Кандыдата гістарычных навук і дацэнта ПДУ Віктара Якубава з Наваполацку асудзілі на 15 сутак і кінулі за краты на Каляды
Дададзена 07.01.2021 12:11:56 | 315 праглядаў 5 студзеня ў Наваполацку асудзілі на 15 сутак дацэнта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, сябра БНФ Віктара Якубава. 6 студзеня яго забралі адбываць тэрмін.
Як распавялі gorod214.by блізкія выкладчыка, суд над ім прайшоў у аўторак. Мужчыну абвінавачвалі ва ўдзеле ў ланцугу салідарнасці 20 снежня.
Першы суд адбыўся 23 снежня, але тады справу адправілі на дапрацоўку, а навапалачаніна вызвалілі.
Сам Віктар Якубаў казаў, што доказаў яго ўдзелу ў акцыі быць не можа, бо ён не прымаў у ёй удзелу. Ён збіраўся абскардзіць пастанову суда ад 5 студзеня.
Як ужо паведамлялася раней, 20 снежня ў Наваполацку затрымалі двух мужчын пасля дзіцячага свята каля гарадской елкі на плошчы Будаўнікоў. Аднаго з іх – Дзеда Мароза – пазней адпусцілі, а дацэнта ПДУ пакінулі ў ГАУС.
Паводле Беларускага Радыё Рацыя
|