Партыя БНФ » Пайшоў з жыцьця вэтэран вайны і сябра БНФ Фэлікс Шкірманкоў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пайшоў з жыцьця вэтэран вайны і сябра БНФ Фэлікс Шкірманкоў

Дададзена 04.01.2021 8:30:58 | 497 праглядаў

Сёньня на 95-м годзе жыцьця пайшоў з жыцьця вэтэран другой сусьветнай вайны, адзін з найстарэйшых сябраў БНФ, пісьменьнік Фэлікс Шкірманкоў. Прычына сьмерці – каранавірус.

5C18A55A-1A0D-40C8-9F01-E89EB232F9FC_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_sУправа Партыі БНФ глыбока смуткуе і выказвае спачуваньні дачцэ і сваякам Фэлікса Ўладзіміравіча, усім сябрам і паплечнікам спачылага беларускага патрыёта.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пахаваньне пісьменьніка адбудзецца ў сераду, 6 студзеня, у Слаўгарадзе.

Фэлікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску, сёньняшнім Слаўгарадзе. Ён быў вэтэранам вайны, сябрам Партыі БНФ, Саюзу беларускіх пісьменнікаў ды ТБМ. У 2005 годзе быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.

Пятнаццацігадовым падлеткам Фелікс Шкірманкоў стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны і з ліпеня 1941 году пайшоў у партызаны. Падчас адной з апэрацыяў на чыгунцы быў паранены, летаком яго вывезьлі з партызанскай зоны ў Расею.

Па сканчэньні Маскоўскай вайскова-інжынэрнай вучэльні яго накіравалі на 4-ы Ўкраінскі фронт. Перамогу сустрэў у чэскім горадзе Оламаўцы. За вайну атрымаў чатыры раненьні. Узнагароджаны мэдалямі і ардэнамі, у тым ліку  мэдалём «За Перамогу над фашысцкай Нямеччынай», ордэнам Чырвонага сцяга, дзьвума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені.

“Прыйдзе час, калі ў Беларусі сымбалямі перамогі стане бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня” – казаў вэтэран узброенай барацьбы з нацызмам.

Ад 1948 да 1951 году працаваў у органах Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі. Адчуўшы да сябе недавер, звольніўся. Ад 1951 да 1979 году рабіў геолягам на Калыме ў Дзяржаўным трэсьце «Дальстрой». Там часта бачыўся з асуджанымі паводле 58 артыкула «за контрарэвалюцыйную дзейнасьць». Тыя выклікалі ў яго сымпатыю і ўплывалі на фармаваньне сьветапогляду.

Яго вяртаньне ў Беларусь супала з бурлівымі падзеямі распаду СССР. Землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынём Слаўгарадзкага гарадзкога савету народных дэпутатаў у 1990–1995 гадах.

Пасьля канфлікту ў 1990 годзе з раённымі партыйнымі функцыянэрамі, якія перашкодзілі яму стаць дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, публічна заявіў, што выходзіць з КПСС. На той час ён ужо быў знаёмы з палітыкам Зянонам Пазьняком і грамадзкім дзеячом Генадзем Грушавым.

Стварыў раённую суполку Беларускага Народнага Фронту, сябрамі якой былі больш за 100 чалавек. Таксама быў заснавальнікам раённага камітэту «Дзеці Чарнобылю». Намаганьнямі суполкі дзеці з чарнобыльскіх раёнаў выяжджалі на аздараўленьне за мяжу.

Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сышоў з пасады старшыні гарсавету. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году забраў з гарсавету герб «Пагоня», які пасьля вісеў у яго дома.

На знак прызнаньня заслугаў у нацыянальным дэмакратычным руху Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2019 годзе ўзнагародзіла вэтэрана вайны, літаратара і аднаго з найстарэйшых фронтаўцаў Фелікса Шкірманкова мэдалём да 100-годзьдзя БНР.

Фелікс Шкірманкоў выдаў 32 кнігі рознага літаратурнага жанру, як вершаў, так і прозы. Сярод яго твораў – успаміны, замалёўкі, абразкі, “ваенныя” й “геалягічныя” апавяданьні, паэтычная кніга на расейскай мове, кнігі вершаў па-беларуску. У 1995 годзе выдаў кнігу з успамінамі ўдзельнікаў беларускай партызанкі. Іх зьбіраў больш за 20 гадоў.

Інтэрвію Радыё Свабода з вэтэранам-фронтаўцам Фэліксам Шкірманковым

Вэтаран вайны, спадар Шкірманкоў крытыкаваў выкарыстаньне тэмы вайны і спэкуляцыі наконт памяці вэтэранаў дзеля апраўданьня аўтарытарызму ў Беларусі: “Кіраўніцтва дзяржавы выкарыстоўвае гадавіну Перамогі ў сваіх палітычных інтарэсах, прыкрываючыся заявамі пра клопат аб вэтэранах і памяцьцю пра іхныя заслугі”. У тым ліку вэтэран абураўся тым, што нешматлікіх жывых удзельнікаў узброенай барацьбы з нацызмам улады ставяць пад пагрозы ў час каранавіруснай пандэміі.

У дні адзначэньня 75-годзьдзя заканчэньня другой сусьветнай вайны ў Эўропе газэта “Народная воля” публікавала гутарку з вэтэранам вайны і адным з найстарэйшых сябраў Партыі БНФ Фэліксам Шкірманковым.

Вечаная памяць.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Студзень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.