаванні, чым фармальна арганізаваныя палітычныя партыі.

Так, нягледзячы на развітую партыйную сістэму ў Ганконгу, дэмакратычныя палітычныя партыі фактычны аказаліся нерэлевантнымі падчас масавых хваляванняў і транспартных блакад, якія актыўна падтрымліваліся цягам месяцаў большасцю жыхароў горада. А ў Ліване адным з патрабаванняў масавага пратэсту стала фармаванне ўрада, дзе ўсе міністры павінны быць тэхнакратамі, гэта значыць не належаць да ніводнай з палітычных партый. Адначасова па ўсім свеце ўсё часцей гучаць заклікі да ўвядзення інфармацыйных прамых дэмакратый, дзе на рэферэндум можна выносіць мноства пытанняў ледзь не кожны тыдзень і дзе грамадзяне будуць мець магчымасць галасаваць анлайн.

На жаль, стаўленне да палітычных партыяў як да свайго роду перажыткаў мінулага гуляе на руку аўтарытарным рэжымам, бо якім бы масавым не быў пратэст, яго ўсё роўна лягчэй перамагчы, калі ён не арганізаваны. Менавіта таму ў многіх аўтарытарных краінах мы назіраем парламенты, у якіх большасць дэпутатаў – беспартыйныя. У гэтым Беларусь вельмі падобная да краінаў Блізкага Усходу, дзе партыі альбо наагул забароненыя законам, альбо партыйных дзеячаў з апазіцыі не дапускаюць да выбараў. Бахрэйн – гэта прыклад асабліва блізкі Беларусі, бо там у свой час мірны пратэст быў жорстка задаўлены, і апазіцыйныя партыі фактычна аказаліся па-за законам і, адпаведна, па-за парламентам.

Але не варта забываць, што ў 2020-ым годзе няма ніводнай вольнай краіны, дзе не было б партыйнай сістэмы. Няма ніводнага пацверджання, што рэпрэзентатыўная дэмакратыя можа функцыянаваць без палітычных партый нават у найбольш інфармацыйна і тэхналагічна прасунутых краінах. Таму ў беларускага пратэсту няма выбару, і ён раней ці пазней будзе вымушаны трансфармавацца ў палітычныя партыі і рухі.

На жаль, у беларускім грамадстве ў момант крызісу старыя апазіцыйныя партыі не змаглі мабілізаваць і павесці за сабой шырокія групы насельніцтва. Аднак у сітуацыі, дзе ўсе значныя палітычныя лідары знаходзяцца ў турме або ў вымушанай эміграцыі, адзінымі гульцамі, з якімі рэжым яшчэ тэарэтычна зможа весці дыялог – гэта палітычныя партыі, бо яны хоць некага фармальна прадстаўляюць.

Беларусам вельмі важна ўжо цяпер абʼядноўвацца ў групы, ствараць новыя і актывізаваць старыя рухі ды партыі і такім чынам мабілізаваць грамадзянскую супольнасць на доўгае супрацьстаянне з наступных прычынаў:

1. Узмацненне палітычнай рэпрэзентатыўнасці. У беларускім полі зʼявілася шмат новых лідараў, але яны выказваюць часцяком сваю асабістую пазіцыю ці пазіцыю вельмі вузкага кола людзей. Адпаведна, гэтая пазіцыя можа часта мяняцца, бо яны не абавязаны падпарадкоўвацца групам насельніцтва, якія далі ім права іх прадстаўляць.

Выбарнікі той жа самай праўладнай дэпутаткі Наталлі Васілевіч падчас яе выбарчай кампаніі нічога не ведалі аб яе патэнцыйных ініцыятывах аб пазбаўленні грамадзянства. Прадстаўляла б яна пэўную партыю, аб яе магчымых наступных палітычных дзеяннях можна было б будаваць здагадкі. Нават у аўтарытарнай Расіі выбарнік у цэлым разумее, якія законы могуць і не могуць быць ініцыяваныя прадстаўнікамі, напрыклад, ЛДПР або КПРФ.

Існаванне Каардынацыйнай Рады вельмі важнае, але ў яе па факце таксама абмежаваная рэпрэзентатыўнасць, паколькі ў яе ўваходзяць людзі, якія ў абсалютнай большасці прадстаўляюць толькі саміх сябе. Для сапраўднай рэпрэзентатыўнасці патрэбна мець кантакт з тымі, каго вы прадстаўляеце, і важна атрымаць ад іх пэўны дазвол на гэта. І тут колькасць падпісчыкаў у “Інстаграме” ці ў “Фэйсбуку” не дапаможа.

2. Фармаванне стратэгіі і патрабаванняў. У пачатку выбарчай кампаніі новыя беларускія лідары і іх каманды змаглі выразна сфармуляваць і данесці паэтапны план дзеянняў: збор подпісаў, назіранне за выбарамі, агітацыя ў рэгіёнах, адкліканне дэпутатаў і г.д. Усё гэта хоць і не дазволіла дамагчыся сумленных выбараў, але дапамагло абʼяднаць і мабілізаваць людзей на далейшы ўдзел у палітычным працэсе.

Калі большасць палітычных лідараў была пасаджаная або выгнаная за мяжу, усё часцей сталі чутныя пытанні: “А які ў нас план і што будзе далей?” Для фармавання эфектыўнага плана ізноў неабходныя арганізаваныя палітычныя групы, якія будуць гэтыя ідэі і планы абмяркоўваць з радавымі чальцамі, якіх гэта непасрэдна датычыць у Беларусі.

3. Стварэнне інфармацыйнай павесткі. Асабліва ў сітуацыі палітычных крызісаў роля палітычных рухаў заключаецца ў каментаванні падзей, актуалізацыі памылак кіроўнай улады, але, што самае важнае, у прапанове свайго бачання, як вырашыць тыя ці іншыя праблемы. Калі рэжым заўтра падзе, якой будзе, напрыклад, новая палітыка ўлады па супрацьдзеянні пандэміі?

Па зразумелых прычынах на дадзеным этапе ніхто з палітычных лідараў і іх штабоў не ў стане сфармаваць такі адказ, але палітычныя рухі цалкам змаглі б гэта зрабіць і ўключыць у гэта абмеркаванне шырокія групы насельніцтва, якіх гэтае пытанне турбуе. Супраціў медыкаў у сярэднетэрміновай перспектыве таксама ўяўляецца складаным, бо яны не пачалі фармаваць палітычныя патрабаванні, як медыцына павінна развівацца ў будучыні.

4. Уцягванне насельніцтва ў дэмакратычны працэс. У сучаснай Беларусі звычайны грамадзянін пазбаўлены вопыту ўдзелу ў працэсах мясцовага самакіравання, самакіравання ў школах і ва ўніверсітэтах, арганізацыі незалежных прафсаюзаў, не кажучы ўжо пра выбарчыя працэсы на розных узроўнях. Гэта стварае высокія рызыкі таго, што нават пры раптоўным разломе рэжыму не будзе магчымасці запоўніць усе ключавыя пасады ў кіраванні дзяржавай людзьмі, якія разумеюць, як дэмакратычныя працэдуры павінны і могуць працаваць на практыцы.

Палітычныя партыі і грамадскія рухі – гэта самі па сабе дэмакратыі ў мініяцюры са сваімі ўнутранымі выбарамі, працэдурамі фармавання ідэй і палітычных патрабаванняў. Таму як мага больш масавы ўдзел у іх грамадзянаў стварае перадумовы для фармавання дэмакратычнай палітычнай культуры і адпаведна зніжае рызыку вяртання аўтарытарызму ў доўгатэрміновай перспектыве.

Безумоўна, стварэнне палітычных партый – гэта складаны працэс, які не можа быць фарсіраваным. Але калі пачнецца працэс рэальнага транзіту ўлады, менавіта існаванне моцных народных палітычных рухаў ці здольнасць стварыць іх хутка будзе ў многім вызначаць дэмакратычны шлях развіцця новай Беларусі.

Паводле Цэнтра новых ідэй

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.