Сябры Сойму БНФ Натальлі Ільініч прысудзілі штраф за сьнежаньскі “Марш Мудрасьці”
Дададзена 13.01.2021 11:37:24 | 295 праглядаў Як паведаміла сябра Сойму Партыі БНФ Натальля Ільініч, 12 студзеня суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў ёй адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе штрафу ў 30 базавых адзінак (870 рублёў) за ўдзел у “Маршы Мудрасьці”. Акцыя адбылася 14 сьнежня ў Менску.
Прысуд па адміністрацыйнай справе па артыкуле 23.34 КаАП “Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў” вынесла суддзя Ачалава А.В. “Сведкам па справе быў ужо не Іваноў Іван Іванавіч, а Шымановіч Андрэй Віктаравіч, але і гэта прозвішча, як высьветлілася, было несапраўднае” – адзначае Натальля Ільініч. Яе мабільны тэлефон міліцыя забрала сабе ў заклад да сплаты прысуджанага актывістцы штрафу.
Паводле агучанага ў судзе пратакола, Натальля Ільініч “публично выражала свой протест по факту проведения честных выборов, передвигалась по пл. Независимости с группой граждан и выкрикивала провокационные лозунги”.
Нагадаем, што 14 сьнежня мінулага году ў Менску людзі сталага веку сабраліся каля Чырвонага касьцёла на свой адзінаццаты марш пратэсту супраць гвалту і беззаконьня. Праспэкт быў перакрыты, таму ўдзельнікі пачалі ладзіць акцыю на плошчы, вадзілі карагод вакол ялінкі і гукалі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!» Плошчу атачылі жоўтыя аўтобусы і мікрааўтобусы з сілавікамі, карагод разагналі, удзельнікаў акцыі пратэсту затрымалі і забралі ў аўтобусы. Міліцыя ў той дзень затрымала каля 100 ўдзельнікаў акцыі.
|