Партыя БНФ » Старшыня БНФ: “Лукашэнкаўскі сход – антыканстытуцыйная гаварыльня чыноўнікаў”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ: “Лукашэнкаўскі сход – антыканстытуцыйная гаварыльня чыноўнікаў”

Дададзена 11.01.2021 6:32:42 | 819 праглядаў

Беларускім чыноўнікам не пазайздросціш. Пакуль уся краіна адзначае зімовыя святы, яны рыхтуюцца да Усебеларускага народнага сходу. Падзея мае адбыцца 11–12 лютага.Тэлеканал Белсат запытаў прадстаўнікоў беларускіх апазыцыйных партыяў і рухаў датычна іх погляду на гэтую падзею.

Арганізатары сходу кажуць, што на ім плануюць вызначыць шлях развіцця Беларусі на наступную пяцігодку. Былы палітвязень Юрый Васкрасенскі мае паставіць пытанне амністыі для палітзняволеных.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка назваў Усебеларускі народны сход спробаю канстытуцыйнага перавароту і анансаваў санкцыі для дэлегатаў падзеі, а былы прэтэндэнт на прэзідэнцкі фатэль Валер Цапкала абвесціў аб стварэнні Беларускага дэмакратычнага форуму.

Зарегистрированы кандидаты на пост президента БелоруссииРыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ быў бы гатовы сесці за круглы стол з Юрыем Васкрасенскім, але для гэтага ўлады мусяць вызваліць палітвязняў, расследаваць факты гвалту і пачаць выконваць Канстытуцыю:

– Калі разглядаць сход з пункту гледжання заканадаўчай базы Рэспублікі Беларусь, то гэта цалкам антыканстытуцыйнае мерапрыемства. Палажэнне аб так званым Усебеларускім народным сходзе нідзе не прапісана – законам ён не прадугледжаны. Калі ж разважаць па-за межамі законнасці – адбудзецца чарговая нарада разнастайных беларускіх чыноўнікаў рознага ўзроўню. Чарговая гаварыльня, і не болей.

Што яны рыхтуюць, вядома толькі Лукашэнку і яго бліжэйшаму атачэнню. Як я памятаю, напярэдадні кожнага мінулага сходу ўлады і дзяржаўныя СМІ анансавалі эпахальную падзею, якая прынясе Беларусі станоўчыя змены, павышэнне ўзроўню жыцця і гэтак далей. Гэта гучала кожны раз і гучыць цяпер.

Цалкам верагодна, што могуць прыдумаць нешта для перамены структуры ўлады. Але мне б хацелася ацэньваць гэты сход па ўзроўні жыцця насельніцтва, па выніках у эканоміцы і сельскай гаспадарцы. Калі б пасля дадзенага мерапрыемства адбылося паляпшэння гэтых паказчыкаў, можна было б даць станоўчую ацэнку.

Аднак на кожны папярэдні сход толькі выдаткаваліся вялізарныя грошы – на выбары дэлегатаў, іх дастаўку і гэтак далей. А што мы маем? З 1 студзеня ўзраслі кошты на камунальныя паслугі, лекі, падатак на даданую вартасць, напрыканцы мінулага года падаражэў і праезд у транспарце.

І што чакаць ад шостага такога сходу? Чарговай балбатні, і не болей. Як і за савецкім часам, будуць агітаваць тых, хто жыве на капейкі. А чыноўнікі, зразумела, жыццё для сябе ўжо ўладкавалі – іх заробкі сёлета ўзрастуць.

Ці могуць на сходзе абвесціць амністыю для палітвязняў? Амністыя прымяняецца для тых, хто сапраўды пераступіў закон. Я не лічу, што Севярынец, Статкевіч і іншыя людзі, якія сядзяць у вязніцах па палітычных матывах, здзейснілі злачынствы. Таму гэтае слова нельга ўжываць у дачыненні да іх. Гэтыя людзі не парушалі ніякіх законаў – за кратамі іх трымаюць незаконна.

БНФ на сход не імкнецца. Ды нам і запрашэння ніхто не дасылаў. Таму гаворкі пра тое, што мы патрапім на гэты сход, не вядзецца.

Лябедзька-650x400Анатоль Лябедзька, былы старшыня АГП заўважае, што ён цяпер – не партыйны функцыянер. Летась ягоную кандыдатуру прапаноўвалі на выбарах старшыні АГП. Палітык узяў самаадвод, аднак працягвае ўдзельнічаць у жыцці краіны ў якасці каардынатара камісіі для канстытуцыйнай рэформы пры штабе Святланы Ціханоўскай і вядоўцы праграмы «Пра нас» на YouTube-канале АГП.

– Я стаўлюся да Усебеларускага народнага сходу як да з’езду незарэгістраванай партыі «Ябацька», як да сходу прыхільнікаў былога прэзідэнта Беларусі. Мяне, як, зрэшты, і мільёнаў беларусаў, катэгарычна не задавальняе, што палітычная сіла, якая ва ўмовах сумленных выбараў балансавала б на мяжы праходжання ў парламент, запускае сваю ліпкую руку ў бюджэт і маю кішэню. Я не жадаю фінансаваць тых, хто завёў краіну ў тупік.

Таксама мяне не задавальняе той факт, што непапулярная палітычная сіла навязвае сваё бачанне праблемы, свае рашэнні мне як грамадзяніну, выбарцу, падаткаплатніку. Наступствы прадказальныя: паглыбленне канфліктаў, крызісу і рост супрацьстаяння.

Што тычыцца Васкрасенскага, ён не мае ніякага дачынення ні да амністыі, ні да дыялогу. У яго іншая місія і прызначэнне. Па-першае, адбельваць улады, ухваляць здраду і іншыя брыдоты гэтага рэжыму. Па-другое, спрабаваць уносіць раскол у стан прыхільнікаў пераменаў.

Няхай тыя, хто спрабуе пранікнуць на Усебеларускі народны сход праз галоўны ці чорны ўваход, самі адкажуць сабе на шэраг пытанняў. Што вы жадаеце сказаць сёстрам Груздзевым і Баскаву? У чым вы маеце намер пераканаць Наталлю Эйсмант ці Лідзію Ярмошыну? Якія аргументы ў вас ёсць для Марзалюка або Караева?

Лукашэнка нелегітымны. Гэта зафіксавалі большасць беларусаў і ўвесь цывілізаваны свет. Дык навошта сваім суўдзелам ствараць ілюзію адваротнага?

Давайце ўжываць сілы, рэсурсы і час для рэалізацыі пазітыўных пераменаў. Цяпер трэба засяродзіцца на рэалізацыі плану, які забяспечыць вызваленне палітвязняў і затрыманых, транзіт улады, а таксама правядзенне сумленных выбараў і канстытуцыйнай рэформы. Гэта прыярытэт.

indexСяргей Чэрачэнь, старшыня партыі БСДГ спрабуе размаўляць з уладамі. Экс-прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду сустракаўся з Наталляй Качанавай і ўдзельнічаў у круглым стале аб новай Канстытуцыі ў Савеце Рэспублікі. Але ніякіх ілюзіяў наконт сходу ён не мае.

– Напэўна, як і ўсе, я стаўлюся да Усебеларускага народнага сходу негатыўна. Гэта не канстытуцыйнае мерапрыемства, а ініцыятыва аднаго чалавека. Яму яна патрэбная, каб забалбатаць, увесці ўбок ад парадку дня, які цяпер хвалюе людзей больш за ўсё.

Фармальна яму не хацелася б рабіць нейкіх надбудоваў і перабудоваў: яго ўсё задавальняе. Зразумела, што гэта не задавальняе людзей, але мы ўсе цудоўна разумеем: калі ты пачынаеш перакройваць сістэму, якую будавалі 26 гадоў, у адзін момант усё можа рухнуць. Таму, мяркую, пакуль што гэта робіцца, каб забалбатаць.

Не думаю, што будуць нейкія кардынальныя пераўтварэнні. Магчыма, Лукашэнка паспрабуе сысці з прэзідэнцкага фатэля і зрабіць нейкую пасаду над прэзідэнтам, але ніякай канкрэтыкі на дадзены момант няма.

Інсайдарская інфармацыя, якая трапляе да мяне ў рукі, не абяцае нічога добрага. У бліжэйшы час пазітыўных зменаў у краіне па ініцыятыве Лукашэнкі і яго адміністрацыі не плануецца.

Амністыя? Калі гэта будзе выгадна ўладам, каб стабілізаваць пратэст і трохі яго загасіць, яны пойдуць на гэты крок. У адваротным выпадку, калі яны будуць адчуваць сваю сілу і разумець, што сітуацыя пад кантролем, гэтага не адбудзецца з той простай прычыны, што ёсць асабістая крыўда на людзей, якія застаюцца ў зняволенні. І зазвычай яна проста так не распускаецца. Лукашэнка – даволі злапомны чалавек. Людзі, якія трапілі за краты, могуць атрымаць значныя тэрміны.

БСДГ, як і іншыя апазіцыйныя арганізацыі, атрымала ліст з прапановай унесці свае ініцыятывы на разгляд УНС. Мы не будзем браць удзелу ў гэтым. Я кажу ад сваёй партыі, але кантактуем і з іншымі апазіцыйнымі арганізацыямі – мяркую, яны мяне падтрымаюць. Гэты сход – шырма, фікцыя. Апазіцыйным дзеячам на гэтым мерапрыемстве не дадуць аніводнага слова, адпаведна, удзельнічаць у ім няма ніякага сэнсу.

Мы рабілі і робім спробы дыялогу з адной асноўнай задачай: сфармаваць пул перамоўцаў, якія, калі складзецца прыдатная сітуацыя (напрыклад, калі націснуць Захад ці Усход), здолеюць узяць удзел у перамовах ад імя дэмакратычнага грамадства. Але сёння ніякіх перамоваў быць не можа, бо ўлады адчуваюць сябе фрывольна і стабільна. Мы мусім стварыць нейкую суполку загадзя, каб, калі сітуацыя зменіцца, не рабіць гэта прыхапкам.

канапацкаяГанна Канапацкая, былая дэпутатка парламенту ад АГП, у снежні  заявіла ў медыях аб жаданні ўзяць удзел ва Усебеларускім народным сходзе, каб «прадстаўляць інтарэсы ўсёй канструктыўнай апазіцыі». Экс-кандыдатка на прэзідэнцтва тлумачыць: ейную старонку «УКантакце» ўзламалі, і гэты допіс пісала не яна.

– Мне незразумелая прырода Усебеларускага народнага сходу як заканадаўчага органу, які збіраецца выкарыстаць улада. У ніводным нарматыўна-прававым акце няма статусу гэтага мерапрыемства. Адпаведна, незразумела, які юрыдычны статус будуць мець дакументы, што прымуць на гэтым сходзе. Гэта чарговая спроба ўлады зрабіць бачнасць дыялогу ў грамадстве.

У любым выпадку, усе падзеі, якія адбыліся падчас і пасля электаральнай кампаніі, прывялі да таго, што Лукашэнка застаўся надоўга: занадта высокім коштам яму дасталася гэтая перамога. І цяпер ён умацоўвае сваю ўладу ўсімі спосабамі. А сход можа дапамагчы ў дасягненні гэтай мэты.

Васкрасенскі збіраецца ставіць пытанне амністыі. У Беларусі існуе праблема, што няма ні легітымнага парламенту, ні легітымнага прэзідэнта. А сход не мае для гэтага належнага прававога статусу. Безумоўна, калі туды ісці, трэба прасоўваць свой парадак дня. Але пытанне палітычнай амністыі мусіць вырашацца легітымным парламентам, а не сходам, які не мае для таго ніякага прававога статусу.

Яшчэ ў кастрычніку я даслала ў Палату прадстаўнікоў сваю рэдакцыю асноўных разделаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На жаль, не атрымала ніякага зразумелага адказу. Яшчэ раз паўтараю: заканадаўчым органам застаецца Палата прадстаўнікоў. Я не буду разважаць наконт яе легітымнасці, але прыняцце нейкіх заканадаўчых актаў не ў кампетэнцыі сходу.

Я б пагадзілася ўзяць удзел ва Усебеларускім народным сходзе ў тым выпадку, калі будзе рэальная магчымасць данесці пытанні, якія наспелі ў грамадстве. Сход не мае дзеля гэтага ніякіх паўнамоцтваў, аднак можна данесці сваю пазіцыю да тых, хто бярэ ў ім удзел.

Гэты сход можа стаць трыбунай, але не больш за тое.

0259056B-D1E9-4336-A717-C54A723855C9_cx0_cy2_cw0_w408_r1_sАндрэй Дзмітрыеў з грамадскага аб’яднання «Гавары праўду» досвед стасункаў з Усебеларускім народным сходам мае. У 2010 годзе ён кіраваў перадвыбарчым штабам Уладзіміра Някляева, які тады безвынікова паспрабаваў трапіць на сход. Сёлетні УНС, на думку Дзмітрыева, замяняе з’езд партыі Лукашэнкі, якую ён баіцца мець праз патэнцыйную здраду.

– Я лічу, гэта сход начальнікаў і чыноўнікаў, якія збіраюцца дзеля другой спробы інаўгурацыі Лукашэнкі, бо першая атрымалася даволі няўдалай. І паверце, гэта не апошняя спроба давесці, што ён – легітымны прэзідэнт, які ўступіў у паўнамоцтвы. Сёння ў гэтым сумняюцца ўсе, хто толькі можа, – нават тыя, хто яго падтрымлівае.

Ніякага транзіту ўлады не будзе. Паводле існай Канстытуцыі Лукашэнка непадзельна кіруе шмат гадоў і будзе кіраваць далей. Магчыма, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, у якіх ён ужо ніколі не будзе здольны перамагчы, яны паспрабуюць перадаць Усебеларускаму народнаму сходу ўсе паўнамоцтвы: абіраць прэзідэнта, дэпутатаў мясцовых саветаў і парламенту. Бо ў сённяшнім выглядзе ўлада не здольная выйграць любыя выбары нават у звыклым для сябе фармаце: як толькі большасць мабілізуецца, з вуліцаў ужо ніхто не сыдзе.

Таму цяпер галоўная мэта, якую яны пераследуюць на сходзе, – зразумець, ці можна адабраць «правільных» людзей. Гэта 2700 чалавек, якія будуць правільна галасаваць і пляскаць у далоні. Калі гэта атрымаецца, як я ўжо сказаў, сходу могуць перадаць паўнамоцтвы беларускага народу абіраць уладу.

Але я лічу абсалютнай памылкай цяпер пагражаць яго дэлегатам. Я супраць іх дадання ў санкцыйныя спісы. Наадварот, з імі трэба працаваць. Таму чакаю, калі будуць вядомыя ўсе 2700 імёнаў. Мы будзем працаваць з імі, паказваючы падзеі ў краіне і спрабуючы пераканаць, што на гэтым сходзе яны могуць хоць неяк выказаць сваю пазіцыю. Галасаваннем супраць, выхадам з залы – карацей, любым выказваннем нязгоды. Мяркую, шмат людзей паедзе туды для галачкі. Але пры гэтым яны не сляпыя – мы не павінны іх адштурхоўваць, бо нейкі ідэолаг адправіў іх на прапрэзідэнцкую тусоўку ў Менск.

Мяркую, спробы трапіць туды ад апазіцыйных дзеячаў мелі б сэнс пры наяўнасці празрыстай працэдуры высоўвання дэлегатаў. Але мы бачым: улада настолькі баіцца народу, што прыбрала ад людзей нават фэйкавую працэдуру.

Калі б я ведаў, што гэта будзе сапраўдная трыбуна для выказвання, і нароўні з іншымі грамадзянамі, у тым ліку спадаром Лукашэнкам, меў права выступіць перад дэлегатамі, распавесці ім, што адбываецца, тады, лічу, трэба б было туды ісці. Але пакуль дэлегатаў збіраюць, не паказваючы ніякага парадку дня.

Таму са свайго боку тыдзень таму даслаў спадару Галоўчанку тры прапановы наконт таго, як зрабіць гэты сход рэальна народным. Бо пакуль ён народны толькі ў тым сэнсе, што сродкі на яго выдаткуюць з народнай кішэні. Тры простыя прапановы:

• увесці ў аргкамітэт прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў і грамадскіх арганізацыяў;

• сфармаваць парадак дня сходу праз усеагульнае адкрытае інтэрнэт-галасаванне;

• дадаць варыянт высоўвання дэлегатаў ад грамадзянаў.

Тры простыя прапановы. Калі іх прымуць, я гатовы ўзяць удзел, выступіць з трыбуны, як і іншыя грамадзяне, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, каб сказаць пра тое, як бачым Беларусь і яе будучыню. Калі гэтага не адбудзецца, гэта проста паказуха, удзел у якой нічога не дае.

Што тычыцца Юрыя Васкрасенскага, то мы ўжо зразумелі, што з пункту погляду Лукашэнкі некуды патрапіць можна толькі праз СІЗА КДБ, і «круглы стол» – там. Іншых варыянтаў верыфікацыі надзейнасці ў гэтай улады няма.

Мы мусім казаць пра свабоду палітвязняў. Калі Васкрасенскі здолее дамовіцца на гэтым сходзе, будзе добра. Але я яму не веру. Лічу, што такім чынам ён змагаецца толькі за сваю будучыню, каб не сесці ў турму. Аднак рэальных рычагоў уплыву ў яго няма. Нагадаю, што Юрый ужо месяцы два рыхтуе спісы, але ніхто больш не выходзіць і нават не пераведзены пад хатні арышт. Таму мяркую, што ёсць іншыя месцы, дзе можна казаць пра амністыю і, уласна кажучы, раблю гэта праз нашых міжнародных партнёраў і наўпрост там, дзе гэта магчыма.

Што прынцыпова змянілася 9 жніўня? Гэтага ніяк не хоча зразумець Лукашэнка і не ўсведамляе Васкрасенскі. Людзей больш нельга трымаць за ідыётаў. Ніяк. Яны пагрузіліся ў палітыку і цяпер спрабуюць разбірацца.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.