Партыя БНФ » Вынікі сьнежаньскага Сойму Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі сьнежаньскага Сойму Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”

Дададзена 27.12.2020 9:18:33 | 477 праглядаў

19 сьнежня адбылося першае пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне” новага скліканьня, які быў абраны 7 лістапада на XX Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”).

Кіруючым органам партыі і руху была разгледжаная грамадзка-палітычная сытуацыя, якая склалася ў краіне, разгледжаная і прынятая заява ў абарону нацыянальнай сымболікі. Сойм пастанавіў зьдзейсьніць рэгістрацыю эмблемы і сьцягу Партыі БНФ, зацьвердзіў склад Управы, прызначыў адказнага сакратара Управы і кіраўнікоў камісіяў Сойму, а таксама вырашыў іншыя арганізацыйныя пытаньні.

56У сувязі з другой хваляй каранавіруснай інфэкцыі пасяджэньне Сойму адбывалася ў камбінаваным рэжыме: частка сябраў кіруючага органа брала ўдзел у дыскусіі і галасаваньні анлайн шляхам відэасувязі, прысутныя ў асабістай якасьці былі забясьпечаныя маскамі і санітайзэрамі і выконвалі правілы сацыяльнага дыстанцыяваньня.

З прапановы кіраўніцтва партыі і руху, на парадак дня кіруючага органа БНФ былі вынесеныя наступныя пытаньні:

Сойм Партыі БНФ, парадак дня:

1. Аб палітычнай сітуацыі. 

2. Заява Партыі БНФ у абарону нацыянальнай сымболікі.

3. Аб афіцыйнай сымболіцы Партыі БНФ. 

4. Фармаванне Управы. 

5. Аб пісьмовым папярэджанні Партыі БНФ ад Міністэрства юстыцыі. 

6. Аб дзейнасці Партыі БНФ. 

7. Рознае. 

Парадак дня Сойму ГА БНФ “Адраджэньне”. 

1. Фармаванне Управы і камісіяў Сойму.

2. Аб фінансавай справаздачы ГА БНФ “Адраджэньне”.

3. Рознае.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, адчыняючы пасяджэньне, павіншаваў новаабраных сябраў Сойму і пажадаў ім плённай і адказнай працы ў складзе кіруючага органа партыі і руху.

У дакладзе пра палітычную сытацыю старшыня партыі спыніўся на выніках лістападаўскага партыйнага зьезду, асабліва адзначыўшы актуальнасьць і слушнасьць тых рэзалюцыяў, якія былі прынятыя вышэйшым органам партыі і грамадзкага аб’яднаньня. Заявы зьезду мелі вялікае палітычнае значэньне, яны акрэсліваюць партыйную лінію і прыярытэты партыйнай працы на бліжэйшы час, а таксама займелі вялікі інфармацыйны розгалас. Сымбалічнае вітаньне зьезду ад Рады БНР было пазытыўна ўспрынятае партыйцамі як знак пераемнасьці з нацыянальна-дэмакратычнай традыцыяй, да якой адносіць сабе Беларускі Народны Фронт.

Рыгор Кастусёў асобна спыніўся на важнасьці абароны беларускай мовы як прыярытэтнай палітычнай задачы для партыі. Вынікі перапісу могуць і павінныя быць скарыстаныя БНФ не толькі дзеля абароны інтарэсаў беларускамоўных грамадзян, але і як акрэсленая задача дзеля пашырэньня беларускай мовы ў грамадзкім ужытку. “Мы павінныя даводзіць людзям, што пытаньне выбару на карысьць беларускай мовы – гэта пытаньне не асабістага выбару, а пытаньне выбару на карысць беларускай ідэнтычнасьці, а значыць – пытаньне палітычнае” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Разам з тым, на сёняшнім паліытчным парадку дня няма больш важнай задачы, чым абарона людзей ад палітычных рэпрэсіяў – старшыня БНФ азнаёміў прысутных сябразў Сойму з асноўнымі нядаўнімі фактамі ціску на сябраў партыі. Па словах лідэра БНФ, цяпер рэпрэсіі робяцца нечувана масавымі, у тым ліку колькасьць крымінальных справаў набліжаецца да тысячы.

Сярод зьняволеных па крымінальных абвінавачаньнях – сябра Сойму Вітольд Ашурак, які з’яўляецца палітзьняволеным, бо быў кінуты за краты за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Неўзабаве напрыканцы студзеня павінны пачацца разгляд ягонай крымінальнай справы ў судзе Лідскага раёна. Партыя БНФ патрабуе вызваленьня Вітольда Ашурака і ўсіх іншых ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У абарону Вітольда Ашурка на прапанову БНФ выступіў Міжнародны дэмакратычны зьвяз – сусьветнае аб’яднаньне правацэнтрысцкіх паліытчных партыяў.

Старшыня партыі яшчэ раз падкрэсліў скептычнае стаўленьне БНФ да пэрспэктываў гэтак званай “канстытуцыйнай рэформы”, якой рэжым спрабуе задурыць галаву неспрактыкаванай частцы палітычных нэафітаў: “Ясна, што калі рэжым не выконвае і цяперашнюю сваю ўласную канстытуцыю – ён не будзе выконваць і любыю іншую, таму гэта ўсё пустое” – адзначыў Рыгор Кастусёў.

Лідэр партыі праінфармаваў сябраў сойму пра кантакты з іншымі паліытчнымі структурамі і рухамі, у тым ліку з новапаўсталымі аб’яднаньнямі, якія гуртуюцца вакол штабоў і структураў, што сфармваліся падчас мінулай выбарчай кампаніі. Па словах старшыні партыі, БНФ гатовы да тактычнага супрацоўніцтва па шырокаму колу ўзаемна цікавых пытаньняў з самымі рознымі палітычнымі сіламі, але пры гэтым катэгарычна не прыймае любых памкненьняў да прыяцгненьня ў Беларусь расейскага палітычнага ўплыву, лічучы гэтыкі інтэнцыі шкоднымі і небясьпечнымі. Старшыня БНФ яшчэ раз падкрэсліў,  што навязваньне беларусам саюзу з Масквой як з-за нашай усходняй мяжы, так і з Захаду можа істотна ўскладніць ды адкласьці ў часе перамогу свабоды і дэмакратыі ў Беларусі, аднак ня здолее спыніць вяртаньне беларусаў у сямью вольных эўрапейскіх нацыяў. БНФ перасцерагае ад якіх кольвек заклікаў што да расейскага ўмяшальніцтва ў цяперашні палітычны крызыс ў Беларусі, падобныя заклікі з боку дэмакратычных палітыкаў Партыя БНФ разглядае як праяву безадказнасьці і палітычнай нясьпеласьці, што можа прывесьці да трагічных наступстваў.

Зыходзячы з азначаных прыярытэтаў, Рыгор Кастусёў даў ацэнку бягучым грамадзка-палітычным працэсам у Беларусі і на вонкава-палітычнай арэне. Сярод іншага, старшыня БНФ выказаў занепакенасьць спробамі рэжыму пабудаваць новую жалезную заслону і ізаляваць краіну ад вонкавага сьвету, у тым ліку пра такі супрацьпраўны крок, як закрыцьцё мяжы для беларусаў – такога не было з часоў савецкага таталітарызму. “рэжым будзе рабіць усё для самазахаваньня – для гэтага раскручваецца і махавік нечувана масавых рэпрэсіяў, і рыхтуецца самаізаляцыя краіны” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Старшыня БНФ выказаў стаўленьне да тых санкцыяў, якія ўжываюцца цяпер з боку Эўропы і ЗША у дачыненьні да асобаў, якія задзейнчаныя ў злачынствах супраць беларускага народу. Па яго словах, памер мераў адказнасьці на дадзены момант несувымерны нават з тым, што было ў 2010 годзе, калі ахвяраў рэпрэсіяў было на парадак меней. Аднак, як выглядае, рэжым гатовы працягнуць існаваньне ў стане абкладзенай фартэцыі, і эканамічныя наступствы яго не пужаюць – цяжар адказнасьці за правалы ў эканоміцы, страту інвестыцыяў яны плянуюць перакласьці на звычайных беларускіх грамадзян.

У гэтай палітычнай сытуацыі роля палітычных партыяў ёсьць абмежаваная тымі умовамі, якія складваюцца ў краіне пры пабудове адкрытай дыктатарскай сыстэмы. Запты у грамадзтве на альтэрнатыву ёсьць і ён нечувана вялікі – але інстытуцыйныя механізмы ўздзеяньня на дзяржаўную палітыку амаль зьнішчаныя.

Але і пры такім становішчы Партыя БНФ мусіць адстоваць інтарэсы беларускага народу і даваць адэкватную ацэнку таму, што робіць аўтарытарны рэжым. “У тым ліку мы безумоўна асуджаем тыя спробы імітацыі нацыянальнага дыялогу, якія робяцца, у тым ліку ў форме некаенстытуцынага ўсебеларускага народнага сходу. Таксама мы безумоўна павінныя асуджаць тыя захады датычна здачы беларускай незалежнасьці Маскве, якія цяпер робяцца, у тым ліку праз дамову паміж МУС і расейскай гвардыяй датычна ўзаемадзеняьня ў праваахоўнай сферы” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Кіраўніцтва Партыі БНФ выказала трывогу з нагоды агучаных рэжымам плянаў датычна забароны беларускай нацыянальнай сымболікі. На прапанову намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча была прыянтая заява ў абарону беларускай нацыянальнай сымболікі – бела-чырвона-белага сьцягу і гербу “Пагоня” (публікуецца).

У заяве ў сувязі з тым, што ў афіцыйнай прапаганьдзе ўсё больш настойліва гучаць тэзы аб неабходнасьці забароны бел-чырвона-белага сьцягу, Сойм Партыі БНФ заяўляе:

  • Партыя БНФ выказвае рашучы пратэст супраць усіх спробаў забараніць або абмежаваць выкарыстаньне гістарычнай нацыянальнай бел-чырвона-белай сымболікі, а таксама супраць намаганьняў дыскрэдытаваць бел-чырвона-белы сьцяг ды герб Пагоня.
  • Партыя БНФ патрабуе спыніць перасьлед беларусаў за выкарыстаньне бел-чырвона-белай сымболікі ў сваіх дамах, кватэрах, аўтамабілях, дварах.
  • Партыя БНФ разглядае ўсе праявы ціску рэжыму на нацыянальную сімволіку як перасьлед беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, скіраваны на пазбаўленьне беларускага народу праяваў нацыянальнай ідэнтычнасьці.
  • Партыя БНФ нагадвае беларусам, што таксама важнай праявай нацыянальнай ідэнтычнасьці і сымбалем патрыятызму з’яўляецца нашая родная беларуская мова, і заклікае ўсіх грамадзянаў пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах ужываньня, у тым ліку ў стасунках з дзяржаўнымі і грамадзкімі арганізацыямі, а таксама ініцыяваць і патрабаваць стварэньне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў.

Сойм заслухаў інфармацыю адносна стану афіцыйнай сымболікі Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”, якая не прайшла перарэгістрацыю ў якасьці геральдычных сымбаляў напачатку 2000-х гадоў у сувязі са зьмяненьнем заеканадаўства. Згодна з рэкамэндацыямі, якія прагучалі падчас лістападаўскага зьезду партыі, Сойм зацьвердзіў палажэньне пра эмблему і палажэньне пра сьцяг Партыі БНФ, а таксама прыняў іншыя рашэньні неабходныя для атрыманьня рэгістрацыі сымболікі партыі. Выканаўчым структурам партыі даручана ў найхутчэйшыя час падрыхтаваць і падаць на рэгістрацыю пакет дакументаў, неабходны для рэгістрацыі эмблемы і сьцягу.

Сойм БНФ на прапанову старшыні прызначыў адказным сакратаром Управы Зьміцера Салошкіна і сфармаваў выканаўчы орган партыі – Управу Сойму, а таксама старшыняў камісіяў Сойму.

У склад Управы Сойму па прадстаўленьні старшыні партыі увайшлі:

Рыгор Кастусёў – старшыня Партыі БНФ, кіраўнік палітычнай камісіі;

Зьміцер Салошкін – намесьнік старшыні партыі, адказны сакратар Управы;

Аляксей Янукевіч – намесьнік старшыні партыі, кіраўнік камісіі партыйнага навучаньня (адукацыйная камісія);

Вадзім Саранчукоў – намесьнік старшыні партыі, кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ, кіраўнік аналітычнай камісіі;

Юрась Меляшкевіч – намесьнік старшыні партыі, кіраўнік камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

Арцём Касавараў –  в.а. кіраўніка маладзёвай камісіі (Моладзь БНФ);

Паліна Касьяпровіч – намесьнік старшыні партыі, кіраўнік міжнароднай камісіі;

Надзея Салаўёва – сябра Сойму, кіраўнік жаночай камісіі;

Юрый Чавусаў – сябра Сойму, кіраўнік праўнай камісіі;

Вальжына Шутава – сябра Сойму, сакратар Управы;

Андрэй Саротнік – сябра Сойму, сакратар Управы;

кіраўнікі абласных арганізацыйных структураў Партыі БНФ (не ўлічваюцца пры вызначэньні кворума на пасяджэньнях Управы);

ва Ўправу Сойму Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” уключаны кіраўнік культурніцкай камісіі, якім быў абраны Аляксей Марачкін.

Пасьля фармаваньне складу Управы і старшыняў партыйных камісій прагучала прапанова ад новапрызначанага старшыні камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Юрася Меляшкевіча аб накіраваньні ад імя партыі прадстаўнікоў у склад грамадзкіх радаў па ахове помнікаў гісторыі і культуры, якія створаныя пры ўсіх райвыканкамах Беларусі.

Сойм Партыі БНФ заслухаў інфармацыю пра пісьмовае папярэджаньне, якое было вынесена ў сувязі з адмовай Партыі БНФ (разам з іншымі дэмакратычнымі партыямі) выканаць незаконна патрабваньне міністэрства юстыцыі аб прадастаўленьні ў рэгіструючы орган сьпісу сябраў партыі. Як паведаміў адказны сакратар Управы Зьміцер Салошкін, маштабная праверка дзейнасьці партыі працягваецца як на ўзроўні міністэрства юстыцыі, так і на ўзроўні абласных упраўленьняў юстыцыі – яны называюць гэта “перарэгістрацыяй партый”. Агулам вядома, што восем з пятнаццаці паліытчных партый Беларусі атрымалі пісьмовыя папярэджаньні ад міністэрства юстыцыі. Партыя БНФ, як нязгодная з пісьмовым папярэджаньнем, падала скаргу ў Вярхоўны суд з патрабаваньнем скасаваць папярэджаньне як незаконнае.

Сойм Партыі БНФ прыянў рашэньне даручыць сябрам сойму прадстаўляць інтарэсы партыі ў часе разгляду ў Вярхоўным судзе скаргі на пісьмовае папярэджаньне.

Таксама ў сувязі з праверкамі, якія ідуць, Сойм пастанавіў склікаць канферэнцыю Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ дзеля абарньня Рады і кантрольна-рэвізійнага органа абласной аргструктуры.

Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні наладжваньня працы кіруючага органа партыі новага скліканьня, у тым ліку пытаньні ўзаемадзеяньня Управы з рэгіянальнымі аддзяленьнямі. Сойм абмеркаваў бліжэйшыя пляны датычна дзейнасьці партыі, у тым ліку ў кірунку прыцягненьня ў партыю новых людзей, якія далучыліся да палітычнай дзейнасьці ў часе пратэстных акцыяў, а таксама па наладжваньні сувязяў з новапаўсталымі суполкамі і пратэстнымі асяроддзямі. Прагучала прапанова распрацаваць больш дэталёвы тактычны плян дзейнасьці партыйнай структруы на пэрыяд паўгады альбо да наступных мясцовых выбараў, якія мусяць адбыцца праз год, а таксама і накіды да стратэгічнага пляну на тры гады.

Перад прысутнымі выступіла сябра Сойму Партыі БНФ Ніна Багінская, якая выказалася на карысьць прыярытызацыі тэмы аховы здароўя і здаровага ладу жыцьця як тэмы для грамадзка-палітычнай працы, у тым ліку ў галіне харчова-гаспадарчай, экалягічна-прыродаахоўнай і зямельнай палітыкі.

У пасяджэньні Сойму Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” выступіў сябра Сойму Юрый Чавусаў, які паведаміў, што 7 лістапада была апублікаваная пастанова Міністэрства юстыцыі №153-1 “Аб інфармацыі пра дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў”. Гэты дакумэнт уступае ў сілу 20 лістапада і ўстанаўлівае, што грамадзкія аб’яднаньні цяпер абавязаныя штогадова да 1 сакавіка публікаваць справаздачу пра сваю дзейнасьць разам з фінансавай справаздачай. Новая форма справаздачнасьці не адмяняе ўжо існуючую справаздачнасьць пра дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў, якую па-ранейшаму трэба падаваць ў органы юстыцыі таксама да 1 сакавіка. Прадугледжана тры варыянты публікацыі новаўведзенай справаздачы: альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо на ўласным сайце арганізацыі, альбо шляхам падачы справаздачы ў міністэрства юстыцыі

Пералік зьвестак, якія падлягаюць публікацыі грамадзкімі аб’яднаньнямі ў новай справазадачы, складаецца з двух блёкаў:

  • Справаздача пра дзейнасьць арганізацыі. Тут мусяць быць адлюстраваныя зьвесткі пра колькасны склад грамадзкага аб’яднаньня, яго арганізацыйныя структуры, месца знаходжаньня кіруючага органа і праведзеныя цягам году мерапрыемствы.
  • Справаздача пра паступленьні і выдаткаваныя грашовыя сродкі і маёмасьць. Тут мусяць быць адзначаныя зьвесткі пра агульную суму грашовых сродкаў ды iншую маёмасьць; уступныя і сяброўскія ўнёскі (калі ўнёскі прадугледжаныя статутам); пра паступленьні ад праведзеных у статутных мэтах лекцыяў, выставаў, спартовых ды іншых мерапрыемстваў; пра даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасьці (ад заснаваных грамадзкім аб’яднаньнем прадпрыемстваў); пра дабраахвотныя ахвяраваньні; пра паступленьні ад замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацыяў; пра паступленьні з іншых крыніцаў. Датычна выдаткаў трэба будзе пазначыць агульную суму выдаткаў, колькасьць работнікаў арганізацыі, памер аплаты іх працы, выдаткі на матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне, выкарыстаньне грашовых сродкаў ды іншай маёмасьці.

Сойм на падставе выкладзенай інфармацыі даручыў Управе падрыхтаваць справаздачу ад фінансавай дзейнасьці Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” і рэкамендаваў апублікаваць яе ў беларускамоўнай газэце “Наша Слова”.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.